Калі за вамі «прыйшлі»: базавая інструкцыя для журналіста ў Беларусі
Напярэдадні чарговай «электаральнай кампаніі» ў Беларусі журналіст, які ўжо праходзіў праз ператрус, дзеліцца з калегамі сваім досведам. А таксама нагадвае пра базавыя правілы бяспекі пры затрыманні ці «візіце» да вас сілавікоў.
Незадоўга да выбараў 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў арганізоўвала ў Мінску трэнінг, які ў будучыні, сярод іншага, дазволіў мне правесці ад 7 да 15 гадоў майго жыцця на волі. Імпрэза была прысвечана тэме бяспекі журналістаў падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў, якія для прадстаўнікоў медыя ў Беларусі, па сумнай традыцыі, суправаджаюцца рэпрэсіямі.
Сёння я хачу падзякаваць БАЖ за той трэнінг: калі аднойчы ў кватэру да мяне пастукалі, я ўжо разумеў, якую лінію паводзінаў выбіраць і да чаго варта быць гатовым. Гэтыя простыя і базавыя парады — каб лягчэй было іх аднавіць у памяці ў стрэсавых сітуацыях. Яны могуць быць карыснымі тым калегам, якія насуперак рэпрэсіям па тых ці іншых абставінах яшчэ застаюцца ў Беларусі.
1. Не спрабуйце гуляць са спецслужбамі
Нават самаму вопытнаму, таленавітаму і мудраму журналісту наўрад ці ўдасца «перагуляць» ці «загаварыць» прафесійнага супрацоўніка спецслужбаў, нават калі ў моманце здаецца, што гэта атрымліваецца. Мы, калегі, усё ж вучыліся даследаваць людзей, а не маральна і фізічна знішчаць іх.
Досвед супрацоўнікаў спецслужбаў іншы. Іх мэты — іншыя. Вы наўрад ці будзеце ведаць, які рэальны аб’ём інфармацыі на вас можа мець гэты «спецыяліст» і якая ў яго задача.
Удзельнічаць у гульнях, якія па змоўчанні будуць прайграныя, не варта: рамантызацыя барацьбы са спецслужбамі — гэта для кіно, у рэальным жыцці няўдача ў такіх гульнях можа абярнуцца праблемай для вас, вашых кантактаў ці для рэдакцыі.
Таму калі перад вамі ёсць магчымасць пазбегнуць узаемадзеяння з прадстаўнікамі спецслужбаў, найлепшы варыянт — скарыстацца такой магчымасцю. А што рабіць, калі такой магчымасці няма? Тут спынімся крыху падрабязней.
У Беларусі захоўваецца практыка «профіляў» сілавых органаў: напрыклад, ГУБАЗіК бярэ сілаю, а КДБ — ціскам. Адсюль і простая рэкамендацыя: калі такая магчымасць ёсць і вас не катуюць фізічна, старайцеся быць менш гаманкімі з сілавікамі падчас затрымання, допыту і іншых працэсуальных дзеянняў. Магчыма, «спецыялісты» будуць старацца ўсімі метадамі вывесці патрэбнага ім чалавека на размову, ужываючы ціск, псіхалагічныя прыёмы і эмацыйныя «арэлі» — важна не паддавацца гэтаму.
Памятайце, што тактычна і стратэгічна кантраляваць кожнае слова ў сітуацыі стрэсу — складана, асабліва калі гэты стрэс працяглы. Калі ўжо кантакту з сілавікамі пазбегнуць не ўдалося, а вас спрабуюць узяць не сілаю, а ціскам, у такой сітуацыі захоўваць нешматслоўнасць — не самае дрэннае рашэнне.
Гэта тычыцца і тых сітуацый, калі лёс затрыманага журналіста знаходзіцца ў стане нявызначанасці — напрыклад, калі журналіст змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ці ў следчы ізалятар, гэта значыць, калі па крымінальнай справе яшчэ няма рашэння суда. У Беларусі (як і ў многіх іншых краінах з аўтарытарным рэжымам пры ўладзе) існуе практыка «падсадных» у камерах — спецыяльных людзей, якія па заданні «гастралююць» па месцах утрымання затрыманых з мэтай атрымання ад некаторых з іх патрэбнай следчаму інфармацыі. Маецца і даволі шырокая практыка праслухоўкі камер. Таму кантралюйце, што і каму вы кажаце. Гэта важна.
2. Глядзіце, што вы падпісваеце
На жаль, у цяперашніх беларускіх рэаліях выкананне працэсуальных дзеянняў мае паніжаны ўплыў на лёс чалавека, калі ўлады ўзяліся асудзіць яго за журналісцкую дзейнасць. Але гэты ўплыў усё яшчэ не выключаны і, больш за тое, можа мець істотнае значэнне пры пераглядзе некаторых рашэнняў у будучыні.
Заўсёды варта ведаць ваш статус па справе і папярэдне разабрацца ў правах сведкі, падазраванага і абвінавачванага. Важна разумець, што вам інкрымінуюць і пад чым вы падпісваецеся — нават ва ўмовах сілавога самавольства разуменне гэтага ў вашых інтарэсах. Вы павінны разумець, што сілавікі могуць спецыяльна правакаваць вас на тое, каб вы падпісвалі дакументы без чытання: напрыклад, размаўляць паміж сабой у той час, калі вы чытаеце дакументы, альбо адцягваць вашую ўвагу.
Не варта паддавацца гэтаму: уважліва і скрупулёзна чытайце ўсе дакументы, а калі трэба — перачытвайце. Лепш страціць некалькі дадатковых хвілін падчас азнаямлення з дакументамі, чым некалькі гадоў, адмовіўшыся іх вывучыць.
Асобная парада: нумараваць старонкі, перакрэсліваць пустыя графы, упісваць уласнаручныя заўвагі, калі ў вас ёсць сумневы ў некаторых фармулёўках (нават калі вам кажуць, што «гэта нязначная дробязь і яна не паўплывае на што-небудзь»). Гэта не панацэя, але звужае акно магчымасцей для следчага ў фальсіфікацыі доказаў па справе.
3. Захоўвайце арыгіналы ўсіх дакументаў
Быў сведкам сітуацый, калі разумныя людзі пры падачы дакументаў, напрыклад, на міжнародную абарону за мяжой… прыкладалі да хадайніцтва арыгіналы дакументаў, назаўсёды развітваючыся з імі.
Магчыма, у момант здаецца, што такія пратаколы сапраўды больш не спатрэбяцца, але жыццё — не статычнае, і сітуацыя з цягам часу можа мяняцца, як і неабходнасць мець некаторыя паперы.
Дакументы, якія датычацца вашых крымінальных або адміністрацыйных спраў, звязаных з пераследам за прафесійную дзейнасць, варта захоўваць. Магчыма, наступіць той час, калі яны вам зноў спатрэбяцца — прынамсі для перагляду незаконных рашэнняў ці іншых юрыдычных працэдур.
4. Затрыманне пасля ператрусу дома — магчымасць узяць з сабой рэчы
Калі да вас прыйшлі з ператрусам, у ходзе якога ў вас узнікла абгрунтаванае падазрэнне аб наступным затрыманні, неабходна зрабіць некалькі важных крокаў для забеспячэння мінімальнага ўзроўню камфорту ва ўмовах ізаляцыі: пастарайцеся надзець на сябе максімальна магчымую колькасць цёплага адзення, а таксама не саромейцеся надзець дзве пары шкарпэтак і дадатковую ніжнюю бялізну. Абутак выбірайце зручны і без шнуркоў.
Пры сабе лепш мець лекі. Таксама майце на ўвазе, што калі будзе прынята рашэнне праводзіць затрыманага праз адміністрацыйныя справы (ІЧУ і ЦІП), то магчымасці атрымання перадач у вас не будзе, а «перазакрываць» там могуць месяцамі. Маюцца складанасці з перадачамі і ў следчых ізалятарах.
Тыя, хто прайшлі праз затрыманне, ведаюць і такое правіла: у будзёнай мітусні не варта адцягваць паход да стаматолага.
5. Інфармацыйная бяспека — прыярытэт
Інфармацыйная бяспека і бяспека прылад — асобная тэма, з якой лепш азнаёміцца загадзя. Па гэтай тэме падзялюся толькі невялікімі фрагментамі, якія сустракаюцца ў гайдах радзей, чым варта было б.
Не забывайце, што ў сучасных гаджэтах існуе функцыя сінхранізацыі даных з воблачным сховішчам. І калі вы выдалілі даныя на смартфоне, нават калі разам з гэтым прыбралі «сляды» файлаў, не забывайце пра тое, што нейкі час яны яшчэ могуць захоўвацца ў воблаку.
На жаль, я ведаю чалавека, для якога забытае воблачнае сховішча стала прычынай крымінальнай справы па артыкуле за так званае перакрыццё дарог, па якім судзяць многіх, хто выходзіў на вуліцы Беларусі ў 2020 годзе і меў здымкі з пратэстаў на сваім тэлефоне.
Напэўна, у 2025 годзе ўжо састарэлымі будуць парады пра тое, што варта мець двухфактарную аўтэнтыфікацыю — гэта базавы ўзровень для забеспячэння бяспекі вашай тэхнікі, калі вы працуеце ў краіне з аўтарытарным рэжымам. Перыядычна чысціце вашы прылады і акаўнты.
Калі вас «узялі» па крымінальнай справе, то майце на ўвазе, што сілавікі напэўна будуць працаваць менавіта з кэшаванымі дадзенымі вашай прылады, не падключаючы інтэрнэт — каб засцерагчы сябе ад выдалення паведамленняў суразмоўцам, які знаходзіцца на волі, а таксама ад розных праграм, якія маюць сцэнарыі на выпадак няштатных сітуацый з прыладай.
Тэма інфармацыйнай бяспекі вельмі шырокая, таму раю пачытаць пра яе больш падрабязна ў профільных артыкулах.
6. Вывучыце на памяць нумары тэлефонаў
Запамінайце нумары тэлефонаў сваіх блізкіх і адваката, калі ў вас заключана з ім дамова. Сілавікі прыходзяць без папярэджання, і ў цяперашніх рэаліях у Беларусі паведаміць блізкім не заўсёды ўдаецца адразу.
Калі разглядаць кантэкст адміністрацыйных спраў, то існуюць прамежкі падчас знаходжання чалавека, напрыклад, у ІЧУ: калі ў вашай камеры ёсць непалітычныя затрыманыя альбо калі вы перасячэцеся з такімі людзьмі перад судом, можна дамовіцца пра тое, каб пасля вызвалення яны патэлефанавалі вашым блізкім. Зрабіць гэта яны змогуць толькі тады, калі вы паведаміце нумар тэлефона.
У адной з камер, дзе свой адміністрацыйны тэрмін давялося адбываць і мне, быў палітычны, які не ведаў на памяць кантакты блізкіх. Пра тое, што ён быў затрыманы, яго родзічы даведаліся толькі калі яго выпусцілі.
7. Памочнік у каардынацыі эвакуацыі
Паклапаціцеся пра прысутнасць у вашым жыцці чалавека, які ў выпадку неабходнасці дапаможа вам у каардынацыі эвакуацыі.
У сітуацыі рызыкі, асабліва для журналістаў у Беларусі, якія апынуліся пад ціскам, вельмі важна мець план дзеянняў на выпадак экстранай сітуацыі. Цэнтральны элемент гэтага плана — наяўнасць даверанай асобы, здольнай аператыўна каардынаваць вашы дзеянні.
Уявіце сітуацыю: вы трапілі пад пераслед, разумееце, што «рыюць» на вас па-сур’ёзнаму. Але на нейкім этапе з’яўляецца магчымасць — вас адпускаюць пад абавязацельства з’яўляцца па позве альбо вызваляюць па іншых падставах. У гэты момант перад вамі стаіць няпросты выбар: застацца і падвергнуцца рызыцы доўгатэрміновага зняволення ці ж неадкладна пакінуць краіну. У такой сітуацыі час на своечасовае прыняцце рашэння і наяўнасць загадзя падрыхтаванага плана, а галоўнае — чалавека, гатовага дзейнічаць па ім, становяцца вырашальнымі.
Ідэальным варыянтам будзе наяўнасць даверанай асобы за мяжой. Гэты чалавек павінен быць гатовы ўзяць на сябе каардынацыю вашай эвакуацыі. Яму неабходна загадзя перадаць усю важную інфармацыю: скан вашага пашпарта, кантакты вашых блізкіх і іншае.
У камплекце перададзенай інфармацыі варта адзначыць і кантакты службы эвакуацыі BySol, калі вы журналіст з Беларусі.
Пры папярэднім планаванні варыянтаў развіцця падзей мае сэнс па змоўчанні прымаць сітуацыю, у якой у «акно магчымасцяў» вы трапляеце без тэхнікі. Таму тэлефоны або нікі, праз якія вы зможаце звязацца з вашай даверанай асобай з «чыстай» прылады праз бяспечныя мэсанджары, вам таксама варта запомніць.
8. Калі вам удалося выйсці: не бойцеся і не саромейцеся прасіць дапамогу
Калі вам пашчасціла выйсці, калі вам удалося выкарыстаць «акно магчымасцяў» або ваша пераследаванне спынена, а вы самі — знаходзіцеся ў бяспецы, звяртайцеся па псіхалагічную дапамогу, нават калі вам здаецца, што ўсё добра.
Псіхолаг лепш вызначыць ваш стан.
9. Адэкватна і своечасова ацэньвайце рызыкі
Задавайце сабе пытанне: ці не пара паклапаціцца пра бяспеку?
Па стане на 22 студзеня 2025 года за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 42 супрацоўнікі медыяў. Некаторыя з іх у зняволенні ўжо некалькі гадоў. Перакананы, што даражэй за чалавечае жыццё нічога няма, а таму, каб не марнаваць гэтае жыццё дарма, лепш загадзя ацаніць рызыкі і своечасова прымаць рашэнні ў выпадку пагрозы бяспецы. Не забывайце задаваць сабе істотныя пытанні своечасова — гэта важна.
Сам я зрабіў гэта занадта позна. Але радуюся, што ў тым ліку дзякуючы БАЖ, мне ўдалося пазбегнуць рэальнага тэрміну за маю журналісцкую актыўнасць.
Ёсць верагоднасць, што той трэнінг некалькі гадоў таму паспрыяў, каб колькасць палітвязняў-журналістаў у Беларусі сёння была хаця б на аднаго чалавека менш.
Аднак лёс кожнага чалавека — у яго ўласных руках. Не забывайцеся пра гэта і беражыце сябе.