JX Fund запускае праграму трансфармацыі медыяў у выгнанні (дэдлайн – 20 ліпеня)
Пілотная праграма JX Fund і партнёраў прадугледжвае венчурную падтрымку і магчымасць пачатковага фінансавання для незалежных СМІ ў выгнанні з Беларусі, а таксама з Афганістана, Азербайджана, М’янмы, Нікарагуа, Расіі і Сірыі.
Каго шукаюць арганізатары
JX Fund сумесна з Цэнтрам устойлівых медыяў і Gazzetta запускае трансфармацыйную пілотную праграму, якая забяспечвае венчурную падтрымку і патэнцыйнае пачатковае фінансаванне для СМІ ў выгнанні і незалежных медыяарганізацый.
Арганізатары праграмы хочуць дапамагчы медыям вырвацца з замкнёнага кола беганіны за грантамі, ухілення ад цэнзуры і сачэння, барацьбы з выгараннем і залежнасці ад донараў.
Яны шукаюць сем медыяў, якія гатовы пераасэнсаваць свой падыход да ўстойлівага развіцця бізнэса і рэдакцыйнага ўплыву, адначасова захаваўшы бяспеку сваіх каманд і крыніцаў.
Праграма разлічаная на 4 месяцы і дае магчымасць вырашыць канкрэтную праблему, якая стаіць перад незалежным СМІ, ці распрацаваць і рэалізаваць прадпрымальніцкую ідэю. Пасля заканчэння праграмы яе ўдзельнікі змогуць прэзентаваць свае ідэі інвестарам.
Патрабаванні да патэнцыйных удзельнікаў
Гаворка ідзе пра медыі, якія без перапынку працуюць 12 месяцаў і маюць гадавы абарот ад 50 000 да 500 000 еўра. Яны прапануюць канкрэтнай аўдыторыі арыгінальныя рэпартажы, аналітыку і іншыя інфармацыйныя матэрыялы. Могуць сфармуляваць адну канкрэтную задачу, якую яны хочуць вырашыць падчас праграмы.
Гатовыя выдзеліць 1–2 членаў каманды для актыўнага штотыднёвага ўдзелу ў сазвонах і некалькі гадзін на тыдзень для працы над канкрэтнай задачай.
Удзельнікі мусяць паказаць сваю адкрытасць да эксперыментаў і сумесных падыходаў. Неабходна добра валодаць пісьмовай і вуснай англійскай мовай: праграма, усе матэрыялы, усе сесіі і фінальны пітч будуць праводзіцца па-англійску.
Дэдлайн: 20 ліпеня 2025 года.
Даты правядзення праграмы: верасень 2025 года — снежань 2025 года.
Месца правядзення: віртуальныя сесіі і пакрыццё ўсіх расходаў на асабістую сустрэчу ў снежні 2025 года ў Еўропе.
