Як правільна карыстацца праграмамі мабільнасці? Парады журналіста
Што такое праграмы мабільнасці? Ці варта імі карыстацца? Як правільна пісаць заяўкі, каб атрымаць грант? Тарас Тарналіцкі ўпэўнены, што галоўны складнік поспеху — гэта настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты і выкананне ўсіх патрабаванняў грантадаўцаў. Асабістым досведам журналіст і кінакрытык падзяліўся з БАЖам.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста
Дзе шукаць магчымасці?
За апошнія два гады кінакрытык Тарас Тарналіцкі тройчы скарыстаўся магчымасцямі патрапіць на знакамітыя мерапрыемствы. Для гэтага ён спрабаваў розныя праграмы мабільнасці.
— Прынамсі двойчы я ўдзельнічаў у праграме мабільнасці MOST. У 2024 годзе падчас Еўрапейскага кінарынку, што праходзіў у межах Берлінале, мы праводзілі цырымонію ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Пад гэты фестываль мы бралі першы грант мабільнасці. Сёлета я скарыстаўся гэтай праграмай у другі раз: паехаў як акрэдытаваны журналіст на кінафестываль у Сан-Себасцьяне. А летась праз іншую праграму выпраўляўся на фестываль у Венецыю.
Магчымасці я шукаю на пляцоўках, якія працуюць альбо для дзеячоў культуры, або для журналістаў. Пераважна гэта сайт БАЖ, агрэгатар Sekktor і яшчэ шэраг Telegram-каналаў, якія збіраюць розныя грантавыя прапановы.
Таксама існуе праграма ArtPower Belarus, якая раней прапаноўвала беларускім культурным дзеячам трэк па мабільнасці. Сярод маіх знаёмых некалькі чалавек скарысталіся гэтай магчымасцю, але асабіста я не падаваўся.
Даведка БАЖ: у новай праграме ArtPower ужо няма асобнага трэка мабільнасці. Але творцы могуць уключаць выдаткі на мабільнасць у заяўку свайго творчага праекта.
Як правільна падаць заяўку на грант
— Усё залежыць ад таго, куды вы падаяце заяўку. Паўсюль неабходна падаваць прыкладна адно і тое ж, але ўзровень патрабаванняў розны. Бываюць вельмі забюракратызаваныя праграмы: трэба дакладна разумець, куды вы едзеце, што вы будзеце рабіць, што гэта дасць вам у плане развіцця. Ды яшчэ неабходна, каб на руках мелася запрашэнне ад арганізатараў.
У Венецыю я ездзіў па праграме, дзе трэба было падаць акрэдытацыю і дазвол рэдакцыі, на якую журналіст працуе як фрылансер ці як штатны супрацоўнік. І дадаць свой бюджэт.
Пры гэтым не запрошвалі вялікіх справаздач. Я выслаў дакументы, колькі сышло грошай на набыццё квіткоў, пражыванне, на часовыя расходы, страхоўку. Практычна ўсе гэтыя выдаткі праграма мне кампенсавала.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста
Больш скрупулёзны падыход практыкуюць Інстытут Гётэ і праграма MOST. Трэба будзе сабраць шмат дакументаў: і пра пералёт, і пра пражыванне, і пра транспарт. Дадаць справаздачу па самім фестывалі (ці той імпрэзе, куды вы едзеце). І гэта яшчэ не канец: праз паўгода давядзецца напісаць яшчэ адну справаздачу пра тое, як атрыманы досвед паспрыяў вашаму прафесійнаму росту.
Таму вашу заўку з першага разу могуць і не адобрыць. Асабіста мне той жа MOST тры разы адмаўляў — то не паспеў своечасова падаць заяўку, то недастаткова дэталёва прапісаны план, не адно, дык другое. І толькі чацвёртая спроба аказалася паспяховай.
Нагадаю, што калі вам адмаўляюць, заўсёды ёсць магчымасць удакладніць, у чым была праблема. Мне на такія запыты заўсёды адказвалі і тлумачылі. І калі я напісаў усё, што ад мяне патрабавалі, толькі тады мне ўхвалілі заяўку на фестываль у Сан-Себасцьян.
Таму раю заўсёды вельмі скрупулёзна прапісваць усё, што ад вас патрабуе праграма, — і тады будзе поспех.
Напрыклад, для паездкі ў Іспанію я падаваўся менавіта як акрэдытаваны журналіст.
То бок мне ніхто не даваў запрашэнняў, проста ў сваёй заяўцы я ўказваў, што я еду па акрэдытацыі і мне патрэбныя грошы на рэалізацыю магчымасці. Падаваць заяўку на грант трэба як мінімум за тры месяцы да падзеі. Не забывайце, што неабходна запланаваць пакупку квіткоў, арэнду жылля — на чыста тэхнічныя працэдуры патрэбен час. Але акрэдытацыя даецца значна пазней, за месяц-паўтара да падзеі.
У тым і палягае праблема, што большасць калег не разумела, як ім дзейнічаць. Я таксама меў перасцярогі, што з маёй спробы нічога не выйдзе. Але мяне акрэдытавалі, я аплаціў бягучыя расходы і атрымаў грошы на паездку.
Вельмі добра, калі вы хочаце наведаць пэўную інстытуцыю ці паўдзельнічаць у нейкай канферэнцыі. Аднак патрэбнае не толькі рэдакцыйнае заданне, але і ўсведамленне, што вы будзеце рабіць і навошта гэта вам.
Як даюць гранты?
— Мне давалі на выбар два варыянты. Спачатку аплаціць 70% расходаў, а астатнія 30% кампенсуюць пасля таго, як ты вернешся, напішаш справаздачу і прыкладзеш усе квіткі. Альбо ты сам усё аплочваеш, а пасля табе вяртаюць усю запрошаную суму.
Я звычайна абіраў опцыю атрымаць грошы адразу, таму што любая паездка — гэта дарога, дзе ўсялякае можа здарыцца. Мы ўсе ў эміграцыі, і мы не маем лішняй капейчыны. Прынамсі, у мяне існуе такая праблема. Але можна рабіць па-іншаму. Звычайна арганізатары ідуць насустрач аплікатарам.
Ці існуюць рызыкі, што грошы не вернуць?
— Са мной такога не здаралася, мне кожны раз кампенсавалі выдаткі. Толькі аднойчы, калі я ездзіў на фестываль у Венецыю, мне не даплацілі каля 30 еўра. Ці то банк забраў сабе камісійныя за перавод грошай, ці што іншае здарылася, але на такую невялікую суму можна было і заплюшчыць вочы.
Грантадаўцы і я падпісвалі пагадненне, калі б арганізатары парушылі яго, то на іх можна было б нават і ў суд падаць. У нас ёсць дамова, ёсць прапісаныя тэрміны дзеяння дамовы: парушальнік дамовы мусіць плаціць штраф.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста
З затрымкай выплат сапраўды часам сутыкаешся. У мяне была падобная сітуацыя, праўда, не з праграмай мабільнасці, а з адным з праектаў. Мы з арганізатарамі чакалі каля трох месяцаў, пакуль нам выдадуць абяцанае фінансаванне. Многія ўжо паспелі зрабіць свае праекты за ўласныя грошы, а гарантаваных грантам сум так і не пабачылі.
Аднак у выніку пытанне вырашылася пазітыўна. Са спазненнем, але свае грошы мы атрымалі.
Ці варта траціць час і сілы на праграмы мабільнасці?
— Канешне. Паездкі на фестывалі ці канферэнцыі для многіх беларусаў проста недаступныя, бо патрабуюць вялікіх выдаткаў. Рэдкі працадаўца ў экзайле гатовы выправіць вас у такую камандзіроўку. Напрыклад, мой грант у Сан-Себасцьян складаў каля 2 тысяч еўра, і гэта без уліку квіткоў на самалёт. Пералёт — асобны артыкул выдаткаў, які cукупна з асноўнай заяўкай мог сягаць да 3 тысяч еўра.
Вядома, грантавая заяўка вымагае багата высілкаў, сама па сабе працэдура складаная, многа бюракратыі. Але калі іншых магчымасцей няма, то лепш паспрабаваць узяць грант, чым сядзець на месцы. Таму я заклікаю калег падавацца на такія праграмы, бо любая паездка — гэта новыя месцы, досвед, эмоцыі, знаёмствы.
Калі паставіць перад сабой задачу і мэтанакіравана да яе ісці, выконваць усе патрабаванні, то ўсё магчыма.
