Што рабіць, калі спрабуюць завербаваць за мяжою. Парады Офісу Ціханоўскай
КДБ актывізаваў вербаванне беларусаў у Літве, Польшчы, Грузіі ды іншых краінах. На гэта звярнуў увагу Офіс Ціханоўскай і даў практычныя парады.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы звярнуў увагу на актывізацыю працы Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў вербаванні беларускіх грамадзянаў за мяжой. Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай раіць, што рабіць у такіх выпадках:
- не рэагаваць на падазроныя прапановы працы, асабліва звязаныя з арганізацыяй імпрэзаў і акцыяў пратэсту ці з нанясеннем надпісаў на будынкі;
- ігнараваць прапановы супрацы або дапамогі ад акаўнтаў ці асобаў, якія звязваюцца па-за афіцыйнымі каналамі дэмакратычных сілаў;
- ігнараваць прапановы атрымаць пашпарт Новай Беларусі ці іншыя ільготныя схемы ад старонніх асобаў;
- не перадаваць інфармацыі групам або асобам, якія заяўляюць, што звязаныя з беларускімі спецслужбамі (любыя персанальныя або палітычныя даныя могуць быць выкарыстаныя супраць вас і вашай сям’і, ды больш за тое, такая супраца відавочна незаконная ў краіне вашага перабывання і можа мець сур’ёзныя наступствы – ажно да крымінальнай адказнасці і дэпартацыі);
- калі кантакт ужо ўсталяваны, не пагаджацца на супрацу і не перадаваць ніякіх звестак, пры пагрозах або ціску звяртацца ў мясцовыя праваахоўныя органы і спецыяльныя службы;
- у інтэрнэце – правяраць крыніцы інфармацыі і кантактаў, не пераходзіць па сумнеўных спасылках, не спампоўваць файлаў ад незнаёмых адпраўнікоў, карыстацца бяспечнымі каналамі сувязі, не заходзіць на сайты, якія імітуюць дэмакратычныя праекты.
Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў за мяжой быць уважлівымі, захоўваць салідарнасць і паведамляць пра любыя спробы вербавання ў праваахоўныя органы краінаў, дзе вы знаходзіцеся.
Паводле літоўскіх спецслужбаў, КДБ выходзіць на грамадзянаў Беларусі ў сацсетках і мэсэнджарах, у абмен на інфармацыю прапануе грошы, пашпарты і магчымасць бяспечна вярнуцца на Радзіму. Пры адмове людзі сутыкаюцца з пагрозамі і ціскам у свой адрас, а таксама ў адрас блізкіх, што жывуць у Беларусі. Таксама рэжым выкарыстоўвае аб’явы пра «лёгкі заробак» і іншыя метады для збору інфармацыі ці дэстабілізацыі дыяспары.
У канцы ліпеня ўлады Польшчы расказалі пра затрыманне 32 чалавек, у ліку якіх былі грамадзяне Беларусі, праз праз «падмацаваныя канкрэтнымі доказамі» падазрэнні ў працы на расейскія спецслужбы. Да таго было пяць гучных выпадкаў затрымання беларусаў за шпіянаж у Польшчы.
