У Мінску адбудзецца сустрэча філіялаў Creative Commons Беларусі і Украіны (да 18 лістапада)
26-27 лістапада ў Мінску адбудзецца сустрэча філіялаў Creative Commons* Беларусі і Украіны. Падчас сустрэчы каманды будуць абменьвацца досведам, а таксама сумесна працаваць над стварэннем дапаможнікаў для ўладальнікаў сайтаў (блогаў, парталаў), а таксама музеяў.
Асноўная мэта — гэта стварыць разуменне: як зрабіць сваю дзейнасць больш адкрытай і кантэнт больш устойлівым, выкарыстоўвачы ліцэнзіі Creative Commons.
Вынік сумеснай працы будзе распаўсюджаны сярод грамадскіх арганізацый, а ўдзельнікі мерапрыемства ўзбагацяцца ведамі і новымі знаёмствамі.
На сустрэчу мы запрашаем: музейных работнікаў, блогераў, юрыстаў і проста валанцёраў, якія на працягу 2‑х дзён (субота, нядзеля) гатовыя актыўна дапамагаць справе.
З‑за таго, што месца абмежавана, мы раім усім зацікаўленым запоўніць анкету да 18 лістапада. З усімі кандыдатамі мы перамовімся папярэдне і абяром самых зацікаўленых.
