Конкурс на ўдзел у праграме Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў (дэдлайн — 26 сакавіка)
Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў (УШПД) сумесна з Радай Еўропы аб’яўляе конкурс на удзел у праграме 2025 года для грамадзян Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ўзростам да 35 год.

Фота: з сайта www.schoolsofpoliticalstudies.eu
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі выбарных органаў, дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі недзяржаўнага сектара эканомікі, грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў, дзеячы навукі і адукацыі, журналісты, палітыкі, палітолагі, эканамісты, юрысты, якія маюць значныя дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Як правіла, для ўдзелу неабходна мець вышэйшую адукацыю.
Заняткі будуць праводзіцца ў выглядзе трох сесій, першую з якіх плануецца правесці з 17 па 19 красавіка ў Вільні, другую — з 29 па 31 мая альбо з 5 па 7 чэрвеня у Варшаве, трэцюю — з 12 па 13 верасня ў Вільні ці Варшаве, а апошняе мерапрыемства — з 5 па 7 лістапада 2025 года ў Страсбургу (Сусветны Форум за дэмакратыю).
Паміж сесіямі плануецца правядзенне лекцый, дыскусій, даследчых праграм і мерапрыемстваў па распаўсюджванні атрыманых ведаў. Удзел у кожнай сесіі з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў Сусветным форуме за дэмакратыю. Тыя, хто паспяхова пройдзе курс навучання, атрымаюць дыплом Рады Еўропы.
У тэматыку заняткаў уваходзяць пытанні міжнароднай бяспекі, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі і іншых краін, рэформ і трансфармацый у розных краінах, еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Удзельнікам будуць прапанаваны інтэрактыўныя метады працы, якія спрыяюць асабістаму развіццю. У якасці выкладчыкаў выступяць эксперты з Беларусі, Украіны, краін Еўрапейскага Саюза, іншых краін.
Для ўдзелу ў праграме неабходна мець магчымасць наведваць краіны Еўрапейскага Саюза (шэнгенскую візу ці дазвол на пражыванне ў адной з краін ЕС) на ўвесь перыяд навучання. Удзельнікі праграмы аплачваюць арганізацыйны ўнёсак, эквівалентны 100 Еўра, а выдаткі на транспарт, пражыванне і харчаванне аплачваюць арганізатары.
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Анкету трэба выслаць да 23:59 26 сакавіка 2025 года. Інфармацыю пра вынікі адбору ўдзельнікаў будзе выслана тым, хто падаў заяўкі, пасля 5 красавіка 2025 года.
УШПД уваходзіць у Асацыяцыю Школ палітычных даследаванняў Рады Еўропы. Дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў — Аляксандр Дабравольскі, Мэнэджар школы — Валянціна Палевікова.
УШПД працуе з 2007 года для Беларусі як частка праекта Рады Еўропы. Гэта адна з дваццаці двух Школ у сям’і Школ палітычных даследаванняў. Ідэя Школ палітычных даследаванняў — адкрыццё новых гарызонтаў і стварэнне новых магчымасцяў для маладых лідараў, садзейнічанне іх супрацоўніцтву паміж сабой, з экспертамі і калегамі з замежных Школ. УШПД спрыяе сталай камунікацыі і супрацоўніцтву сваіх 353 выпускнікоў, сярод якіх — вучоныя ў галіне грамадскіх навук, палітыкі, лідары і актывісты моладзевых і няўрадавых арганізацый, прадпрымальнікі, журналісты, супрацоўнікі дзяржаўных структур.
Звяртаем увагу на тое, што ўдзельнікі праграмы Школы могуць мець праблемы ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі структурамі Рэспублікі Беларусь. Гэта можа быць выклікана варожым стаўленнем дзяржаўных структур да Рады Еўропы ці еўрапейскіх краін. У сувязі з гэтым просім пры прыняцці рашэння пра падачу заяўкі самастойна ацаніць магчымую рызыку.
Інфармацыю для падачы заявак можна атрымаць у групе Facebook.
