Ці можна пераехаць з Польшчы, калі скончыўся беларускі пашпарт? Тлумачаць юрысты
Ці можна пераехаць у іншую краіну, калі беларускі пашпарт скончыўся, а на руках – польскі падарожны дакумент? А калі маеш дадатковую абарону ці статус уцекача, выдадзеныя Польшчай? «Белсат» папрасіў растлумачыць юрыстку ініцыятывы «Партызанка» і адваката Алеся Міхалевіча.

Людзі ідуць па цэнтры Варшавы, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Пераезд без пашпарта: агульныя правілы
Беларусы з падарожным дакументам і дазволам на жыхарства, выдадзенымі адной краінай Еўразвязу, могуць пераехаць і легалізоўвацца ў іншай краіне Еўразвязу, нават калі беларускі пашпарт ужо скончыўся, аднак важна ўлічваць шмат розных нюансаў, кажа юрыстка «Партызанкі» (Partyzanka3), якая пажадала застацца ананімнай з меркаванняў бяспекі.
Калі пераезд плануецца ў краіну па-за Еўразвязам, трэба вывучаць мясцовыя нормы і законы.
Пераязджаючы ў межах Еўразвязу, варта памятаць пра тое, каб паспець падацца на дазвол на жыхарства ў новай краіне ў перыяд легальнага знаходжання ў ёй – гэта 90 дзён на працягу паўгода.
«Напрыклад, вы стала жывяце ў Польшчы і маеце польскія дакументы – дазвол на жыхарства і падарожны дакумент. 1 студзеня вы выязджаеце ў іншую краіну ў адпачынак на месяц, а потым, скажам, у траўні – чэрвені вырашаеце пераехаць жыць, напрыклад, у Нямеччыну. Вам трэба памятаць, што, каб не стаць нелегалам, у вас засталося ўжо не 90 дзён, а 60, бо 30 вы ўжо патрацілі на адпачынак», – тлумачыць юрыстка «Партызанкі».
У гэты перыяд легальнага знаходжання трэба паспець падаць дакументы на ВНЖ у новай краіне. Пакуль вы будзеце яго чакаць, вы зможаце знаходзіцца ў краіне легальна, нават калі вашыя 90 дзён ужо скончыліся, але вандраваць у іншыя краіны не атрымаецца.
Гэтае правіла дзейнічае ва ўсіх выпадках, незалежна ад таго, на якой падставе вы атрымалі дазвол на жыхарства ў Польшчы – па працы, навучанні, міжнароднай абароне і т.п. Аднак падставы трэба ўлічваць, бо яны могуць ці ўскладніць, ці аблегчыць вашую легалізацыю ў іншай краіне.
Калі ў вас польскі працоўны ВНЖ
Калі ў вас працоўны ВНЖ Польшчы, і вы пераязджаеце ў іншую краіну, трэба разумець, што Польшча, хутчэй за ўсё, такі дазвол на жыхарства анулюе. Працоўны ВНЖ Польшча выдае тады, калі ў чалавека ёсць дазвол на працу і кантракт з працадаўцам. Калі чалавек перастае працаваць у Польшчы, ён страчвае падставу для дазволу на жыхарства, і дакумент анулюецца.
Тое самае адбываецца ў выпадку, калі чалавек вучыцца ў Польшчы і мае ВНЖ, выдадзены на навучанне.
Калі Польшча анулюе ВНЖ, адначасова будзе страчаная падстава для атрымання падарожнага дакументу, без якога, у выпадку адсутнасці дзейнага беларускага пашпарту, вы ўвогуле не зможаце выязджаць у іншую краіну – не дарма ён «падарожны дакумент».
Пры пераездзе без дзейснага беларускага пашпарту трэба высветліць, ці выдае і на якіх падставах вашая новая краіна падарожны дакумент, раіць юрыстка:
«Літва выдае пашпарт замежніка. Нямеччына таксама. А некаторыя краіны не выдаюць ці выдаюць толькі са статусам ПМЖ, картай рэзідэнта ЕЗ ці з міжнароднай абаронай, як гэта было некалі і ў Польшчы. У такім выпадку, калі ў вас няма МА, да моманту атрымання ПМЖ у новай краіне, важна захоўваць свой польскі ВНЖ».
Найпрасцей захаваць польскі дазвол на жыхарства, калі ёсць міжнародная абарона – тады можна проста мяняць картку пасля яе сканчэння і ўсё.
Таксама ВНЖ захоўваецца, калі вы атрымалі яго па працэдуры ўз’яднання сям’і. У такім выпадку вы можаце не жыць у Польшчы, але ваш дазвол на жыхарства будзе сапраўдным, пакуль такім застаецца шлюб з чалавекам, які мае польскія дакументы – дазвол на жыхарства ці грамадзянства.
Магчыма пазбегнуць анулявання ВНЖ таксама ў некаторых выпадках, калі вы – індывідуальны прадпрымальнік ці вучыцеся ў Польшчы, пражываючы пастаянна ў іншай краіне. Але гэта складана, і такіх сітуацыяў адзінкі, кажа экспертка.
«Захаваць звычайны працоўны ВНЖ у выпадку пераезду не атрымаецца. Таму важна мець адказ на пытанне, ці паспееце вы легалізавацца ў новай краіне да сканчэння дзейсных дакументаў – ВНЖ і падарожнага дакументу, і ці зможаце вы ісці далей – падавацца на ПМЖ і грамадзянства», – яшчэ раз папярэджвае юрыстка.
Некаторыя краіны, калі чалавек мае намер прыехаць з нейкай доўгатэрміновай мэтай, як навучанне ці праца, выдаюць візы ўнутры Польшчы. Гэта магчыма ў выпадку Нямеччыны, напрыклад. Чалавек пры афармленні дакументаў мусіць звярнуцца ў нямецкае консульства і атрымаць гадавую візу, якая дазволіць доўгатэрмінова знаходзіцца на тэрыторыі Нямеччыны. Але ў кожнай краіны свае правілы. Літва, напрыклад, выдае літоўскія візы ўнутры краіны. У Польшчы ўнутры краіны атрымаць польскую візу нельга.
Куда белорусу нужна виза, если он путешествует с польским проездным документом иностранца
Калі ў вас міжнародная абарона, выдадзеная Польшчай
Міжнародная абарона выдаецца бестэрмінова. Дазвол на жыхарства, выдадзены на падставе гэтага статусу, не прывязвае да працы і працадаўцы. Таму вы цалкам можаце выехаць у іншую краіну і паспрабаваць там атрымаць ВНЖ – галоўнае, укласціся ў 90 дзён легальнага знаходжання.
Пасля таго, як скончыцца картка па польскім ВНЖ, будзе дастаткова прыехаць і атрымаць новую, а па ёй – падарожны дакумент. Польшча не анулюе ВНЖ па міжнароднай абароне, калі вы выедзеце жыць у іншую краіну.
Датычна падарожнага дакументу, варта памятаць, што на сённяшні дзень Польшча выдае яго толькі на год. У лепшым становішчы тыя, хто атрымліваюць статус уцекача і так званы «жэнеўскі пашпарт», бо ён выдаецца на два гады.
Міжнародная абарона, выдадзеная адной краінай, у іншую не пераносіцца. Але адначасова гэты статус не губляецца, бо ён бестэрміновы. Гэта можа быць важным у выпадку затрымання, калі Беларусь падасць вас у вышук. У ЕЗ чалавек таксама застаецца пад абаронай той краіны, якая выдала яму дакументы – ВНЖ і асабліва ПМЖ.
Міжнародная абарона – не індульгенцыя
Юрыстка «Партызанкі», аднак, заклікае не ўспрымаць міжнародную абарону, як нейкую 100% гарантыю, індульгенцыю, бо асабліва па-за межамі Еўразвязу гэты механізм можа не спрацаваць і Польшча нічога не здолее зрабіць.
«У выпадку затрымання Польшча можа накіраваць ліст аб тым, што чалавек знаходзіцца пад яе абаронай, напрыклад, ва ўмоўную Чарнагорыю, але гэта не будзе перашкодай для Чарнагорыі, каб сказаць, што яны маюць двухбаковыя адносіны з Расеяй, і таму абавязаныя перадаць чалавека ў Расею. І даказваць, і плаціць адвакату ў справе давядзецца гэтаму чалавеку асабіста, – кажа юрыстка. – Ці, напрыклад, сітуацыя з Андрэем Гнётам у Сербіі. У чым там была асноўная праблема? У тым, што паміж Сербіяй і Беларуссю былі дамоўныя адносіны, і пасля таго, як суд забараніў высылаць Гнёта, усё роўна вельмі доўга давялося лабіяваць, каб іншая краіна ўзяла за яго адказнасць. І гэта каштавала тады вельмі шмат, каб проста дамагчыся дазволу чалавеку выехаць».
Прадстаўніца «Партызанкі» прыводзіць таксама прыклад палітычнага актывіста Анатоля Котава, які сёлета знік у Турцыі, добраахвотна выехаўшы туды. Юрыстка падкрэслівае, што Польшча можа напісаць у Турцыю запыт – «у нас знік чалавек са статусам уцекача, дайце інфармацыю». Турцыя адказвае – чалавек сеў у лодку і больш не вярнуўся. І яна не абавязаная яго шукаць, нават калі ў яго абарона Польшчы. Палякі ў сваю чаргу таксама не сядуць у верталёт і не паляцяць яго ў моры шукаць.
«Некаторыя людзі думаюць, што калі яны атрымалі абарону, Польшчу будзе іх паўсюль абараняць, яны недатыкальныя і што іх ніхто нідзе не зможа затрымаць. Статус абароны азначае, што чалавек прайшоў верыфікацыю, краіна будзе запытваць дакументы па ягоным кейсе, але гэта не адмяняе таго, што па запыце Інтэрпол абавязаны затрымаць любога. Статус абароны не здымае з сілавых органаў абавязак рэагаваць. Нават Польшча ў такім выпадку абавязаная затрымаць», – кажа эксперта.
Наша суразмоўца падкрэслівае, што не дарма існуюць спісы краінаў, якія не рэкамендуецца наведваць, ці ў якіх хутчэй рэагуюць на вышук праз Інтэрпол, а таму верагоднасць затрымання вышэйшая.
«Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна, асабліва калі мы кажам пра пераезд са статусам уцекача ў нейкія іншыя краіны. Асабіста мы не раім ехаць у «небяспечныя» краіны нават калі вы атрымаеце польскі пашпарт, бо вы не перастанеце быць беларусам. У асаблівай небяспецы тут тыя, хто атрымліваў ужо новыя беларускія пашпарты і здаваў біяметрыю», – кажа юрыстка.
Падводныя камяні
Юрыстка «Партызанкі» таксама раіць сачыць за змяненнем заканадаўства. Напрыклад, раней было даволі проста пераехаць у Польшчу з літоўскім ВНЖ, уладкавацца на працу і падацца ўжо на польскі дазвол на жыхарства. Цяпер Польшча змяніла заканадаўства і гэты шлях стаў немагчымым.
«Мы часта назіраем такія сітуацыі, калі беларусы з літоўскім ВНЖ ці нават ПМЖ і статусам уцекача спрабуюць пераехаць у Польшчу. Але цяпер у такіх выпадках можна працаваць паводле літоўскага ВНЖ у Польшчы, але падацца на польскі ВНЖ паводле працы нельга. Засталіся дзве магчымасці: праз навучанне, афармленне адпаведнага ВНЖ і потым ужо – працоўнага. Але гэта – доўгі шлях. Да таго ж, Польшча змяніла і ўмовы для паступлення і ўвяла неабходнасць моўнага экзамену на ўзроўні не ніжэйшым за В2. Таксама з літоўскім ВНЖ можна падацца на польскі ВНЖ паводле ўз’яднання сям’і, калі адзін з чальцоў сям’і легалізаваны ў Польшчы», – кажа экспертка.
Улічваць трэба і тэрміны чакання, і асаблівасці падачы дакументаў на ВНЖ. У той жа Польшчы, са словаў нашай суразмоўцы, у тэорыі дазвол на жыхарства павінны даваць за 60 дзён, але на практыцы такога нідзе няма. Людзі чакаюць па 6–18 месяцаў і нават даўжэй, і гэта нідзе не прапісана. Такія нюансы трэба высвятляць у тых, хто сам праз гэта прайшоў ці працуе з легалізацыяй.
«Не варта аптымістычна разлічваць на хуткае атрыманне дакументаў у іншай краіне. Усё можа быць вельмі па-рознаму. Хтосьці кажа: пераеду ў Партугалію – там хутка выдаюць ВНЖ. Але я ведаю кейс, калі два з паловаю гады чакаюць. Практыка можа быць вельмі рознай. Трэба добра думаць, асабліва, калі ў вас вось-вось сканчваецца пашпарт. Напрыклад, тым, хто хоча пераехаць з Літвы ў Польшчу, і ў іх пашпарт хутка будзе нядзейсным, мы раім дачакацца яго сканчэння, атрымаць літоўскі пашпарт замежніка і потым пераязджаць», – зазначае юрыстка.
Паводле эксперткі, агулам можна сказаць, што пераезды ў сітуацыі, калі скончыўся нацыянальны пашпарт, складаныя. Падарожны дакумент пашпарта не замяняе, з ім нават вандраваць можа быць складана. Яшчэ больш няпроста ў выпадку польскага падарожнага дакументу, які выдаецца толькі на год, у выніку чаго трэба ўлічваць вельмі шмат нюансаў, каб не застацца без легальнага статусу і ў Польшчы, і ў краіне, у якую вы задумалі пераехаць. Таму варта добра падумаць, перш чым прыняць такое рашэнне.
Высокакваліфікаваным спецыялістам прасцей
Пра тое, што пераезд у іншую краіну магчымы і з польскім падарожным дакументам, і з «жэнеўскім» пашпартам на руках, кажа і адвакат Алесь Міхалевіч.
«Можна мець статус уцекача ці дадатковую абарону ў адной краіне і пры гэтым з дакументамі, выдадзенымі гэтай краінай, падавацца на від на жыхарства іншай краіны. Але ў практыцы гэта будзе вельмі ўскладнена, напрыклад, тым, што Польшча звычайна выдае падарожны дакумент толькі на год».
Крыху прасцей будзе тым, хто маюе «жэнеўскі пашпарт» – ён выдаецца на два гады.
Адвакат падкрэслівае, што пераезд можа быць прасцейшым, калі вы – высокакваліфікаваны спецыяліст і для вас ёсць праца ў краіне, куды вы едзеце. Напрыклад, калі вас гатовыя ўзяць на працу праз праграму «Blue Card» у Нямеччыне, тады вы можаце атрымаць там від на жыхарства паводле працы на падставе выдадзеных Польшчай дакументаў. Далей, маючы ВНЖ, вы можаце атрымаць падарожны дакумент той краіны, у якую пераехалі.
Калі вы пражывяце неабходную колькасць гадоў у краіне, у вас будзе бесперапынны від на жыхарства, вы зможаце прэтэндаваць на атрыманне грамадзянства.
«Але думаю, што ў практыцы гэта будзе зусім-зусім невялікі працэнт ад тых, хто атрымаў статус уцекача або дадатковую абарону ў Польшчы», – мяркуе Алесь Міхалевіч.
@bajmedia