У TikTok ёсць «шпіёнская» функцыя, якая можа раскрыць тых, хто глядзіць відэа
Калі вы бачыце спасылку на відэа з TikTok ад незнаёмага чалавека — не спяшаецеся на яе націскаць. Такі клік можа паказаць адпраўніку ваш акаўнт і ў некаторых выпадках дэананімізаваць вас. «Люстэрка» расказвае, як паклапаціцца пра сваю прыватнасць на папулярнай платформе.
Спасылкі-«пасткі»
Відэа з TikTok можна пераслаць камусьці двума спосабамі. Першы — унутры самой аплікацыі іншым яе карыстальнікам з дапамогай кнопкі «падзяліцца».
Другі — скапіяваць спасылку на ролік і адправіць яе праз іншы сэрвіс — напрыклад, у мэсэнджарах Telegram ці Viber. Але ў гэтым выпадку TikTok згенеруе да яе невялікую «метку», у якой зашыфравана, хто падзяліўся відэа. Выглядае яна так (вылучана тлустым шрыфтам):
https://www.tiktok.com/@kkyychen/video/7199897134534200622?_r=1&_t=ZN-90KEewLJoFq
Вось толькі ў большасці выпадкаў вызначыць нешта па выглядзе спасылкі будзе немагчыма. Бо калі нехта даслаў яе вам з аплікацыі, а не браўзера (а так часцей за ўсё і адбываецца), выглядае яна інакш:
https://vm.tiktok.com/ZNdtK8w96
Адкрыўшы спасылку, атрымальнік ўбачыць не толькі само відэа, але і акаўнт адпраўніка.

Вось што бачыць атрымальнік, які клікае на спасылку з «меткай». Скрыншот: «Люстэрка»
Калі такую спасылку хтосьці адкрые, то і адпраўнік цягам пары хвілін убачыць акаўнты ўсіх, хто гэта зрабіў.

Вось што бачыць адпраўнік спасылкі з «меткай», калі хтосьці яе адкрыў. Скрыншот: «Люстэрка»
У некаторых выпадках гэта можа быць пагрозай для прыватнасці, таму што ў акаўнце TikTok могуць быць рэальныя звесткі і фота. Спасылка з «меткай» можа спрацаваць як пастка, калі адправіць яе канкрэтнаму карыстальніку Telegram або ў невялікі чат.
Карыстальнік TikTok з нікам izziboye апісваў і драматычны сцэнар. Паводле яго, нейкая дзяўчына адправіла бойфрэнду відэа з цытатай пра каханне. Але пасля заўважыла, што на спасылку клікнуў не толькі яе малады чалавек, але і яшчэ адна дзяўчына. А значыць, хлопец пераслаў відэа ёй. «Менавіта так мая сяброўка даведалася, што яе бойфрэнд ёй здраджваў», — напісала ў каментарах карыстальніца з нікам Kay.
Ці можна адключыць «меткі»?
І так, і не.
Паклапаціцца канкрэтна пра сваю прыладу вы можаце праз наладкі TikTok. Для гэтага ў раздзеле «Канфідэнцыйнасць» трэба выбраць пункт «Паказваць профіль пры адпраўцы спасылак» і выключыць тумблер. У гэтым выпадку атрымальнікі вашых спасылак не будуць бачыць ваш акаўнт, а вы не даведаецеся, хто адкрываў іх.

Раздзел наладак TikTok, які дазваляе адключыць «меткі» ў вашых спасылках. Скрыншот: «Люстэрка»
Але ваш уласны акаўнт усё роўна будзе бачны адпраўнікам, калі вы будзеце адкрываць спасылкі з «меткамі».
Пазбегнуць гэтага можна. Напрыклад, праглядаць атрыманыя спасылкі праз браўзер. І лепш за ўсё, калі вы не будзеце залагіненыя там у TikTok.
Таксама вы можаце ачысціць спасылку ў самым браўзеры. Прыбраўшы «хвост», які мы паказвалі вышэй, вы прыбераце і «метку». І зможаце далей перасылаць відэа без яе — яно працягне адкрывацца, а арыгінальны адпраўнік не ўбачыць, хто яго праглядаў.
