Прэм’ера зборніка «Голас пакалення свабоды» і публічная дыскусія (15 лістапада, Гданьск)
15 лістапада 2025 года (субота) а 17:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная дыскусія з удзелам лаўрэатаў і лаўрэатак і прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
Галасы лаўрэатаў сёлетняй прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» — жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.
Удзельнікі падзеі падзеляцца асабістымі гісторыямі, досведам эміграцыі і працягу сваёй творчай, журналісцкай і праваабарончай дзейнасці ў выгнанні. Будзе магчымасць пачуць жывы голас пакалення, якое не страціла веру ў каштоўнасці свабоды і годнасці.
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
- Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025 а 19:00
- Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне (пачынаючы ад 11:30)
Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Запрашаем усіх ахвочых далучыцца!
Занатуйце дату ў календары і сачыце за нашымі навінамі, неўзабаве будзе апублікаваная поўная праграма мерапрыемстваў.
Даведка пра прэмію
Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».
Яна прызначаная для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+, якія пасля 2020 года вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі з‑за пераследу і працягваюць сваю працу ў Польшчы, Чэхіі ці Літве. Прэмія ўключае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку.
Лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды»-2025
- Зоя Белахвосцік
- Генадзь Верацінскі
- Уладзімір Вялічкін
- Аляксандр Гарцуеў
- Алег Груздзіловіч
- Наталля Дуліна
- Максім Жбанкоў
- Андрэй Завадскі
- Аляксандр Капуцкі
- Валерый Карбалевіч
- Аляксандр Класкоўскі
- Зося Кустава
- Любоў Лунёва
- Віктар Марчук
- Тамара Мацкевіч
- Уладзімір Мацкевіч
- Ірына Сухій
- Сяргей Сыс
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
