• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд

    У Расіі і Беларусі ўсё болей рэсурсаў заблакаваныя. А ў Расіі ўвогуле думаюць пра поўную забарону асноўных VPN-пратаколаў. Калі такое здарыцца і ў Беларусі, то ўсе папулярныя VPN папросту перастануць працаваць. Але ёсць рашэнні, якія могуць дапамагчы.

    Як купіць сервер?

    Пакуль карыстацца ВПНам — законна, але калі раптам ВПНы паставяць па-за законам, тады бяспечней купляць будзе з замежнай карткі ці праз крыптавалюты.

    Тут ёсць вялікі спіс такіх сэрвісаў. 

    Калі вы маеце магчымасць купіць сервер з замежнай карткі, то вам падыдзе сервіс Server­Hunter, які дазваляе абраць з дзясяткаў тысяч правайдараў. Тут вы можаце абраць усе патрэбныя параметры сервера, што вам і давядзецца зрабіць.

    Важна таксама, каб на серверы была віртуалізацыя KVM — некаторыя функцыі з іншымі тыпамі могуць не працаваць. Звярніце ўвагу і на тое, што вам патрабуецца сервер з не менш чым гігабайтам вольнай прасторы і, пажадана, гігабайтам аператыўнай памяці, а таксама з дастатковай прапускной магутнасцю. Пажадана, каб ён не меў абмежаванняў на ўваходны і выходны трафік, а таксама дастаткова магутны працэсар, каб размяркоўваць нагрузку.

    Звярніце ўвагу — на пошту, якую вы пазначылі пры рэгістрацыі (у выпадку, калі набывалі VPS-сервер), прыйдзе першапачатковы пароль з імем карыстальніка root або вам выдадуць яго ў нейкім іншым выглядзе. Ён спатрэбіцца для наладжвання сервера.

    Таксама вы можаце набыць сервер праз Google Cloud Plat­formAma­zon Web Ser­vices або Dig­i­talO­cean. Першыя два маюць таксама бясплатны пробны перыяд, за які вам не трэба плаціць за сервер, але агулам яны каштуюць даражэй, чым аналагі ад іншых платформаў на тым жа Server­hunt.

    Outline і Amnezia — у чым розніца

    Спачатку мы разглядзім гэтыя два серверы, створаных адмыслова для абыходу цэнзуры. Абодва сервісы — гэта платформы для стварэння ўласнага VPN-сервісу на базе проксі, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі маскіравання трафіку і таму заблакаваць іх цяжэй. Але ў кожнага з іх ёсць нюансы і ў выпадку блакавання доступу, як у 2020‑м, незразумела, які з іх будзе працаваць.

    Out­line створаны ў інкубатары Jig­saw. Гэты інкубатар запачаткаваны Google-ом. Адтуль ён атрымаў сваё першае фінансаванне. Сервіс працуе з адным пратаколам перадачы даных.

    Outline прайшоў шэраг аўдытаў (1,2,3), якія даказалі, што ён больш-менш бяспечна сканструяваны і пры гэтым не мае доступу да трафіку карыстальнікаў.

    Сярод мінусаў — для ягонай схемы работы сервіс запісвае IP-адрас вашага сервера і тое, колькі трафіку вы праз яго «прагналі». Гэта зроблена для таго, каб аптымізаваць працу сервераў самога Out­line.

    Але ў цэлым бяспецы Out­line можна давяраць.

    Amnezia створаны праграмістамі з Расіі. Стваральнікі сервісу фінансаваліся з НДА «Роскамсвабода» і «Цяпліцы сацыяльных тэхналогіяў», якія, здаецца, не паспелі замазацца ў скандалах.

    Увесь код Amnezia адкрыты і даступны на Github. Год таму ён прайшоў аўдыт еўрапейскай кампаніі 7ASecurity, якая цалкам базуецца ў ЕС, пры падтрымцы міжнароднага фонда Open­Tech Fund. Гэта не дазволіць стваральнікам сервісу ўставіць туды «жучкі» незаўважна для карыстальнікаў.

    Ён дэкларуе, што не збірае аніякіх вашых звестак. Таксама не вядзе логаў.

    Outline

    Вось як усталяваць Out­line.

    Калі вы ўжо набылі сервер, то зайдзіце на сайт і спампуйце Out­line Man­ag­er. Усталюйце, а пасля адкрыйце яе.

    Першае акно Out­line Man­ag­er. Абярыце тут ваш тып сервера

    У нашым выпадку мы абіралі «Set up Out­line any­where», бо набылі сервер на іншым сервісе. Пасля гэтага вам адкрыецца радок, які трэба ўставіць на сервер.

    Радок, які трэба «скарміць» вашаму серверу

    Для таго, каб падключыцца да сервера, мы раім выкарыстоўваць ваш логін ды пароль, а таксама ssh, убудаваны ў любы камандны радок на Win­dows, Lin­ux ды Mac. На Win­dows адкрыйце «Камандны радок» праз меню пуск або націсніце Win+R і ўвядзіце «cmd». На Mac зайдзіце ў меню Launch­pad ды абярыце Ter­mi­nal.

    У камандным радку ўвядзіце каманду ssh root@*адрас сервера* і націсніце Enter (так пасля ўсіх камандаў). Пасля гэтага камандны радок запытаецца, ці давяраеце вы серверу (націсніце Y і больш у вас перапытваць не будуць), а пасля — пароль ад уліковага запісу root (яго можна скапіраваць або ўвесці ўручную).

    Пачатак падлучэння да сервера на Ter­mi­nal у Mac

    Пасля таго, як вы далучыліся, увядзіце каманду sudo apt update && sudo apt update — гэта трэба, каб абнавіць праграмнае забеспячэнне сервера. Калі сервер прапануе выдзеліць свабоднае месца пад абнаўленні, націсніце Y.

    Пасля ўвода Y націсніце Enter

    Пасля абнаўлення праграмнага забеспячэння лепш перазагрузіць сервер, увёўшы каманду reboot. Перазагрузка займае дзве-тры хвіліны і пасля можна перападлучацца да яго зноўку.

    Пасля ўвядзення каманды reboot націсніце Enter

    Пасля гэтага скапіюйце ў камандны радок каманду, патрэбную для ўсталёўкі Out­line: sudo bash ‑c «$(wget ‑qO— https://raw.githubusercontent.com/Jigsaw-Code/outline-server/master/src/server_manager/install_scripts/install_server.sh)». Пасля пачнецца ўсталёўванне і калі Out­line будзе бракаваць нейкай праграмы для ўсталёўвання, давядзецца націскаць Y, каб дазволіць усталяванне.

    У нашым выпадку не хапала Dock­er і трэба было даць дазвол на ўсталёўванне праграмы

    Пасля ўсталёўвання ў камандным радку зялёным колерам будзе адзначаны той радок, які трэба скапіяваць у Out­line Man­ag­er (на нашым скрыншоце замазаны і пачынаецца з api­Url). Зрабіце гэта, а пасля ў Out­line Man­ag­er націсніце Done. Пасля гэтага адкрыецца наступнае акно.

    Акно Out­line Man­ag­er, у які ўжо дададзены сервер

    Цяпер вам трэба спампаваць кліент Out­line з афіцыйнага сайта. Ён існуе для ўсіх папулярных платформаў і нават як плагін для Google Chrome. Пасля гэтага вярніцеся ў Out­line Man­ag­er і націсніце значок «падзяліцца» (выглядае як ламаная лінія з трыма з’яднанымі між сабой кропкамі).

    Так выглядае старонка «Падзяліцца» ў Out­line Man­ag­er

    Націсніце клавішу Copy access key і дашліце яго самому сабе ці чалавеку, для якога вы наладжваеце VPN. Пасля трэба ўвайсці ў кліент (на прыкладзе Android). Спачатку адкрыйце праграму. Калі вы скапіявалі ключ загадзя, то праграма адразу ўставіць яго ў радок дадавання ключа сервера, калі не, то скапіруйце яго і ўстаўце туды.

    Усталёўваецца Out­line максімальна проста: усталёўваецца Out­line на прыладзе, капіююце ключ з інструкцыі і ўстаўляеце.

    Меню дадавання сервера ў Out­line

    Пасля гэтага з’явіцца сервер. Усё, што вам трэба зрабіць, каб ён запрацаваў — націснуць «падключыцца» (Con­nect).

    Так выглядае меню Out­line з дадазеным у яго серверам

    Пасля гэтага кружок стане зялёным, а таксама з’явіцца надпіс «падключана» (Con­nect­ed).

    Меню Out­line, калі праграма падключаная да серверу

    Калі вы не хочаце, каб пры аглядзе камп’ютара можна было адназначна сцвярджаць, што вы падключаліся да сервера, пасля наладжвання выдаліце файл known_hosts. У Win­dows ён знаходзіцца па шляху C:\Users\*імя_карыстальніка*\.ssh або ў іншай папцы — падрабязнасці ёсць тут. У Mac ён заўжды па адрасе /Users/*імя_карыстальніка*/.ssh/.

    Таксама мае сэнс выдаліць праграму Out­line Man­ag­er з вашага камп’ютара, бо яна можа даказваць, што менавіта вы адмініструеце сервер.

    Калі на тым камп’ютары, дзе наладжвалі сервер, сляды гэтага выдаліць, на іншых прыладах ім усё адно можна будзе карыстацца.

    Amnezia

    Стваральнікі паспрабавалі «пазбавіць» карыстальнікаў ад таго, каб яны самастойна заходзілі на VPN-сервер. Замест гэтага пры рэгістрацыі прапануецца ўказаць звесткі вашага сервера, а ён наладзіцца самастойна. Стваральнікі Amnezia сцвярджаюць, што праграмы нікому не перадаюць гэтыя звесткі і гэта падобна на праўду, бо іначай гэта мусіла б ускрыцца.

    Спачатку спампуйце кліент для вашай сістэмы і ўсталюйце яго. Пасля запусціце — адкрыецца акно кліента.

    Галоўнае меню праграмы Amnezia

    Націсніце «Наладзіць уласны сервіс» (Set up your own serv­er) і адкрыецца наступнае акенца.

    Наступнае меню наладжвання ўласнага серверу ў Amnezia

    Тут трэба ўвесці адрас сервера (які вы ўжо ўводзілі падчас наладжвання Out­line), імя карыстальніка root і пароль ад яго. Націсніце «Падлучыцца» (Con­nect). Калі праграма здолела падлучыцца да сервера, то адкрыецца новае акно.

    Наступнае акно ў Amnezia

    Тут вам трэба абраць «Запусціць інсталятар» (Run Set­up Wazard). Калі ўсё добра, вас прапусціць на наступнае акенца.

    Наступнае акно наладжвання Amnezia

    Пасля гэтага вам прапануюць абраць «узровень цэнзуры ў вашай краіне». Паколькі Out­line, які вы ўжо ўсталявалі, прапануе Shad­ow­socks, які заблакуюць першым ці адным з першых у выпадку сур’ёзных блакаванняў, то мы раім абіраць High cen­sor­ship lev­el.

    Яшчэ адно акно наладжвання Amnezia

    Далей вам прапануюць абраць, пад які рэсурс будзе маскавацца трафік Open­VPN over Cloak. Мы раім абраць нешта нейтральнае — rutube.ru, youtube.com, belta.by, maps.google.com або нешта такога кшталту. Націсніце «Далей» (Next) і пачнецца наладжванне сервера, якое зойме прыкладна 5—10 хвілінаў. Пасля гэтага адкрыецца новая старонка.

    Старонка Amnezia пасля стварэння сервера

    Цяпер вы можаце спакойна падключацца да яго, націскаючы на шэрую кнопку «Уключыць». Каб падзяліцца ключом для далучэння да сервера з іншымі, або падлучыцца да прылады, увайдзіце ў налады, націснуўшы кнопку ў верхнім правым куце.

    Меню наладаў Amnezia

    Націсніце «Падзяліцца падключэннем» (Share con­nec­tion).

    Меню «Падзяліцца падключэннем» кліента Amnezia

    Цяпер націсніце «Share for Amnezia». Адкрыецца яшчэ адно акно.

    Акно Share for Amnezia

    Цяпер трэба націснуць «Згенераваць канфігурацыю». Пасля нядоўгага чакання з’явіцца ключ падключэння і QR-код. Апошні можна сфатаграфаваць са смартфона, код жа — скапіраваць або захаваць у файл для перасылкі.

    Згенераваныя ключ і QR-код, у нашым выпадку — закрытыя чорнымі квадратам

    Пасля гэтага вы можаце падлучыцца да VPN, перайшоўшы ў яго са стартавага меню праграмы ў любым кліенце.

    Зноўку — стартавае меню Amnezia

    Тут можна як скапіяваць ключ, гэтак і імпартаваць. У мабільных версіях кліента ёсць таксама опцыя «Адсканаваць QR код» (Scan QR code).

    Сярод іншых магчымасцяў праграмы — у наладах вы можаце праз налады сервера дадаць іншыя пратаколы (але, здаецца, пакуль хопіць і гэтага). 

    Галоўная перасцярога, на якую варта звярнуць увагу — калі ў вас на камп’ютары будзе стаяць кліент Amnezia, з якога вы наладжвалі сервер, то гэта будзе адназначна ўказваць на тое, што вы ягоны адміністратар, а не проста карыстальнік. Магчыма, бяспечней будзе папрасіць стварыць яго сябра за мяжой або ставіць кліент на камп’ютары, да якога не дабяруцца сілавікі пры вобшуку.

    Уласны «звычайны» VPN ці больш складаны сервіс для абыходу цэнзуры

    У прынцыпе, вы можаце стварыць свой «звычайны» VPN-сервер. Вялікай перавагі, па вялікім рахунку, гэта не дае — у выпадку блакаванняў VPN, як цяпер у Расіі, гэты варыянт не будзе працаваць. Але распавесці пра яго варта.

    Існуюць некалькі асноўных пратаколаў VPN і для кожнага з іх ёсць добрыя гайды. Сярод папулярных пратаколаў ёсць некалькі, раскажам троху пра тры найбольш вядомыя.

    Першы — Open­VPN, «залаты стандарт» пратаколаў. Ён распрацоўваецца даўно і мае няшмат уразлівасцяў, падтрымліваецца ўсімі магчымымі аперацыйнымі сістэмамі і вельмі добра абаронены. Праўда, ён і адзін з самых складаных ва ўсталяванні — тут ёсць падрабязны гайд па ўсталёўванні праз скрыпт (пры выбары DNS мы раім абраць варыянт 1.1.1.1). Тут ёсць вялікі гайд па ўсталёўванні і наладах сервера Open­VPN без скрыпта — гэта больш бяспечны варыянт.

    IKEv2, пратакол, распрацаваны Microsoft і Cis­co з прыцэлам на высокую хуткасць з дастатковай бяспекай. Праблема ў тым, што кліенты для падлучэння да яго ёсць не ва ўсіх сістэмах (акрамя Win­dows). Вось гайд па ягоным наладжванні на серверы. 

    Wire­guard — самы новы, самы хуткі і параўнальна просты ў наладжванні. Але ён мае праблемы з прыватнасцю. Напрыклад, калі вы яго ўсталюеце на свой сервер, ён будзе весці там логі падключэнняў да перазагрузкі сервера (якая магчымая дэ-факта толькі ўручную). Таксама Wire­guard назначае статычныя адрасы сервера кожнаму карыстальніку, што вельмі непрактычна. То-бок, ставіць яго варта з асцярожнасцю. Вось гайд па ўсталёўцы Wire­guard на Ubun­tu.

    Акрамя іх, калі вы маеце сілы і жаданне, варта засвоіць і іншыя магчымасці. Да прыкладу, тут расказваецца, як стварыць уласны сервер v2ray для абыходу блакіровак. А ў гэтым артыкуле ёсць добрае апісанне таго, якія яшчэ сучасныя тэхналогіі існуюць і як імі скарыстацца. Ёсць яшчэ праект Gene­va, які прапануе прааналізаваць трафік у заблакаваным асяроддзі, каб прапанаваць варыянт абыходу блакаванняў па «сцэнарах» унутры праграмы.

    Можна паспрабаваць і браўзер TOR, пра які мы падрабязней пісалі ў нашым гайдзе па абыходзе цэнзуры.

    Вынік

    На жаль, на сёння існуе вельмі мала простых сервісаў па стварэнні ўласных сервісаў абыходу цэнзуры, якія патрабуюць мінімуму дзеянняў і ведаў ад карыстальніка. Нават Out­line і Amnezia патрабуюць пэўных тэхнічных ведаў, хоць з’яўляюцца дэ-факта самымі простымі.

    Але важна ведаць — сервісы абыходу блакаванняў мае сэнс вывучаць і наладжваць загадзя, бо ў момант блакавання будзе ўжо позна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці