Куды можна паехаць з пашпартам замежнай асобы, выдадзеным у Літве?
Адным з распаўсюджаных і дзейсных спосабаў дадатковай легалізацыі ў Літве з’яўляецца атрыманне пашпарта замежнай асобы. Аб рызыках, якія могуць суправаджаць у далёкіх падарожжах беларусаў замежжа, распавядае юрыст Алег Мацкевіч.

Пашпарт замежнай асобы, які выдаецца ў Літве. Фота: з сайта adic.lrv.lt
У верасні 2023 года ўлады Беларусі змянілі парадак выдачы дакументаў. Пасля гэтага для многіх беларусаў у выгнанні атрыманне пашпарта замежнай асобы стала ледзь не адзінай магчымасцю працягваць заставацца мабільным і падарожнічаць па бяспечных краінах свету. Аб усіх нюансах, з якімі могуць сутыкацца ў далёкіх падарожжах беларусы, можна пачытаць таксама тут.
Апрача мабільнасці, пашпарт замежнай асобы дазваляе пацвярджаць асобу яго ўладальніка і легальны статус у краіне знаходжання — як у самой Літве, гэтак і ў краінах, на якія распаўсюджваецца дзеянне адпаведных пагадненняў, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе.
Згодна з Законам Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежных асобаў» пашпарт замежнай асобы можа быць выдадзены замежнай асобе, якая мае права на пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы на часовай або пастаяннай аснове, аднак не мае дзейснага пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы ці адпаведнага яму дарожнага дакумента, або ён страчаны ці знішчаны, і па аб’ектыўных прычынах не можа яго атрымаць з кампетэнтных устаноў дзяржавы свайго паходжання.
Важна: пашпарт замежнай асобы, выдадзены ў Літве, не змяняе грамадзянства замежнай асобы. Пашпарт замежнай асобы выдаецца на тэрмін не болей тэрміну дзеяння дазволу на часовае ці сталае пражыванне, але не менш чым на 3 месяцы і не болей чым на 5 гадоў, а ў выпадку, калі адбіткі пальцаў замежніка часова не могуць быць счытаныя, — не болей чым на 1 год.
Часцей за ўсё атрымальнікаў пашпарта замежнай асобы хвалюе пытанне ўмоў яго выкарыстання ў розных краінах свету.
На жаль, на сённяшні дзень не існуе падобных універсальных правілаў і працэдур, як, прыкладам, у дачыненні да звычайнага грамадзянскага пашпарта. Няма таксама ніякага спісу краінаў, у якім былі б дакладна і паасобна акрэсленыя ўмовы выкарыстання пашпарта замежнай асобы, выдадзенага ў Літве.

Фота: Pixabay для pexels.com
У еўрапейскіх краінах, якія аб’яднаныя дзеяннем шэрагу адмысловых нарматыўных актаў, такіх як Шэнгенскі кодэкс аб межах і Візавы кодэкс, пашпарт замежнай асобы дзейнічае ў бязвізавым рэжыме і дазваляе яго ўладальніку легальна знаходзіцца там не болей за тры месяцы цягам любога шасцімесячнага перыяду.
Як правіла, пры падарожжы ва ўсе астатнія краіны свету ў пашпарт замежнай асобы давядзецца атрымліваць візу.
Трэба быць падрыхтаваным і да таго, што некаторыя краіны могуць не прызнаваць гэты дакумент і запатрабаваць іншы дакумент, які пацвярджае вашу асобу. Атрымліваць дадатковую інфармацыю можна спрабаваць на сайтах дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржаў, або ў консульскіх установах.
