Потым можа быць позна. Як падрыхтавацца да магчымага адключэння інтэрнэту падчас «выбараў»?
Трэба ўсталяваць некалькі простых інструментаў, якія дапамогуць абыходзіць блакіроўку і заставацца на сувязі з роднымі ў крытычныя дні. І не зацягваць з падрыхтоўкай да магчымага беларускага інтэрнэт-апакаліпсісу, як гэта было падчас мінулай выбарчай кампаніі. Пра гэта распавядала Праваабарончая арганізацыя Human Constanta на сустрэчы, якая ладзілася Press Club Belarus.
Ці магчыма адключыць інтэрнэт у цэлай краіне? За прыкладам далёка хадзіць не трэба: успомніце 9–11 жніўня 2020-га ў Беларусі.
Статыстыка сведчыць, што шатдаўны распаўсюджваюцца ўсё шырэй па свеце. Іх пік прыйшоўся на 2023 год, і паляпшэння сітуацыі на гарызонце не відаць. Недэмакратычныя рэжымы адключаюць інтэрнэт падчас пратэстаў, выбараў, пераследуючы адну задачу: захаваць сваю ўладу любымі сродкамі.
Ці адключаць беларусам інтэрнэт: досвед 2020 года
У Беларусі магчыма некалькі сцэнароў, пачынаючы ад ненаўмыснага збою і заканчваючы адключэннем рубільнікам. Але магчымыя і прамежкавыя варыянты, напрыклад, адключэнне мабільнага інтэрнэту на нейкі час.
За кошт чаго ў Беларусі так лёгка адключаецца інтэрнэт? Існуюць дзве кропкі (НЦОТ і Белтэлекам), праз якія нацыянальны сегмент інтэрнэту злучаецца з глабальным сецівам. Калі вырубіць гэтыя дзве кропкі, то спажыўцы ўнутры краіны не здолеюць зайсці нават на сайт БЕЛТА: любая сувязь са знешнім светам спыняецца.
Больш за тое, менавіта на гэтых дзвюх кропках можна вельмі добра фільтраваць кантэнт. Хаця ў Беларусі цяпер, па некаторых падліках, і так налічваеца больш за 15 тысяч заблакаваных рэсурсаў, на якія без VPN немагчыма патрапіць.
Што адбылося аднойчы, можа паўтарыцца. У 2020 годзе адключэнне інтэрнэту, задуманае як кропкавае, ператварылася ў веернае. Збоі ў працы сеткі, якія назіраюцца ў Беларусі апошнімі месяцамі і тыднямі, можна лічыць падрыхтоўкай да маштабнага адключэння. Такія ж «трэніроўкі» адбываліся ў чэрвені 2020 года.
Фактычна 9–11 жніўня 2020 года ў Беларусі адбыўся шатдаўн. У гэтыя дні мабільны інтэрнэт працаваў днём, але «знікаў» па вечарах, калі людзі выходзілі на вуліцы. Беларускі рэжым адшліфаваў гэты інструмент: у той год перакрыццё доступу да сусветнай павуціны практыкаваліся ажно да новага года. Інфраструктура была адключаная на 85%, аднак пры наяўнасці інструментаў абыходу цэнзуры, можна было атрымаць доступ да асобных рэсурсаў.
Толькі аднойчы, 17 жніўня, інтэрнэт адключаўся рубільнікам хвілін на 15 цалкам.
Канешне, недэмакратычныя рэжымы зацікаўленыя блакаваць доступ да любой непажаданай інфармацыі і спыніць камунікацыю паміж грамадзянамі, але нават яны зацікаўленыя ў тым, каб працавала банкаўская ці іншая крытычная інфраструктура.
Як раней падлічылі эксперты, у 2020 годзе дзяржава згубіла каля 60–65 мільёнаў долараў праз блакіроўку інтэрнэту. У гэтую лічбу не ўвайшлі патэнцыйныя страты.
Беларускі рэжым у 2020 годзе карыстаўся паслугамі Sandvine — канадскай кампаніі-вытворцы абсталявання DPI. Яна была ўключаная ў санкцыйны спіс ЗША ў лютым 2024 года. З‑за санкцый кампанія пайшла на шэраг беспрэцэндэнтных мераў, каб у кастрычніку 2024 года выйсці з‑пад амерыканскіх санкцыяў. Прынамсі, да красавіка 2025 года яна паабяцала сысці з 54 недэмакратычных краін.
Аднак няма адкрытай інфармацыі пра тое, якія закупкі рабіў беларускі рэжым пасля 2020 года. Абсталяванне канадскай фірмы, хутчэй за ўсё, засталося ў руках рэжыма і па-ранейшаму выкарыстоўваецца. Больш за тое, Кітай, з якім Лукашэнка будуе «ўсепагоднае супрацоўніцтва», таксама мае тэхналогіі блакіроўкі інтэрнэту.
Новая тэндэнцыя, якая назіраецца цягам апошніх трох гадоў, сведчыць пра вялікія магчымасці беларускага рэжыма кіраваць сувяззю. Як прыклад, выключэнне YouTube у навагоднюю ноч – на 15, 20, 30 хвілін. Якраз падчас віншавальнага зварота Святланы Ціханоўскай.
Па вялікім рахунку, рэжым не мае складанасцяў, каб адсекчы беларускі сегмент інтэрнэту ад глабальнага або проста загадаць інтэрнэт-правайдэрам перакрыць доступ да канкрэтных сайтаў на пэўны час.
Як падрыхтавацца да адключэння інтэрнэту
Эксперт Human Constanta рэкамендуе шэсць інструментаў, якія варта ўсталяваць на свае кам’ютары ці тэлефоны. Прычым лепш усталяваць не адзін, а дзве-тры праграмы, бо алгарытмы блакіровак таксама могуць мяняцца. І лепш гэтым заняцца ўжо зараз, а не чакаць 26 студзеня — даты так званых «прэзідэнцкіх выбараў».
- Psiphon
- Lantern
- TOR
- Amnezia VPN
- VPN Generator
- Telegram — праз проксі
VPN таксама можна выключыць у любы момант. Пералічаныя сэрвісы дапамогуць беларусам якраз пры блакаванні гэтай тэхналогіі.
Аднак беларусы не прызвычаіліся рыхтавацца да горшага загадзя. Аналітыка падзей 2020 года паказвае, што нават 11 жніўня 2020 года, у разгар пратэстаў, колькасць карыстальнікаў Psiphon у Беларусі складала каля 1 мільёна 750 тысяч чалавек. Гэтая лічба супастаўляльная з колькасцю карыстальнікаў у Іране, які змагаецца з інтэрнэтам даўно і па колькасці насельніцтва далёка абганяе Беларусь.
Эксперт раіць таксама наведаць яшчэ два сэрвісы, якія могуць даць добрыя парады, як пераадолець блакіроку інтэрнэта: t.me/cyberbeaver і cyberbeaver.help.
Калі рэжым скарыстаецца рубільнікам і адрэжа беларускі інтэрнэт ад глабальнага, тады ніякага доступу ў сеціва не будзе. У такім выпадку застанецца выцягваць на свет божы дзядулевыя радыёпрыёмнікі і настройваць іх на сярэднія ці доўгія хвалі, каб пачуць, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце.
Але выступоўца мяркуе, што беларускі рэжым хутчэй пойдзе на адключэнне асобных сэрвісаў. І толькі ўладальнікі VPN змогуць атрымаць інфармацыю.