«Галоўнае — пасеяць сумневы». Як прапаганда маніпулюе людзьмі і як з гэтым змагацца
Журналістка Надзея Белахвосцік прафесійна вывучае прапаганду амаль 6 гадоў у межах праекта MediaIQ. Пра тое, якая канчатковая мэта прапагандыстаў і чаму людзі робяцца безабароннымі перад афіцыйнай агітінфармацыяй, экспертка распавяла падчас аўтарскага вэбінара «Не ўсё так адназначна». Як выявіць маніпуляцыю ў медыях з першай фразы».

Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Не ўсё так адназначна». Дзе тоіцца небяспека?
Для вэбінара Надзея Белахвосцік выбрала досыць папулярную фразу: «Не ўсё так адназначна». Чым яна адметная?
— Фраза здаецца бяскрыўднай, але з’яўляецца небяспечным інструментам прапаганды.
На маю думку, гэтая вяршыня маніпуляцыйнай канструкцыі, найбольш небяспечная. Яна падрывае давер агулам да інфармацыі. Вельмі часта ўжываецца ў складаным інфаасяроддзі, калі наўпроставая хлусня можа быць выкрытая вельмі хутка. Тады ў гульню ўступаюць адмысловыя прыёмы.
Экспертка прывяла прыклад са сваёй практыкі. Недзе за месяц да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну на адным з YouTube-каналаў адбылася гутарка прапагандыстаў Ігара Тура з Марыяй Пятрашка. Пятрашка казала: «Вайна ў нейкай ступені патрэбная, каб стабілізаваць на пэўны час у свеце сітуацыю, якая накаляецца. Гісторыя цыклічная і такія канфлікты перыядычна ўзнікаюць». На што Тур адказвае: «Якая ў вас радыкальная думка! Але ў мяне даўно ёсць іншая радыкальная думка: у свеце цыклічна адбываюцца войны, бо мы набліжаемся да народанасельніцтва (напэўна, ён хацеў сказаць пра перанаселенасць планеты). І чалавецтва, каб рэсурсы не былі абмежаваныя, калектыўны розум прыдумляе новую вайнушку, каб далей жылося неяк лепш».
— Пры ўсім цынізме гэтай размовы, яна і ёсць тое самае «не ўсё так адназначна». Было дзіўна гэта слухаць у беларускім кантэксце, бо мне здавалася, што ў Беларусі прышчэпка «абы не было вайны» вельмі моцная. А праз месяц Расія ўварвалася ва Украіну.
«Не ўсё так адназначна» працуе як стопар, які штурхае беларусаў да складаных рашэнняў. Мы не даем доказаў, а ўводзім сумненне, якое нічым не абгрунтаванае. Маўляў, ёсць больш складаная праўда, якая не ўсім даступная. І гэта прымушае чалавека сумнявацца ў сваіх высновах.
Чалавек трапляе ў эмацыйную пастку, у думках далучае сябе да нейкай элітарнай групы, якая верыць, што ўсё складана. Наступны крок — чалавек паралізаваны. Ён нічога не робіць, бо гэта можа быць памылка, таму што не ўлічылі ўсе абставіны. Менавіта гэта і ёсць мэта прапагандыстаў — калі не могуць пераканаць, яны сеюць сумневы і дабіваюцца, каб мы не прымалі канкрэтных рашэнняў, — адзначае Надзея Белахвосцік.

Прапагандыст Ігар Тур. Скрыншот відэа яго аўтарскай праграмы «Прапаганда»
Што робяць прапагандысты, сеючы сумненні? Яны змяняюць фокус:
— Ён прымушае глядзець не на факты (смерці людзей, бамбардзіроўкі), а на недаказаныя прычыны (хто каго правакаваў).
Маральная і юрыдычная ацэнка агрэсіі змяшчаецца ў сферу канспіралогіі. Агрэсар і ахвяра становяцца на дзін узровень, тым самым здымаецца адказнасць з агрэсара.
«Мы вымушаныя былі напасці», — кажуць расіяне. Гэта абсурд, але такая рыторыка працуе, і шмат людзей у гэта верыць, — падкрэслівае экспертка. — І чым далей краіна знаходзіцца ад межаў Беларусі і Расіі, тым большую папулярнасць маюць такія ідэі.
Ці яшчэ адзін прыклад, цяпер з беларускай рэчаіснасці. Журналісты правялі расследаванне і паказалі карупцыю. Нам кажуць: не ўсё так адназначна. Маўляў, мы не ведаем, хто заказаў, хто аплачваў, на якія гранты існуюць журналісты-расследавальнікі.
Ідзе атака на крыніцу, на таго, хто сабраў факты, на яго матывы, сумленнасць. Гэты прыём называецца «атручванне студні».
Наступны крок — пачынаюць даказваць, што «праўды ўвогуле не існуе», «ёсць розныя бакі, таму трэба шукаць, каму гэта выгадна, а каму — не», і ўвогуле «ўсё не так адназначна».
— Канчатковая мэта — знішчыць давер да незалежнай журналістыкі. Людзі становяцца безабароннымі перад афіцыйнай прапагандай, — кажа экспертка.
Як прапаганда маніпулюе людзьмі
Надзея Белахвосцік прывяла некалькі параўнальных цытат, з руандзійскага «Радыё тысячы ўзгоркаў» і беларускіх дзяржаўных СМІ. Паралелі сапраўды наводзяць жах — беларуская прапаганда ледзь не адзін у адзін паўтарае наратывы руандзійскай прапаганды. Параўнайце самі:
РТУ: «Займется тот день, когда не останется больше тараканов на земле Руанды. Слово тараканы будет забыто навсегда».
СБ. Беларусь сегодня: «Воспитание бандеровщиной неизбежно приводит к нацизму, особенно если бандерам еще удалось и власть захватить. Поэтому нужна денацификация, это будет долго, это будет непросто, но укронацистов нужно вывести как тараканов — раз и навсегда».
«Маніпуляцыя — гэта від прымянення ўлады, пры якім нехта ўплывае на паводзіны іншых, не раскрываючы свае сапраўдныя намеры. Гэта схаванае ўздзеянне, факт якога не павінен быць заўважаны», — прыводзіць спікерка выказванне медыякрытыка Герберт Шылер.

Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Сапраўды, маніпуляцыя — гэта заўсёды таемны ўплыў. Медыяэксперты адзначаюць 37 маркераў, паводле якіх можна вызначыць маніпуляцыю.
- «Гульня на эмоцыях»: выкарыстанне страху, гневу, абурэння, каб выключыць логіку. Варта дабіцца ўключэння любой эмоцыі — абы выключыць логіку.
- «Чорна-белае мысленне», «мы і яны»: падзел свету на дзве крайнасці.
- «Ілжывая дылема»: выбар паміж двума няслушнымі варыянтамі (напрыклад, беларускія ўлады любяць прапаноўваць выбраць, чый бок заняць: «беглых» альбо «патрыётаў»).
- «Падмена паняццяў»: калі звыклым словам надаюць новы, скажоны сэнс (наш — разведчык, у іх — шпіён).
- «Дэгуманізацыя»: абязлічванне апанентаў («укропы», «беглыя», «паразіты»).
- «Лозунгі»: расійскі «Можам паўтарыць» ці чыста беларускі «Абы не было вайны».
- «Ацэначныя выказванні»: Выдача эмоцый і меркаванняў за факты: («Як справядліва падкрэслівае прэзідэнт…», «Зрэшты, своечасовая работа ўжо выканана»).
- «Апеляцыя да аўтарытэтаў» / «Псеўдааўтарытэт»: Выкарыстанне псеўдакрыніц.
- «Выбарачнасць фактаў» / «Замоўчванне»: Утойванне нязручнай інфармацыі.
- «Падтасоўка / селекцыя»: Выбар толькі тых фактаў, якія ўпісваюцца ў зададзеную схему («Беларусь — лідар па IQ ў Еўропе»).
Государственная пропаганда: как избежать ее в Новой Беларуси
Як не паддацца на маніпуляцыю прапаганды
Надзея Белахвосцік прывяла «залатыя правілы крытычнага мыслення», якія не дазволяць прапагандзе маніпуляваць вамі.
- Спыніцеся. Падумайце і не паддавайцеся першым эмоцыям.
- Праверце крыніцы інфармацыі. Хто сказаў? Якая крыніца? Ці варта ёй давяраць?
- Шукайце альтэрнатыўныя меркаванні. Ці ёсць іншыя пункты гледжання?
- Адрознівайце факты і меркаванні. Факт можна праверыць, меркаванне — гэта заўсёды інтэрпрэтацыя.
- Давярайце, але правярайце. Здаровы скепсіс мусіць заўсёды прысутнічаць.
Як шукаць маніпуляцыю?
Заўсёды трэба разбіваць тэкст на маркеры. Факты правяраць, а хлусню прапаганды абвяргаць.
Але гэтага мала, трэба растлумачыць чытачу, які прыём прапаганда спрабавала выкарыстаць супраць яго.
Абавязкова трэба паказаць людзям, што іх не толькі спрабавалі падмануць, але і як іх спрабавалі падмануць.
