• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў

    Эксперты на запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў распрацавалі кароткі спіс рэкамендацый для незалежных медыя.

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»

    • Папярэджвайце пра рызыкі.  На пачатку назавіце сябе, што вы журналіст і для якога СМІ працуеце. Калі чалавек дае каментар ці інтэрв’ю рэсурсу, прызнанаму беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем», варта загадзя паведаміць суразмоўцу пра гэты статус і патлумачыць, якія наступствы можа мець публікацыя. Вызвалены палітвязень можа не ведаць інфармацыі, звязанай з прызнаннем медыяў экстрэмісцкімі.
    • Пазбягайце ў матэрыялах згадвання інфармацыі, якая можа нашкодзіць. Калі гаворка ідзе пра падтрымку палітзняволеных, няварта выпытваць гэту інфармацыю ў былых палітвязняў і публікаваць дакладныя сумы, крыніцы або каналы дапамогі. У падобных выпадках рэкамендуем абмежавацца агульнай інфармацыяй — указаць, якія былі віды падтрымкі, на што была атрыманая дапамога.
    • Не называйце імёнаў, прозвішчаў, арганізацый, праз якія аказваецца дапамога, бо гэта можа паставіць пад пагрозу арганізацыі і людзей, у тым ліку атрымальнікаў дапамогі і іх блізкіх.
    • Паважайце просьбы палітвязняў і іх сваякоў аб непублікацыі або выдаленні пэўнай інфармацыі, якая можа ім нашкодзіць. У такіх сітуацыях ацэньвайце грамадскую значнасць атрыманай ці апублікаванай інфармацыі і магчымыя наступствы для людзей. 
    • Ананімізуйце крыніцы. Пры неабходнасці змяняйце імёны, месцы, дэталі біяграфіі. Тлумачце чытачу, што гэта зроблена дзеля бяспекі героя.
    • Стварайце бяспечную і спакойную атмасферу. Не размаўляйце «на бягу». Знайдзіце месца, дзе чалавек адчувае сябе камфортна.
    • Не цісніце. Не прымушайце чалавека гаварыць пра траўматычныя перажыванні. 
    • Пазбягайце ў публікацыі згадкі і магчымасці ідэнтыфікацыі асоб, якія застаюцца ў Беларусі і якіх публікацыя можа закрануць.
    • Не рабіце хайп. Пазбягайце спекуляцый на эмоцыях, не выкарыстоўвайце чужы боль як прыём для прыцягнення ўвагі. Публікацыя павінна служыць грамадскаму інтарэсу, а не патураць хваравітай цікаўнасці.
    • Пішыце з павагай да чалавечай годнасці. Герой публікацыі — не аб’ект спачування, а суб’ект з уласным досведам і голасам.
    • Фактчэкінг абавязковы. Асабліва калі гаворка ідзе пра сведчанні, траўматычны досвед ці абвінавачанні.
    • Удакладняйце дэталі. Калі чалавек расказвае пра гвалт ці парушэнні, публікуйце толькі тое, што ён бачыў на ўласныя вачы ці перажыў сам.
    • Выкарыстоўвайце паважлівую тэрміналогію:
    • замест «палітзэк»«палітвязень», «палітзняволены», «асуджаны па палітычных матывах». Абапірайцеся на фармулёўку праваабарончых арганізацый (напрыклад, «прызнаны праваабаронцамі палітвязнем»).
    • замест «быў арыштаваны за парушэнне парадку/за незаконныя дзеянні» (гэта фармулёўка прапаганды) — «быў затрыманы за ўдзел у мірнай акцыі/за выказванне меркавання».
    • Калі ёсць сумнеў у дакладнасці фактаў, пазначайце крыніцу фармулёўкі: «паводле праваабаронцаў», «згодна звесткам праваабарончых арганізацый», «у рашэнні суда адзначана…».
    • Не выдзяляйце чалавека праз траўму. Замест «мужчына, якога зламалі» — «мужчына, які распавёў пра досвед катаванняў».
    • Паважайце працу іншых журналістаў. Асабліва падчас здымак у публічных месцах — не перашкаджайце калегам з мікрафонамі і камерамі.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці