Дзякуючы працы БАЖ Journalism Bootcamp у Празе адкрыты і для беларусаў_к (дэдлайн — 26 красавіка)
Journalism Bootcamp прапануе маладым журналістам і журналісткам прайсці навучанне ў летніку ў Чэхіі. Працоўная мова — англійская. Дзякуючы намаганням БАЖ, гэта стажыроўка стала дасяжная і для беларусаў_к.

27 сакавіка Рада Journalism Bootcamp дадала беларусаў у спіс патэнцыяльных удзельнікаў праграмы
Што здарылася?
Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў заўважылі, што існуе праграма летняй школы журналістыкі для моладзі краін Усходняга партнёрства, аднак у пераліку краін-удзельніц не было Беларусі. Калегі звярнуліся ў БАЖ з пытаннем, ці можна паспрабаваць выправіць гэтую сітуацыю.
— БАЖ лічыць сваім безумоўным прыярытэтам спрыянне калегам, таму мы ўступілі ў камунікацыю з арганізатарамі праграмы Journalism Bootcamp і падрабязна патлумачылі важнасць беларускага незалежнага медыясектара і гэтай праграмы для маладых беларускіх журналістаў і журналістак, — гаворыць намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі.
На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне Рады праграмы, якое прыняло рашэнне змяніць правілы і дазволіць падавацца на праграму і нашым суайчыннікам_цам.
Пра якую праграму ідзе размова?
Міжнародная летняя школа Journey — гэта дзесяцідзённы інтэнсіўны курс у Празе (Чэхія). Летнік прапануе ўнікальную магчымасць даведацца пра найноўшыя метады і тэндэнцыі ў медыя праз семінары, майстар-класы і практычныя заняткі.
Журналісцкую праграму выкладаюць вядучыя прафесіяналы з вядомых сусветных СМІ і агенцтваў, уключаючы CNN, The New Yorker, Bloomberg, Reuters, Associated Press і іншыя. Шэраг нашых выкладчыкаў таксама з’яўляюцца лаўрэатамі Пулітцэраўскай прэміі.

Для каго прызначана праграма?
- Студэнты факультэтаў журналістыкі і сродкаў масавай інфармацыі, якія скончылі як мінімум два семестры ўніверсітэта/каледжа і маюць зацікаўленасць у працы ў сферы журналістыкі.
- Студэнты з іншых дысцыплін, якія маюць досвед працы ў журналістыцы або дэманструюць моцную матывацыю стаць журналістамі.
- Свабоднае валоданне англійскай мовай з’яўляецца патрабаваннем праграмы.
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Падкрэслім: так як беларусаў_к толькі зараз уключылі ў праграму, то, дзякуючы намаганням БАЖ, заяўкі ад нашых суайчыннікаў_ц прымаюцца даўжэй за іншых — да 26 красавіка.
Летняя школа адбудзецца ў Празе з 3‑га па 13-га жніўня 2024 года.
