Конкурс #stophateby сярод рэдакцыяў беларускіх СМІ (да 12 снежня)
Праваабарончая ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” абвяшчае прафесійны конкурс #stophateby на званне найбольш талерантнай, сацыяльна адказнай і прыязнай да ўразлівых групаў рэдакцыі 2018 года.
Запрашаем чытачоў/слухачоў/гледачоў і журналістаў вылучаць рэдакцыі беларускіх СМІ, якія запомніліся ў 2018 годзе сваёй годнай неабыякавай пазіцыяй па абароне роўнасці і правоў прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных групаў, а таксама супраць замоўчвання праблемаў і выклікаў, з якімі яны сутыкаюцца.
Намінацыйныя лісты на конкурс #stophateby маюць утрымліваць назвы і спасылкі на пэўныя матэрыялы гэтых рэдакцыяў, праграмы або рубрыкі, якія спрыялі сёлета лепшай бачнасці, а таксама барацьбе з варожасцю і дыскрымінацыяй ўразлівых сацыяльных групаў у Беларусі.
Дзеля вылучэння рэдакцыі на конкурс неабходна накіраваць ад свайго імя сціслы намінацыйны ліст з пазнакай #stophateby на адрас info@j4t.by да 12 снежня 2018 года.
