КДБ затрымаў мінімум 50 чалавек, найхутчэй за каментары пра забітага сілавіка
30 верасня стала вядома пра масавыя затрыманні па ўсёй краіне.
Крыніцы «Нашай Нівы» паведамляюць, што загадчыкам юрыдычных кансультацый сёння прыйшоў запыт з калегіі адвакатаў. Было сказана, што патрабуюцца 30 адвакатаў, бо КДБ затрымаў 50 чалавек па 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальванне варожасці) Крымінальнага кодэкса.
Па інфармацыі валанцёраў, учора толькі ў Мінску было затрымана 11 чалавек.
Тэлеграм-канал «DW Беларусь» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што прычына масавых затрыманняў — каментары аб смерці супрацоўніка КДБ.
Нагадаем, учора ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў выказаўся наконт тых, хто піша каментарыі.
«І вось усе гэтыя каментатары. Пасля таго, што было сказана і паказана — гэта ворагі, але гэта ворагі асабліва цынічныя, якія заслугоўваюць толькі фізічнага знішчэння і ніяк інакш», — заявіў Карпянкоў.