• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як арыентавацца ў бяздонным моры відэапрадукцыі? Беларусы вынайшлі адмысловы інструмент

    Стваральнікі  New­stik  лічаць, што іх інструмент найперш будзе карысным для медыяў, незалежных журналістаў і блогераў. Што такое New­stik і як ім карыстацца? БАЖ пагаварыў з аўтарам праекта Кірылам Смяглікавым.

    інструмент Newstic для аналіза відэакантэнту

    Гэты матэрыял зроблены пры вашай падтрымцы. Падтрымаць БАЖ

    «Толькі ў беларускім сегменце TikTok штодзень з’яўляецца 5 тысяч відэа»

    — Як ўзнікла ідэя стварэння такога праекта?

    — Гэта адбылося падчас хакатона, у якім удзельнічалі многія беларускія медыі. Займаючыся маркетынгам у Tik­Tok, я не знайшоў інструмента, з дапамогай якога можна было б прабегчыся па загалоўкам пад відэа і вырашыць: глядзець ці не глядзець яго.

    Праблема ў тым, што фізічна немагчыма прагледзець усе відэа ў Tik­Tok: у Беларусі сацсетка мае 5,5 мільёна карыстальнікаў, у дзень з’яўляецца 5 тысяч відэа.

    Для вырашэння гэтай праблемы і ўзнікла ідэя зрабіць платформу, якая б за вас праглядала кароткія відэа ў Tik­Tok ды reels і давала кароткую выжымку прагледжаных відэа. Так узнік праект newstik.io. 

    — То-бок, ваш сайт праглядвае многа-многа відэа і па кожным выдае кароткае рэзюмэ. Адпаведна, медыйшчыкі могуць аператыўна ацаніць, ці варта працаваць з тым ці іншым відэа далей. Правільна я разумею?

    — Так. Я сам 10 гадоў адпрацаваў на «Белсаце»: быў і журналістам, і вёў навіны, і рабіў уласныя праекты – многае паспрабаваў, не раз здаралася праглядаць гэтыя ленты і працаваць з імі. Таму цудоўна разумею патрэбы медыйшчыкаў.

    Платформа New­stik аўтаматычна праглядае Tik­Tok: мы больш нічога не падгружаем, яна працуе ў анлайн-рэжыме. Па сутнасці, платформа выглядае як інфармацыйная лента, якая нагадвае ленту Reuters.

    Праект працуе ўжо трэці месяц на поўную моц. Але, канешне, распрацоўка ў нас заняла паўгода: мы пратэствавалі мноства штучных інтэлектаў.

    — Мы — гэта хто?

    — Наша каманда — гэта я і вельмі дасведчаны праграміст з адной з самых буйных аўтсорсавых кампаній з беларускімі каранямі.

    — Платформа выкарыстоўвае толькі рускую мову?

    — У нас няма ніякіх абмежаванняў па мовах. Хутчэй праблема ў тым, што ўвесь беларускі Tik­Tok амаль цалкам рускамоўны.

    Яшчэ нядаўна існавала праблема, што штучны інтэлект не вельмі добра разумее беларускую мову. Цяпер яна вырашылася: апошнія тры-чатыры месяцы той жа Chat­G­PT навучыўся размаўляць і па-беларуску, і па-ўкраінску. Існуючыя мадэлі штучнага інтэлекту сталі больш моцнымі і разумнымі. 

    «Мы хочам абысці алгарытмы TikTok»

    Што яшчэ карыстальнік можа чакаць ад вашай платформы?

    —  Я адзначыў бы яшчэ адну адметнасць. Мы не толькі збіраем усе ролікі ў каталог і апісваем іх, мы яшчэ ствараем і свой штучны інтэлект, які падбірае патэнцыйна цікавыя сюжэты. То-бок, шукаем унікальную эксклюзіўную гісторыю, на якую ніхто не звярнуў увагу.

    Гэта вельмі важны момант, бо часам відэа, якое нясе важную інфармацыйную нагоду ці тэму, проста губляецца ў моры відэапрадукцыі.

    інструмент Newstic для аналіза відэакантэнту

    То-бок, яны не набіраюць тысячы праглядаў, але пры гэтым яны падымаюць важную сацыяльную тэму.

    Напрыклад, «Еўрарадыё» падчас тэставання нашай платформы адшукала ролік мясцовага блогера, які знайшоў у Беларусі грузавік з фільма «Тэрмінатар‑2». Навіна цікавая сама па сабе, але ролік набраў вельмі мала праглядаў. Мы падказалі нашым калегам, што пра гэта варта распавесці.

    Чаму так здараецца? Алгарытмы Tik­Tok працуюць так, што спачатку сацсетка паказвае загружаны ролік першым 100 людзям, якія жывуць вакол вас. Калі відэа прыцягвае чыюсьці ўвагу, то яно трапляе ў рэкамендацыі наступнай тысячы чалавек.

    І тут пачынаюцца праблемы: калі ролік з першых секундаў не прыцягвае ўвагу аўдыторыі, то людзі прапускаюць яго. А ўнутраны, ціктокаўскі, рэйтынг роліка паніжаецца, адпаведна, больш нікому не паказваецца і не набірае прагляды. Часам здараецца, што з‑за такога парадку забіваецца важная тэма. Мы хочам абысці алгарытм Tik­Tok і самастойна вырашыць: трэба нам гэты ролік ці не. Вось пра гэта наш праект. 

    — Усе гэтыя магчымасці будуць даступныя карыстальніку вашай платформы бясплатна?

    — Сёння наш праект бясплатны для медыяў у тэставым рэжыме, але пакуль паглядзець відэа вы не можаце. Пасля мы плануем увесці некалькі тарыфных планаў. Танны варыянт будзе каштаваць каля 60 еўра і дасць карыстальніку досыць магчымасцяў. Больш моцны і дакладны функцыянал дасяжны па падпісцы ў фармаце PRO, роўнай  299 еўра на месяц.

    Такую падпіску ў нас ужо купілі. Але для тых медыяў, для каго гэтая сума падаецца празмернай, мы плануем увесці больш танны варыянт. Гэтая версія будзе не такая класная, але таксама дасць многа магчымасцяў.

    — Вы шмат гаварылі пра Tik­Tok. Вашая платформа будзе працаваць толькі з гэтай сацсеткай?

    — Мы не абмяжоўваемся толькі Tik­Tok. Да слова, зусім хутка мы падключым Insta­gram. Мы можам нават аналізаваць кружочкі ў Telegram.

    Унутраны камбайн, які апрацоўвае відэа, настолькі ўдалы, што цяпер плаформы не маюць значэння. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці