• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сярод беларусаў набірае папулярнасць расійскі мэсэнджар Мах. Што гэта такое, чым ён небяспечны і чым яго замяніць

    Мах — распрацоўка холдынгу VK, гэты мэсэнджар расійскія ўлады хочуць зрабіць нацыянальным і замяніць папулярныя Wat­sApp і Telegram. Чаму гэтым месэнджарам пачалі карыстацца беларусы і ў чым небяспека? Расказвае Радыё Свабода.

    Што за Мах і хто за ім стаіць

    Расейскі мэсэнджар Мах распрацавала дачка кампаніі VK (Вконтакте) — «Коммуникационная платформа». Канчатковы ўласьнік VK — «Газпром», а ўзначальвае кампанію VK сын першага намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Кірыенкі — Уладзімір.

    З 1 верасьня на ўсе смартфоны, якія прадаюцца ў Расеі па змоўчваньні мусіць усталёўвацца гэты мэсэнджар, які зьявіўся сёлета ў сакавіку. Для рэгістрацыі ў Мах патрэбны расейскі ці беларускі тэлефонны нумар. Расейскія ўлады хочуць інтэграваць мэсэнджар у сэрвісы дзяржаўных паслуг, а таксама ў сыстэму адукацыі: ім прапануюць карыстацца ў школьных чатах і каналах.

    Паралельна з гэтым расейскія ўлады абмежавалі званкі ў папулярных мэсэнджарах Telegram і What­sApp.

    У Беларусі гэтую расейскую распрацоўку пакуль не рэклямуюць на дзяржаўным узроўні. Аднак, паводле зьвестак сэрвіса sim­i­lar­web, гэтая аплікацыя узначальвае рэйтынг у крамах мабільных дадаткаў пад Android і IOS сярод беларусаў.

    Мах — гэта кросплятформавы мэсэнджар, які падобны адначасова да Telegram і Wat­sApp. У ім можна ствараць каналы, рабіць чаты, ствараць боты. Некаторыя папулярныя функцыі ў ім недаступныя: нельга ствараць відэа-кружкі папулярныя ў Telegram, не працуе пошук каналаў.

    Па стане на канец жніўня аўдыторыя гэтага мэсэнджара перавышае 30 мільёнаў чалавек. На афіцыйным сайце аплікацыі паведамляецца, што пакуль яна працуе ў рэжыме бэта-тэсьцінгу.

    Чым небясьпечны гэты мэсэнджар

    Новы расейскі мэсэнджар можа выкарыстоўваць дадзеныя для масавай сьлежкі, зьвяртае ўвагу экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.

    «Ёсьць доступ да галасавой камунікацыі, чатаў і файлаў. Калі беларусы па тых ці іншых прычынах прызнаныя экстрэмістамі ў Беларусі, гэта дае магчымасьць весьці апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы адносна такіх карыстальнікаў. А прыкладаньне Мах можа зьбіраць дадзеныя ў фонавым рэжыме, у прыватнасьці ІP-адрас. Калі чалавек не карыстае VPN, то расейскія ўлады будуць ведаць, дзе ён знаходзіцца, куды езьдзіць у падарожжы. Таксама прыкладаньне мае доступ да відэакамэры і мікрафона, яны могуць выкарыстоўвацца для праслухоўваньня», — тлумачыць суразмоўца.

    Калі па нейкай прычыне трэба абавязкова скарыстацца гэтым мэсэнджарам і іншага выйсьця няма, Мікалай Кванталіяні раіць завесьці для гэтага асобны тэлефон, на якім стаіць толькі гэты мэсэнджар.

    «Пазванілі сваякам напрыклад, адключылі тэлефон і паклалі некуды», — гаворыць экспэрт.

    Чым небяспечны мэсэнджар Мах і на што яго замяніць

    Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Con­stan­ta на ўмовах ананімнасьці ў размове са Свабодай кажа, што мэсэнджар Мах актыўна супрацоўнічае з расейскай дзяржавай, і інфармацыя па першым запыце можа апынуцца ў руках сілавікоў.

    «З узроўнем карупцыі ў Расеі махляры могуць лёгка атрымаць інфармацыю з гэтага мэсэнджара. Так жа, як яны атрымліваюць доступ да быццам бы закрытых баз дадзеных. Я б не рэкамэндаваў наогул карыстацца расейскімі сэрвісамі. Сам факт усталяваньня такой праграмы можа быць небясьпечным. Ён просіць практычна ўсе доступы і правярае геалякацыю карыстальніка. Не зразумела, навошта», — кажа спэцыяліст.

    Ці могуць беларусаў абавязаць карыстацца Мах і чаму ён стаў папулярны

    Паводле аднаго з ІТ-спэцыялістаў, з якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, беларусы пачалі спампоўваць гэты мэсэнджар зь некалькіх прычынаў. Па-першае — яго маглі выкарыстоўваць беларусы, якія жывуць у Расеі і тыя, хто мае сваякоў у Расеі для сувязі зь імі. Мэсэнджар агрэсіўна рэклямуецца, што таксама магло стаць прычынай яго цяперашняй папулярнасьці.

    Экспэрт Human Con­stan­ta кажа, што беларусы маглі спампоўваць мэсэнджар, каб проста паглядзець.

    «Пытаньне, з‑за чаго зьявілася такая папулярнасьць. Магчыма, паглядзець, што за прыкладаньне. Ёсьць праблема зьвязацца са сваякамі ці сябрамі ў Расеі, бо блякіроўка званкоў у мэсэнджарах Telegram і What­sApp была нечаканая. Магчыма, гэтая папулярнасьць Мах з часам сыдзе. Аднак, проста так усталёўваць нейкую праграму — ня вельмі добрая ідэя. Прылада можа працягваць зьбіраць дадзеныя, калі вы ёй не карыстаецеся», — тлумачыць суразмоўца.

    У навязваньні мэсэнджара Мах беларусам няма мэтазгоднасьці, кажа Мікалай Кванталіяні, бо гэты мэсэнджар ня можа дагнаць той жа Telegram у пляне зручнасьці для карыстальнікаў.

    «Ёсьць звычка карыстальніка да нейкага прыкладаньня. Навязваць можна што заўгодна, але гэта можа быць нішава. Узьнікае пытаньне, а чым гэта лепш чым тое, што ўжо ёсьць. Калі ёсьць задача засвоіць нейкія бюджэтныя сродкі на дзяржаўным узроўні і зрабіць сваё — гэта іншае пытаньне», — даводзіць Кванталіяні.

    Якія альтэрнатывы Мах, калі ўсё ж трэба зьвязвацца са сваякамі ў Расеі

    За апошні год у Расеі заблякавалі Viber, Sig­nal, і Dis­cord, сам сыйшоў Zoom. Аднак, альтэрнатывы Мах засталіся. Напрыклад, можна карыстацца звыклымі мэсэнджарамі праз VPN. Таксама працуюць такія альтэрнатывы, як:

    • Face­Time — прыкладаньне Apple для відэа і аўдыёзванкоў
    • Jit­si Meet — сэрвіс для відэаканфэрэнцый, які не патрабуе рэгістрацыі

    У Беларусі звыклыя Telegram і Wat­sApp пакуль працуюць без збояў і блякіроўкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці