Замарожванне тэрмінаў разгляду заяваў на міжнародную абарону ў Польшчы: што з дазволамі на працу і ці ёсць сэнс падавацца зараз?
У Польшчы набылі моц змяненні ў закон «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Паводле іх, тэрміны разгляду справаў аб міжнароднай абароне прыпыняюцца да 4 сакавіка 2026 года. «Белсат» тлумачыць, як гэта закране беларусаў, ці магчыма будзе атрымаць дазвол на працу і ці ёсць сэнс падавацца да сакавіка.

Чарга перад будынкам Упраўлення па справах замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат
Ці дакладна замарожванне тычыцца беларусаў, калі норма прапісаная ў Законе аб дапамозе грамадзянам Украіны?
Са словаў юрыстак ініцыятывы «Партызанка», у Польшчы часта адным законам уносяць змены ў некалькі іншых. Так адбылося і гэтым разам – нягледзячы на тое што ў назве згадваюцца ўкраінцы, нормы закону распаўсюджваюцца на ўсіх замежнікаў.
«Для польскай заканадаўчай практыкі гэта нармалёва, калі праз змены ў адным законе мяняецца некалькі, найчасцей звязаных тэматычна. У дадзеным выпадку таксама так адбылося. Можа здавацца з пункту гледжання назвы, што ён датычыць выключна грамадзянаў Украіны. Але гэта не так. Да таго ж, калі б ён датычыў выключна грамадзянаў Украіны, гэта была б дыскрымінацыйная заканадаўчая практыка», – кажуць юрысткі.
Тое ж самае «Белсату» пацвердзілі ва Управе ў справе замежнікаў Польшчы: замарожванне тэрмінаў разгляду датычыць усіх замежнікаў.
Чаму тэрміны замарозілі?
Змяненні тлумачацца тым, што польскія ўлады не паспяваюць апрацоўваць вялікую колькасць зваротаў: толькі за першае паўгоддзе 2025 года Польшча атрымала 8500 заяваў на міжнародную абарону – амаль удвая больш, чым летась. Сярод іх 5000 зваротаў ад украінцаў (рост амаль удвая) і 1600 – ад беларусаў (іх паменшала на 400).
«Прыпыненне цячэння адміністрацыйных тэрмінаў у справах, што тычацца надання міжнароднай абароны, было ўведзенае ў сувязі з ростам колькасці заяваў, якія ёсць ускоснымі наступствамі агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, а таксама з масавым прытокам грамадзянаў Украіны на тэрыторыю Польшчы. Мэтай гэтай рэгуляцыі ёсць магчымасць адаптацыі працэдураў і працы адміністрацыі да выключнай міграцыйнай сітуацыі, якая ўзнікла», – патлумачыў «Белсату» прэс-сакратар Управы ў справе замежнікаў Польшчы Якуб Дудзяк.
Агульная колькасць зваротаў расце не першы год. Паводле інфармацыі Управы ў справе замежнікаў, за мінулы год па міжнародную абарону ў Польшчы звярнуліся больш за 17 тысячаў чалавек. Гэта на 79 % больш, чым за 2023 год. Рост адбываецца ў асноўным за кошт украінцаў.
Да 2024 года беларусы былі самай шматлікай групай сярод замежнікаў, якія атрымлівалі абарону. Цяпер колькасць зваротаў будзе павялічвацца таксама праз тых, у каго ў гэтым ці наступным годзе скончыцца гуманітарны від на жыхарства, які Польшча выдавала на тры гады і які немагчыма падоўжыць. Для такіх замежнікаў самае відавочнае выйсце – атрымліваць міжнародную абарону.
Як будзе працаваць гэтае замарожванне?
Тэрмін разгляду ўсіх заяваў ва Управе ў справе замежнікаў прыпынены з 30 верасня 2025 года да 4 сакавіка 2026 года. Пасля гэтай даты ўправа альбо працягне адлік замарожаных тэрмінаў, альбо працягне замарожванне яшчэ на нейкі час.
На жаль, практыка пакуль такая, што падобныя абмежаванні звычайна працягваюцца. Напрыклад, тэрміны разгляду заяваў на від на жыхарства не дзеюць з сакавіка 2022 года.
Замарожванне тэрмінаў азначае, што ўправа не абавязаная прытрымлівацца вызначаных законам тэрмінаў. Да ўнясення зменаў справы аб міжнароднай абароне ў Польшчы павінны былі разглядацца цягам шасці месяцаў з дня падачы заявы, а ў складаных выпадках – цягам 15 месяцаў. Прыпыненае дзеянне менавіта гэтых тэрмінаў. Зараз Управа ў справе замежнікаў не абавязаная паведамляць, што справа не разгледжаная ў вызначаны законам тэрмін. Раней пры падаўжэнні часу пра гэта заўсёды папярэджвалі.
Працаваць гэта будзе такім чынам: напрыклад, вы падалі дакументы на атрыманне міжнароднай абароны 4 ліпеня 2025 года, на 4 сакавіка 2026 года афіцыйны тэрмін вашага чакання складзе не восем месяцаў, а менш за тры (з 4 ліпеня да 30 верасня).
«Варта падкрэсліць, што гэтыя рашэнні не азначаюць прыпынення вядзення справаў – яны і надалей будуць разглядацца, а новыя заяўкі – прымацца. Згодна з дзейным заканадаўствам, прыпыненне цячэння тэрмінаў у працэсах надання міжнароднай абароны дзее з 30 верасня 2025 года да 4 сакавіка 2026 года і датычыць усіх замежнікаў», – тлумачыць «Белсату» Якуб Дудзяк.
Ці паўплывае замарожванне тэрмінаў на выдачу дазволаў на працу?
Працаваць падчас падачы на міжнародную абарону могуць толькі тыя, хто мае такі дазвол (напрыклад, праз гуманітарную візу ці ВНЖ, што даюць доступ да рынку працы ў Польшчы). Але калі падчас чакання вашая віза ці карта ВНЖ з дазволам на працу скончыцца, вы страціце права працаваць і павінны будзеце звольніцца да атрымання станоўчай пастановы пра абарону альбо дазволу на працу. Атрымаць такі дазвол можна было толькі праз шэсць месяцаў чакання разгляду заявы на міжнародную абарону з дапамогаю часовага пасведчання асобы.
«Нормы закону працуюць так, што першыя шэсць месяцаў нельга атрымаць дазвол на працу ад міграцыйнай службы. Калі чалавек мае працоўны ВНЖ і падаецца на наступны, у яго захоўваецца права працаваць без дазволу, нават калі ВНЖ скончыцца. Але такой нормы няма менавіта ў працэдуры атрымання міжнароднай абароны. Калі ў кагосьці заканчвацца ВНЖ праз восем месяцаў чакання рашэння, гэтыя людзі могуць падаць праз шэсць месяцаў сваю заяву да шэфа ўправы і дзесьці праз тры-чатыры тыдні атрымаць такі дазвол.
А вось тым, у каго часу да сканчэння ВНЖ менш, сапраўды прыйдзецца, паводле закону, звольніцца і потым нанова ўладкоўвацца на працу. Гэта, вядома, нязручна, таму было б добра, каб гэтую змену ўвялі. Мы хадайнічалі пра тое, каб прыбраць гэтую прававую дзірку яшчэ на пачатку 2024 года ў межах працоўнай групы пры МЗС, якой кіруе Павел Латушка. Але пакуль, як бачна, для польскіх уладаў гэта не прыярытэт, таму законы змяняюцца не заўсёды ў тым напрамку, у якім мы просім», – кажуць у «Партызанцы».
Але наконт дазволу на працу ўвялі выключэнне: замарожванне тэрмінаў не датычыць тэрміну падачы заявы на дазвол на працу. Яго па-ранейшаму можна падаваць праз шэсць месяцаў пасля заяўкі на міжнародную абарону.
«Калі справа аб наданні міжнароднай абароны не была вырашаная цягам шасці месяцаў (і затрымка адбылася не з віны заяўніка), кіраўнік Управы ў справе замежнікаў па хадайніцтве асобы, якой тычыцца заяўка, выдае пасведчанне, якое разам з часовым пасведчаннем асобы замежніка дае права гэтай асобе на працу на тэрыторыі Польшчы.
Прыпыненне цячэння тэрмінаў не датычыць выдачы згаданых пасведчанняў, таму магчымасць працаўладкавання застаецца без змяненняў», – пацвердзіў Якуб Дудзяк, але не адказаў на пытанне, ці разглядае ўправа магчымасць змяніць гэтае правіла.
Калі на 1 кастрычніка вашая справа аб міжнароднай абароне разглядалася пяць з паловаю месяцаў, то ў сярэдзіне кастрычніка, калі ўжо пройдзе шэсць месяцаў, усё роўна можна будзе падаць заяву на дазвол на працу. На практыцы такія дазволы выдаюць цягам трох-чатырох тыдняў.
«Можна, вядома, і адразу напісаць просьбу, каб справу разгледзелі раней, і прыкласці, напрыклад, ліст ад працадаўцы, што ён чакае вас на працы. Гэта можа крыху, на тыдзень, паскорыць выдачу дазволу. Але паколькі шмат заяўнікаў, то зараз гэта таксама можа не спрацаваць», – дадаюць у «Партызанцы».
Што такое жэнеўскі пашпарт і праязны дакумент для замежніка і якія краіны выдаюць іх беларусам
У гэты час няма сэнсу падаваць скаргі на зацягванне часу разгляду справы?
Скардзіцца на марудны разгляд справы да сакавіка 2026 года сапраўды не мае сэнсу, а вось прасіць паскорыцца ніхто не забараняў. Але ніякіх гарантыяў, што гэта дапаможа, таксама няма.
«Заўсёды можна падаваць просьбу аб прыспяшэнні, але трэба разумець, што ў бягучай сітуацыі з наплывам заяваў вашай просьбы могуць не разгледзець, бо органы заваленыя працай. Закон да сакавіка забараняе падаваць так званую скаргу на тое, што орган вельмі доўга разглядае справу, калі тэрмін прыпадае на гэтыя пяць месяцаў замарожвання», – дадалі ў «Партызанцы».
Ці не выходзіць, што ўвогуле няма сэнсу падавацца на абарону да сакавіка? Не, гэта не так. Больш за тое, у асобных выпадках гэта нават неабходна.
Па-першае, з моманту падачы заявы да вынясення пастановы ўвесь перыяд знаходжання ў Польшчы будзе лічыцца легальным. Калі падавацца пасля сканчэння тэрміну дзеяння візы ці ВНЖ, вы ўжо будзеце нелегальна знаходзіцца ў краіне.
Па-другое, калі вы маеце працу, лепш падавацца на міжнародную абарону не пазней за сем месяцаў да сканчэння ВНЖ, каб не згубіць свайго дазволу на працу. Тое самае і з вандроўкамі (не ў Беларусь і Расею, відавочна) – пакуль дзее від на жыхарства, вы можаце выязджаць за межы Польшчы.
