Праграма для маладых журналістаў (дэдлайн — 23 лютага)
Заяўкі могуць падаць маладыя людзі, якія цікавяцца журналістыкай, добра валодаюць англійскай і хаця б адной мовай праграмы (нямецкая, чэшская, славацкая ці ўкраінская).

Фота з сайта pixabay.com
Вас цікавіць кар’ера ў журналістыцы і вы хочаце расказваць гісторыі, якія аб’ядноўваюць і натхняюць маладых людзей па ўсёй Еўропе? Вы хочаце развіць свае навыкі і атрымаць практычны вопыт, працуючы над транснацыянальнай тэмай з рэдакцыямі з Чэхіі, Славакіі, Эстоніі, Венгрыі, Літвы і Польшчы?
Праект Гётэ-інстытута — часопіс JÁDU прапануе разлічаную на тры месяцы праграму настаўніцтва для маладых журналістаў. Настаўнікамі ўдзельнікаў праграмы будуць дасведчаныя журналісты з рэдакцый, якія ўваходзяць у сетку Perspectives.
У гэтым годзе праграма будзе сканцэнтравана на гісторыях і праблемах маладых людзей, якія жывуць за межамі вялікіх гарадоў.
Запланаваны два раунды праграмы:
- з сакавіка па май (удзельнікі ў красавіку наведаюць тыднёвы трэнінг у Венгрыі);
- з верасня па лістапад (тыднёвы трэнінг пройдзе ў верасні ў Эстоніі).
Удзельнікі будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 700 еўра, арганізатары таксама аплацяць усе выдаткі, звязаныя з удзелам у тыднёвым трэнінгу, і пры неабходнасці выдаткі, звязаныя з працай над журналісцкімі матэрыяламі. Створаныя падчас праграмы матэрыялы будуць апублікаваны ў часопісе JÁDU.
Дэдлайн для падачы заявак на першы раунд праграмы — 23 лютага.
