• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як зрабіць добрае інтэрв’ю: 10 парадаў Сяргея Шапрана

    Рэдакцыя газеты “Новы час” у межах конкурсу маладых журналістаў імя Аляксея Караля арганізавала майстар-клас Сяргея Шапрана. Ён падзяліўся вопытам, як зрабіць інтэрв’ю і потым не пашкадаваць пра гэта.

    Шматбаковую асобу Сяргея Шапрана складана акрэсліць, абавязкова што-небудзь упусціш. Ён аўтар кнігі гутарак “Сам-насам з Барадуліным, або Тры мяхі дзядзькі Рыгора”, лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за даследаванне “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах” (2011), сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. У той жа час — лаўрэат прэміі “За ўнёсак у развіццё беларускай рок-музыкі” (2007). Займаўся арганізацыяй канцэртаў, фатаграфаваў, каб інтэрв’ю не былі “сляпымі”. Найбольш вядомыя ў СМІ здымкі Рыгора Барадуліна зрабіў менавіта Сяргей Шапран.

    Віктар Цой, фота Сяргея Шапрана

    Уладзімер Някляеў з жонкай Вольгай, фота Сяргея Шапрана

    Спадар Сяргей нарадзіўся ў Рызе і, па яго словах, да пераезду ў Мінск Беларусь у яго асацыявалася толькі з Васілём Быкавым, “Песнярамі” і “Верасамі”. Журналістыцы не вучыўся, але ўжо падчас студэнцтва (скончыў філалагічны факультэт БДУ) пачаў працаваць у гэтай галіне. Так, першую гутарку зрабіў яшчэ ў 1988 г. — з Лаймай Вайкулэ. Потым былі іншыя сустрэчы: Булат Акуджава, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Данатас Баніёніс, Алег Басілашвілі, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Уладзімір Вайновіч, Ніл Гілевіч, Барыс Грабеншчыкоў, Людміла Гурчанка, Канстанцін Кінчаў, Андрэй Макарэвіч, Адам Мальдзіс, Яўген Міронаў, Юрый Нікулін, Райманд Паўлс, Гарык Сукачоў, Аліса Фрэйндліх, Віктар Цой, Юрый Шаўчук — усіх проста немагчыма пералічыць…

    Рыгор Барадулін, фота Сяргея Шапрана

    Праўда, у апошнія гады займаецца пераважна падрыхтоўкай кніг, а не журналістыкай у чыстым выглядзе: падрыхтаваў выданне ліставання Васіля Быкава з Рыгорам Барадуліным “Дажыць да зялёнай травы…” і кнігу ліставання Барадуліна з мамай “Паслаў бы табе душу…”, а яшчэ “Знакі прыпынку” Уладзіміра Някляева, паэтычныя зборнікі Генадзя Бураўкіна і зноў жа Барадуліна, а таксама некалькі непадцэнзурных кніг Васіля Быкава.

    Але перадусім для яго была журналістыка і найперш улюбёны яго жанр — інтэрв’ю.

    І вось некалькі парадаў ад Сяргея Шапрана:

    Рабіце інтэрв’ю па тэматыцы, што вам цікавая. І найперш павінна быць цікаўнасць да чалавека, з якім сустракаецеся.

    Шапран не прыхільнік меркавання, што на інтэрв’ю трэба ісці прынцыпова без падрыхтоўкі. Лепш шукаць усю дасяжную інфармацыю пра таго чалавека, з якім збіраецеся гутарыць. Варта выключыць банальныя пытанні і паглядзець у папярэдніх інтэрв’ю, на якія пытанні чалавек дае разгорнутыя адказы, пра што яму цікава гаварыць. Часам такая падрыхтоўка можа заняць тыдзень-два (калі, напрыклад, сабраліся да пісьменніка), але яна адлюструецца ў якасці вашага будучага матэрыялу. Увогуле пазбягайце халтурнасці ў працы — вы ад самага пачатку журналісцкай дзейнасці не толькі працуеце, але і ствараеце ўласнае імя.

    Пабудуйце пытанні ў лагічнай паслядоўнасці, каб яны вынікалі адно з аднаго. Прадумайце, як будзеце весці гутарку, калі раптам адказы будуць кароткімі. І лепш вывучыць пытанні, каб не зазіраць у нататнік. Калі суразмоўца просіць выслаць пытанні загадзя, высылайце, але гэта, вядома, не значыць, што больш нічога спытаць падчас сустрэчы нельга.

    Варта гутарыць пра надзённае і ў той жа час рабіць інтэрв’ю гэткім чынам, каб яно чыталася і праз год, і праз дзесяць гадоў.

    Пры магчымасці аддавайце перавагу сустрэчам сам-насам. Калі ўжо ідзяцё на прэс-канферэнцыю, падрыхтуйце некалькі пытанняў, дзякуючы якім на вас могуць звярнуць увагу.

    Падчас інтэрв’ю істотна не толькі чуць, але найперш — слухаць. І не варта спяшацца з пытаннямі — павінна адбыцца гутарка, а не допыт.

    Нават калі чалавек вельмі вядомы, гэта не значыць, што вы не зможаце яго нічым здзівіць. Не варта, канешне, пытацца пра тое, пра што пыталіся сто разоў да вас, — заўсёды можна знайсці нейкі новы аспект, зачэпку нават у тых пытаннях, што задаваліся шматкроць. І пазбягайце нязручных пытанняў, пасля якіх чалавек можа закрыцца. Увогуле па магчымасці не пытайцеся пра тое, што можа выклікаць незадавальненне ці абурэнне (але гэта ўжо ў залежнасці ад таго, з якой мэтай і да каго вы прыйшлі на інтэрв’ю).

    Падчас гутаркі не забывайцеся, што ў кожнага чалавека ёсць імя, і яно падсвядома даражэй яму за ўсе астатнія словы. Зрэшты, гэта парада не толькі для журналістаў.

    Калі ёсць такая магчымасць, перад публікацыяй аддавайце інтэрв’ю на вычытку, нават калі ваш суразмоўца не настойвае на гэтым. Хутчэй за ўсё, ён унясе шмат карысных правак. Гэта не значыць, што вы кепска зрабілі сваю працу, — па-першае, не кожны вылучаецца красамоўствам; па-другое, нярэдка чалавеку прасцей напісаць, чым сказаць, асабліва калі ягоная дзейнасць звязана са словам, і таму ён больш адказна падыходзіць да інтэрв’ю. Каб зразумець гэта на ўласным досведзе, можаце правесці такі эксперымент: вазьміце з калегам-журналістам інтэрв’ю адно ў аднаго — гарантавана, што вам потым захочацца паправіць ледзь не палову тэксту. Увогуле, хай не выкліча ў вас здзіўленне, калі чалавек выкажа жаданне адказаць на вашыя пытанні пісьмова, — падобнае часам здараецца, калі звяртаецеся да літаратараў.

    Шукайце розныя формы падачы інтэрв’ю: гэта можа быць і дыялог двух творцаў, і перабіўка фактамі (у апошнім выпадку можна “выратаваць” нават тое інтэрв’ю, што з нейкіх прычынаў атрымалася няўдалым). Вучыцеся на чужых памылках і поспехах і таму чытайце чужыя інтэрв’ю, асабліва зробленыя журналістамі, што ўжо адбыліся як прафесіяналы. Зрэшты, чытаць добрыя кнігі таксама не зашкодзіць.

    Падтрымлівайце кантакты з вядомымі людзьмі: высылайце спасылкі, дзе ў інтэрнэце з’явілася інтэрв’ю, дасылайце газеты і часопісы з вашымі публікацыямі, нарэшце, дзяліцеся фотаздымкамі. Гэта толькі здаецца, што ў вядомых людзей вялікія архівы і вашыя фотаздымкі будуць ім без патрэбы, — гэтыя архівы фарміруюцца ў тым ліку і за кошт тых матэрыялаў, што перадаеце вы. Увогуле, калі вы зрабілі інтэрв’ю з нейкім вядомым чалавекам, гэта зусім не значыць, што яно стане першым і апошнім вашым інтэрв’ю з ім. Нават не выключана, што з цягам часу ў вас узнікнуць сяброўскія адносіны. І гэта нягледзячы на розніцу ва ўзросце.

    Будуйце сваё журналісцкае “партфоліа” (гэта, канешне, вялікая раскоша, але лепш шмат ведаць пра адну-дзве “зоркі”, чым нічога пра ўсіх). Падумайце, з кім з вядомых сучаснікаў варта пагутарыць цяпер, пакуль існуе такая магчымасць. Гэткім чынам вы не проста робіце інтэрв’ю — вы ствараеце і ўласную біяграфію.

    Генадзь Бураўкін, фота Сяргея Шапрана

    Уладзімер Арлоў, фота Сяргея Шапрана

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці