• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Без таблетак: 17 спосабаў псіхалагічнай самадапамогі ад Кацярыны Ваданосавай

    Кацярына Ваданосава вядомая як тэлевядоўца, спявачка, рэканструктарка этнагарфічных строяў, а таксама як моцная жанчына, што змагаецца з ракавым захворваннем. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Кацярына падзялілася парадамі, як падтрымаць сваё псіхічнае здароўе без медыкаментаў.

    Кацярына Ваданосава. Фота: яе старонка Face­book 

    Кацярына піша пра тое, што асабіста ёй дапамагае адчуваць сябе лепей. Вядома, гаворка пра суб’ектыўны досвед, але ў спісе ажно 17 пазіцый. Упэўнены, многія знойдуць сярод іх штосьці натхняльнае і эфектыўнае для сябе, што дапаможа захоўваць псіхічную раўнавагу.

    «Самыя блізкія ведаюць, што ў мяне праблемы са здароўем душы: дэпрэсія (высокафункцыянальная, што праўда), ПТСР, навязлівыя рухі, бяссонне… Знешне, на людзях, я вясёлае цяля, а дома вырываю валасы, рыдаю, грызу пазногці і ляжу сялёдачкай, — піша Кацярына. — І вось з гэтым я спрабую зараз справіцца без медыкаментаў. Чаму — доўга тлумачыць, месца ў посціку не хопіць.

    Але нядаўна я пачала назіраць зрухі ў лепшы бок, і хачу падзяліцца тым, што мне дапамагае. Гэта чыстай вады суб’ектыўны досвед, яго нельга ўспрымаць, як рэцэпт ці прамое кіраўніцтва да дзеяння. Я проста дзялюся тым, ад чаго мне асабіста становіцца трохі лягчэй».

    Парады ад Кацярыны:

    1. Пачаць успрымаць сябе асобна ад прац, дасягненняў, заслуг. Няма працы? Не запрашаюць? Зняцэньваюць? Я працую не для кагосьці, а для сябе: свайго досведу, радасці стварання, каб адчуць сябе трошкі дэміўргам. Праца — гэта пра самаўдасканаленне, а не пра прызнанне заслуг.

    2. Ровар. Кожны дзень хаця б 10 км. Ветрык абдзьмувае. Лягчэй жыць.

    Кацярына Ваданосава. Фота: яе старонка Face­book 

    3. Прырода. З ноўтам, шытвом, вышываннем — на лаўку, у парк, у дзіч, на беражок. Максімізаваць прысутнасць прыроды.

    4. Абсэсіўна-кампульсіўныя рухі, стымінг — няхай. Толькі без траўмаў. Лепей я буду бяскрыўдна накручваць на пальцы валасы падчас стасункаў з людзьмі, чым дома іх выдзіраць.

    5. Пры бяссонні — уставаць. Не валяцца і не ўбівацца. Гэта толькі зробіць горш. Увогуле, мінімізаваць ложак у жыцці. Цягам дня не прымаць гарызантальнае становішча. А то пачынаеш сябе шкадаваць.

    6. Памідоркі чэры. Мне ад іх добра.

    7. Перабудаваць трошкі мозг. Думаць не так: «Я нікому не патрэбная, акрамя маці і дзяцей, ды і тое, таму, што я для іх — мыліца, яны без мяне не могуць, а іншым пляваць на мяне». Думаць так: «Я — падмурак. Я — скала. Мне цяжка, але без мяне ім — ніяк. А іншыя хай ідуць лесам. Як пісаў Караткевіч, „страціў не я — Афіны, хутчэй, Афіны — мяне“.

    8. Ведаць, што мае траўмы — страшныя: рак, гвалт, выкідышы, здрада, уцёкі з Радзімы, вайна, аўтызм сына, шантаж здароўем і свабодай блізкіх, страх, расчараванне ў людзях і справах… Не абесцэньваць іх. Не даваць сябе ў крыўду, і не дазваляць гэта ўсё абесцэньваць іншым. Але і не насіцца з траўмамі, як дурань з пісанай торбай. Прыняць іх і ўспрымаць, як цікавую частку будучай кнігі. Успрымаць сябе, як персанажа: суперажываць, але не распушчацца ў мінулым.

    9. Творчасць. Любая, якая падабаецца ў дадзены момант.

    10. Заняцца тым, што „не фармат“ і не прынясе нічога, акрамя чыстай радасці. Вось я даўно хацела граць барочную музыку 17 стагоддзя. Беларусам гэта на фіг не трэба. Ну і ладна. Купіла сабе інструмент, калупаюся. Радасна проста ад працэсу.

    Кацярына Ваданосава. Фота: яе старонка Face­book

    11. Знайсці вузкае кола сяброў. Чалавекі 2–3 максімум. Блізкіх па духу.

    12. Не забывацца, што ўсё мінае. І выхад знойдзецца. „Пасягай на перамогу“.

    13. Уражанні. Гістарычныя фестывалі, горы, паходы, выступы, сярэднявечныя гарады, пошук цікавых лакацый для фоткання строяў — гэта тое, што трымае мяне.

    14. Чытаць сацсеткі і навіны толькі па неабходнасці.

    15. Плакаць, калі плачацца, перастаць сябе вінаваціць за гэта.

    16. Але і ўсміхацца, калі хаця б іскрынка радасці. Хаця б адным кутком роту.

    17. Ціскаць коціка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці