«Я стаміўся. Мне балюча. Гэта нармальна». Псіхолагі пра выгаранне беларусаў пасля 2020-га і пра тое, як справіцца з болем, віной і апатыяй
Пяць гадоў таму Беларусь ахапілі масавыя пратэсты. Тады было пачуццё ўздыму, надзеі і салідарнасці. Сёння – стомленасць, апатыя, страх і віна. Пераменаў не адбылося, сотні тысяч людзей у выгнанні, тысячы – у беларускіх турмах, а размовы пра мінулае часта становяцца крыніцай болю.
«Белсат» пагаварыў з псіхолагамі Ганнай Матуляк і Людмілай Маліноўскай пра тое, што адбываецца з беларусамі праз пяць гадоў пасля выбараў, як справіцца з выгараннем, пачуццём віны і разрывам сувязяў, і чаму важна дазволіць сабе жыць, нават калі перамены пакуль не наступілі.

Людзі ідуць каля цэнтральнага вакзалу. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
«Стомленасць – гэта не прыкмета слабасці»
Што рабіць з пачуццём стомленасці, расчаравання і апатыі, якое адчуваюць многія беларусы праз пяць гадоў пасля выбараў 2020 года?
Ганна Матуляк падкрэслівае: пачуццё стомленасці і апатыі – нармальная рэакцыя на ненармальную сітуацыю. Паводле яе словаў, беларусы ўжо пяць гадоў жывуць у зацяжной траўме без аднаўлення.
«2020 быў траўматычным годам і падзеямі не толькі палітычнымі, але і экзістэнцыяльнымі, таму што многія з нас адчулі такі стан абуджэння, салідарнасці, надзеі, але адначасова з гэтым было вельмі шмат гвалту, разбурэння даверу для многіх, страты дому з наступнымі крызіснымі і траўматычнымі наступствамі», – кажа спецыяліст.
Ганна Матуляк лічыць, што адным з ключавых фактараў цяперашняга стану беларусаў стала разбурэнне наратыву надзеі: у 2020 годзе многія трымаліся менавіта за яе – за адчуванне, што боль і страты маюць сэнс. «Калі б мы дакладна ведалі, што пасля таго, як мы будзем чагосьці пазбаўленыя ці чымсьці ахвяруем, сапраўды наступіць жаданае, – вельмі шмат хто адмовіліся б ад сну, ежы, жыцця на нейкі час», – нагадвае псіхолаг.
Але гэтай пэўнасці не было, і з часам сэнс пачаў знікаць. «Тое, дзеля чаго мы ўсё рабілі вельмі шмат, стала вельмі зыбкім. Перамены, на якія спадзяваліся, не наступілі. А часам здаецца, што стала нават горш», – адзначае Матуляк.
Гэта, па яе словах, падарвала веру ў суб’ектнасць – адчуванне, што чалавек можа на нешта паўплываць. Яна падкрэслівае, што нават у палітычна актыўных і ўсвядомленых людзей захоўваецца вывучаная бездапаможнасць: «Мы так ці інакш інфікаваныя ёю за гады жыцця ў дыктатуры».
Матуляк таксама кажа пра выгаранне: тыя, хто з’ехаў, адчуваюць віну і адарванасць, тыя, што засталіся – страх, здранцвенне, бяссілле. Грамадства палярызаванае, канфлікт паміж «з’ехаўшымі» і «застаўшыміся» узмацніўся.
Што рабіць? «Ніхто не абавязаны змагацца», – кажа псіхолаг. Апатыя і стомленасць – не слабасць.
Дапамагаюць лакальны кантроль, клопат пра цела, рытуалы, творчасць, сімвалічныя дзеянні, зносіны: «Любая супольнасць – гэта антыдот бездапаможнасці».
Людміла Маліноўская падкрэслівае: апатыя, стомленасць і расчараванне – гэта заканамерная рэакцыя на доўгае напружанне, асабліва калі няма адчувальных вынікаў. Паводле яе словаў, многім хацелася б увесь час заставацца «зараджанымі», але гэта немагчыма. «Стомленасць – гэта не прыкмета слабасці. Гэта проста сігнал, што ўнутраныя рэсурсы патрабуюць аднаўлення. Мы не можам вечна быць у такой баявой гатовасці», – кажа эксперт.
Што з гэтым рабіць? Перш за ўсё, важна прызнаць гэтыя пачуцці і дазволіць сабе пражыць іх, а не душыць. «Так, я стаміўся. Так, мне цяжка. Гэта нармальна», – адзначае яна. Далей – шукаць апоры ў паўсядзённым жыцці: у клопаце пра блізкіх, у хобі, у невялікіх дасягненнях. Гэта можа быць і ўклад у агульную справу, і проста тое, што дае энергію і адчуванне сэнсу.
Маліноўская таксама звяртае ўвагу на важнасць лакальных мэтаў. Калі глабальныя перамены не адбываюцца, менавіта асабістыя зрухі і канкрэтныя дзеянні дапамагаюць утрымлівацца на плаву.
«Тое, што вы робіце, – гэта таксама вынік. Гэта таксама важна», – адзначае Маліноўская.
«Калі кожны з нас захавае сябе, у нас будзе шанец на нешта большае»
Як захаваць унутраную ўстойлівасць і не страціць надзею, калі здаецца, што стала толькі горш, а пераменаў не відаць?
Ганна Матуляк лічыць, што для пачатку важна пераасэнсаваць само паняцце ўстойлівасці. Паводле яе словаў, устойлівасць – гэта не пра сілу і непахіснасць: «Сапраўдная ўстойлівасць – гэта здольнасць заставацца жывым унутры. Прызнаваць стомленасць, бяссілле, расчараванне – і пры гэтым працягваць жыць».
«Сказаць сабе: «Цяпер мне балюча, але я нешта з гэтым зраблю» – гэта ўжо крок да аднаўлення», – лічыць эксперт.
Асаблівае значэнне псіхолаг надае блізкасці са «сваімі» людзьмі. Нават адзін-два чалавекі побач, з кім можна «смяяцца, плакаць, варыць боршч, дзяліцца абсурдам» – ужо крыніца сілы. Але, па яе словах, не менш важна – дазволіць сабе радасць. «Радасць – гэта таксама акт супраціву, – падкрэслівае Матуляк. – Печ пірог, слухаць музыку, танцаваць – гэта захоўваць жыццё, гэта не паддавацца таму, да чаго вядуць рэпрэсіўныя меры».

Жанчына п’е гарачую гарбату. Вільня, Літва. 2 лютага 2024 года. Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Псіхолаг падкрэслівае: спадзявацца можна не толькі на глабальныя перамены. Надзея можа жыць у творчасці, клопаце, адносінах, у штодзённых дзеяннях, якія дапамагаюць захоўваць сябе: «Гэта не канец гісторыі. І калі кожны з нас захавае сябе, у нас будзе шанец на нешта большае».
Людміла Маліноўская лічыць, што надзея не абавязкова павінна быць звязаная з глабальнымі палітычнымі пераменамі. Паводле яе, важна прызнаць: ёсць рэчы, на якія мы можам уплываць, і ёсць тыя, на якія не можам.
«Трэба пераключыць увагу з таго, што ад нас не залежыць, на тое, што залежыць. Кожны на сваім месцы можа нешта рабіць», – кажа яна і раіць шукаць падтрымку ў тых, хто падзяляе падобныя каштоўнасці, а таксама ствараць маленькія рытуалы, якія даюць адчуванне стабільнасці і сэнсу.
«Размаўляйце, сустракайцеся, даносьце важную інфармацыю. Гэта стварае адчуванне руху, нават калі вонкава нічога не мяняецца», – заклікае псіхолаг.
«Гэта выбар паміж траўмай і траўмай»
Што рабіць з пачуццём віны за ад’езд і адчуваннем бездапаможнасці?
Ганна Матуляк тлумачыць, што пачуццё віны часта ўзнікае праз немагчымасць зрабіць «правільны выбар» ва ўмовах, калі абодва варыянты траўматычныя. «Гэта не выбар паміж добрым і дрэнным. Гэта выбар паміж траўмай і траўмай», – падкрэслівае яна.
Эміграцыя, кажа псіхолаг, не азначае збавення ад болю: «Калі ты не садзішся ў турму – гэта не значыць, што ўсе праблемы скончыліся». За пачуццём віны можа хавацца гора, звязанае са стратай дому, сувязяў, ідэнтычнасці.
Матуляк лічыць, што працяглае пачуццё віны перашкаджае адаптацыі. «Сіндром »з’ехаў – значыць павінен пакутаваць« не дае чалавеку ўбудавацца ў новую рэальнасць», – кажа яна. Дазвол сабе радавацца, знаходзіць новыя сэнсы, будаваць жыццё нанова – гэта не здрада, а сведчанне таго, што чалавек застаецца жывым.
Людміла Маліноўская згаджаецца: адчуваць віну – гэта нармальна. Яна адзначае, што за гэтым пачуццём часта стаяць устаноўкі накшталт «я павінен быў застацца» або «калі б я паступіў інакш, усё было б па-іншаму». Але гэта няправільны пасыл.
«Кожны чалавек мае права на бяспеку і на тое, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх, – падкрэслівае яна. – Фізічнае выжыванне, эмацыйная захаванасць – гэта не эгаізм і не раскоша, а ўмовы, каб наогул захавалася сама ідэя супраціву».
Нават за мяжой, на думку Маліноўскай, можна знайсці пасільную форму ўдзелу – ад дапамогі зняволеным да інфармацыйнай падтрымкі. І галоўнае – не забываць: «Няма сэнсу змагацца, калі ты мёртвы. Ёсць сэнс, толькі калі ты жывы. І хай гэта будзе суцяшэннем».
«Гэта не абыякавасць, а клопат пра псіхічнае здароўе»
Ці варта абмяжоўваць спажыванне навінаў – ці гэта шлях да абыякавасці?
Ганна Матуляк упэўненая: свядома абмяжоўваць навіны варта. Але важна рабіць гэта свядома і дазавана, разумеючы, што гэта не пазбяганне і не здрада, а форма псіхічнай гігіены. «Гэта пытанне выжывання і заха«Гэта не абыякавасць, а клопат пра псіхічнае здароўе»
Ці варта абмяжоўваць спажыванне навінаў – ці гэта шлях да абыякавасці?
Ганна Матуляк упэўненая: свядома абмяжоўваць навіны варта. Але важна рабіць гэта свядома і дазавана, разумеючы, што гэта не пазбяганне і не здрада, а форма псіхічнай гігіены. «Гэта пытанне выжывання і захавання асабістай устойлівасці», – падкрэслівае яна.
Па словах псіхолага, спажыванне навінаў часта нагадвае залежнасць – спачатку здаецца, што гэта дапамагае справіцца з трывогай – як доза алкаголю. Але ў выніку трывога толькі ўзмацняецца. Арганізм пры гэтым рэагуе так, быццам чалавек сам апынуўся ў сітуацыі гвалту, хоць ён толькі чытае загаловак.вання асабістай устойлівасці», – падкрэслівае яна.
Па словах псіхолага, спажыванне навінаў часта нагадвае залежнасць – спачатку здаецца, што гэта дапамагае справіцца з трывогай – як доза алкаголю. Але ў выніку трывога толькі ўзмацняецца. Арганізм пры гэтым рэагуе так, быццам чалавек сам апынуўся ў сітуацыі гвалту, хоць ён толькі чытае загаловак.
«Траўма праз экран – гэта таксама траўма. Нават загалоўкі могуць быць трыгерамі. А калі ў чалавека ўжо ёсць свой траўматычны досвед, гэта прыводзіць да рэтраўматызацыі», – тлумачыць Матуляк. Яна раіць абмежаваць сябе па часе, крыніцах або частаце: «Напрыклад, 15 хвілін раніцай – і больш у гэты дзень нічога. Адна-дзве правераныя крыніцы – і больш не вяртацца да навінаў». Галоўнае, падкрэслівае яна, не трапляцца ў пастку думкі, што адмова ад пастаяннага чытання – гэта здрада: «Калі ты не чытаеш кожны загаловак – ты не становішся абыякавым. Гэта клопат пра сябе».

Жанчына глядзіць навіны праграмы «Аб’ектыў» на «Белсаце». Вільня, Літва. 9 мая 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Людміла Маліноўская таксама выступае за ўмеранасць. Паводле яе словаў, поўная адмова ад навін немагчымая, але абмежаванне неабходна: «Гэта не абыякавасць, а клопат пра псіхічнае здароўе». Яна, як і Матуляк, раіць вызначыць канкрэтны час для чытання – 10–15 хвілін у дзень, выбраць надзейныя крыніцы і астатні час прысвячаць таму, што дае сілы.
«Самае лепшае, што вы можаце зрабіць – гэта паклапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх. Быць псіхічна і фізічна здаровымі, захоўваць любоў, падтрымліваць сваю сям’ю. Гэта таксама важная місія», – кажа псіхолаг.
«Так, мы можам больш не супадаць у чымсьці, але ўсё яшчэ быць важныя адзін аднаму»
Як захаваць сувязь з роднымі і сябрамі ў Беларусі, калі здаецца, што вы больш не разумееце адзін аднаго?
Ганна Матуляк кажа, што разрыў паміж блізкімі становіцца асабліва прыкметным, калі яны аказваюцца ў розных палітычных і культурных асяроддзях: «Прорва вырастае не таму, што хтосьці стаў горшы, а таму што культурны код мяняецца. І ты раптам пачынаеш бачыць і ў сабе тое, што раней было незаўважна». Матуляк падкрэслівае, што захаваць адносіны магчыма, але важна перастаць чакаць, што ўсё будзе як раней: «Калі мы хочам быць у кантакце – гэта сталы выбар. І ён можа азначаць, што нейкія тэмы мы проста не абмяркоўваем. Таму што ў нас ёсць нешта, што працягвае нас аб’ядноўваць».
Паводле яе словаў, узаемнае неразуменне і раздражненне часта хаваюць гора і бяссілле. Людзі па абодва бакі адчуваюць страту: якія зʼехалі – таму што не могуць быць побач і быць зразумелымі, тыя, што засталіся – таму што губляюць тых, хто зʼехаў.
«Гэта гора па страце ранейшай сувязі, ранейшых уяўленняў пра блізкіх. І пакуль яно не пражытае – немагчыма пабудаваць новую рэальнасць»«, – кажа Матуляк. Яна лічыць, што галоўная апора ў такіх адносінах – разуменне, навошта табе гэтая сувязь. Калі вжныя цяпло, роднасць, памяць – можна факусавацца на гэтым.
Адна з практычных парадаў – пераводзіць зносіны з пераканання ў сведчанне: «Я сумую. Я памятаю блінцы па раніцах. Мне гэтага не хапае». Такая мова, па яе словах, можа пракладаць масты, а не разбураць іх. Галоўнае – прызнаць рэальнасць: «Так, мы можам больш не супадаць у чымсьці, але ўсё яшчэ быць важныя адзін аднаму».
Людміла Маліноўская падкрэслівае: тое, што вы больш не разумееце адзін аднаго, – нармальна. Нават калі прыбраць палітычныя погляды, людзі, якія жывуць у розных краінах, паступова разыходзяцца ў жыццёвым вопыце. «Калі да гэтага дадаць прапаганду – зразумела, чаму ў нас розныя погляды», – кажа яна.
Маліноўская раіць: калі палітычныя размовы не вядуць да разумення — лепш іх пазбягаць. «Ёсць мноства іншых тэм: здароўе, клопат, рэцэпты, успаміны. Засяродзьцеся на іх», – кажа яна.
А вось з сябрамі ўсё складаней. Паколькі гэта выбар, а не крэўнае сваяцтва, разрыў можа быць балючым. Але, на думку Маліноўскай, важна адпусціць, калі шляхі разышліся: «Падзякуйце ім за тое, што яны былі ў вашым жыцці. І шукайце новых — з агульнымі поглядамі».
