Пенсіі для беларусаў у Літве: што неабходна ведаць?
Па стане на 1 лютага 2025 года у Літоўскай Рэспубліцы маюць дзеючы дазвол на пражыванне 55 тысяч 595 беларусаў. Такія дадзеныя былі апублікаваныя Дэпартаментам міграцыі на пачатку сакавіка бягучага году.

Фота: V.Skaraičio / lrytas.lt
Нягледзячы на сталую тэндэнцыю скарачэння колькасці нашых суайчыннікаў, якая выявілася цягам апошніх двух гадоў, нацыянальная дыяспара усё яшчэ застаецца адной з самых вялікіх у краіне. Маючы часовы і бяспечны прытулак у Літве, многія беларусы сутыкаюцца з шэрагам выклікаў. Яны звязаныя як з побытавымі ўмовамі пражывання, гэтак і з эканамічнай дзейнасцю, сацыяльным становішчам, гуманітарнымі пытаннямі.
Большасць легалізаваных беларусаў мае дазвол на жыхарства ў сувязі з працай – 39 тысяч 593 чалавекі. Але відавочна, што немалая частка і тых, хто атрымаў візы паводле сямейных абставінаў, або як спецыялісты высокай кваліфікацыі ці на іншых падставах, таксама працуе. Таму пытанне пенсійнага забеспячэння з’яўляецца актуальным для большасці беларусаў у Літве.
Хто мае права на працоўную пенсію ў Літве?
Права на працоўную пенсію ў Літве маюць не толькі грамадзяне Літвы. Гэта могуць быць любыя асобы, якія працавалі ў краіне і рабілі ўнёскі ў сістэму сацыяльнага страхавання. Працоўная дзейнасць на тэрыторыі Літвы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі легальнымі падставамі: грамадзянства, дазвол на жыхарства, працоўная віза, нацыянальная віза D і г.д. Для атрымання пенсіі патрабуецца адпаведнае пацвярджэнне свайго статусу ў сістэме сацыяльнага страхавання Літвы.
Што трэба для таго, каб атрымаць працоўную пенсію ў Літве?
Для таго каб атрымаць працоўную пенсію, работнік павінны дасягнуць адпаведнага ўзросту. Па стане на бягучы год ён складае 64 гады 8 месяцаў для жанчын і 64 гады 10 месяцаў для мужчын. Пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын павышаецца з 2012 года. У наступным, 2026 годзе, ён зраўняецца для абодвух палоў і дасягне 65 гадоў (табліца для вызначэння ўзросту для выхаду на пенсію, калькулятар для разліку ўзросту).
Апрача адпаведнага ўзросту прэтэндэнт павінны мець мінімальны стаж сацыяльнага пенсійнага страхавання, які зараз складае 15 гадоў. На практыцы гэта азначае, што работнік павінны на працягу не меней 15 гадоў сваёй працоўнай дзейнасці плаціць унёскі ў сістэму сацыяльнага страхавання. Варта адрозніваць медыцынскую страхоўку, якая дае права на атрыманне медыцынскай дапамогі на агульных умовах, ад сацыяльнай страхоўкі, якая ідзе на выплату пенсій. Другі від страхоўкі для асобаў, якія легалізаваліся ў Літве, мае льготны перыяд – у першы год знаходжання яна не спаганяецца (за выключэннем выпадкаў добраахвотнай выплаты).
Для таго каб пачаць атрымліваць пенсію, трэба падаць адпаведную заяву ў Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання (SODRA). У заяве трэба ўказаць неабходную інфармацыю, а таксама прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць працоўны стаж і ўнёскі ў сістэму сацыяльнага страхавання.
Калі вы – пенсіянер, які пераехаў жыць у Літву з Беларусі, неабходную інфармацыю аб тым, як працягваць атрымліваць працоўную пенсію можна знайсці тут.
Кожны мае права ўдзельнічаць у накапленні дадатковых пенсійных зберажэнняў, больш інфармацыі па гэтым пытанні тут.
Ці існуюць нарматыўныя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, якія тычацца пенсійнага забеспячэння?
Так, такія пагадненні да гэтага часу існуюць і працягваюць дзейнічаць. Базавым дакументам у гэтай галіне з’яўляецца Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб сацыяльным забеспячэнні.
Дагавор рэгулюе, у прыватнасці, пытанні ўліку працоўнага стажу, прызначэння і выплаты пенсій для грамадзян, якія маюць працоўны стаж у абедзвюх краінах. Падобныя пагадненні дазваляюць пазбегнуць страты назапашаных пенсійных правоў і забяспечваюць бесперапыннасць выплат у выпадку пераезду. Камунікацыя адбываецца праз Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання (SODRA) і адпаведныя кампетэнтныя дзяржаўныя органы Беларусі.
Ці залічваецца беларусам “савецкі” стаж для атрымання пенсіі ў Літве?
Беларусам, якія прэтэндуюць на выплату пенсійнага забеспячэння, можа быць залічаны савецкі працоўны стаж. У гэты стаж уваходзіць праца або тэрміновая служба ў войску ў часы існавання савецкай дзяржавы да 1992 года. Навучанне на вочных аддзяленнях устаноў адукацыі ў гэты стаж не залічваецца. У выпадку, калі чалавек атрымлівае беларускую працоўную пенсію і прэтэндуе на выплату пенсійнага забеспячэння ў Літве, яму давядзецца выбіраць адзіную крыніцу пенсійнага даходу.
А калі не хапае стажу сацыяльнага пенсійнага страхавання для налічэння пенсіі?
У выпадку, калі чалавек да дасягнення ўзросту выхаду на пенсію з нейкіх прычынаў не назапасіў неабходную колькасць гадоў стажу сацыяльнага пенсійнага страхавання, ён можа прэтэндаваць на выплату сацыяльнай пенсійнай дапамогі. З 1 студзеня 2025 года памер сацыяльнай пенсіі па старасці складае 1 памер базавай часткі пенсіі – 248 еўра. Больш падрабязна аб тым, хто мае права на атрыманне сацыяльнай выплаты па старасці, якія дакументы трэба прад’явіць і іншых акалічнасцях можна пачытаць тут.
У выпадку прызначэння сацыяльнай пенсіі па старасці Літва робіць запыт у Беларусь для высвятлення пытання атрымання пенсіі і яе памеру. Выплачваецца толькі розніца паміж атрыманай грамадзянінам пенсіяй у Беларусі і памерам 1 базавай часткі пенсіі (248 еўра).
Таксама ў выпадку, калі чалавек да дасягнення ўзросту выхаду на пенсію з нейкіх прычынаў не назапасіў неабходную колькасць гадоў стажу сацыяльнага пенсійнага страхавання, ў “аўральным” парадку (маецца на ўвазе некаторы непрацяглы перыяд часу перад выхадам на пенсію па ўзросце) гэта можна толькі праз прыватныя пенсійныя фонды.
