Кіраўніцтва берасцейскага «Камунальніка» адмовілася даваць журналістам інфармацыю пра спіленыя дрэвы
Кіраўніцтва берасцейскага "Камунальніка" адмовілася назваць незалежным журналістам прычыны, чаму ў горадзе спілоўваюць здаровыя дрэвы.
6 чэрвеня работнікі «Камунальніка» спілавалі некалькі здаровых дрэваў у мікрараёне «Усход» горада Брэста.
Падчас працы прадстаўнікі «Камунальніка» паводзілі сябе агрэсіўна і спрабавалі вырваць камеру ў незалежнай журналісткі Міланы Харытонавай, адмовіліся прадставіцца і заявілі, што яны з арганізацыі «Рогі і Капыты».
Не менш беспакарана пачуваецца і кіраўніцтва «Камунальніка». Калі журналіст Алесь Ляўчук патэлефанаваў у Камунальнік, каб даведацца па якіх крытэрах вызначаюць, пілаваць ці не дрэвы, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу «Камунальніка» Уладзімір Співак заявіў, што ён не абавязаны ні перад кім даваць справаздачу і не будзе адказваць на пытанні журналіста.
«Работнікі «Камунальніка» адчуваюць сваю поўную беспакаранасць, таму і паводзяць сябе так нахабна. Гэта не першы выпадак канфлікту. Ужо былі факты, калі яны безпадстаўна адмаўляліся даваць каментары, а рабочыя кідаліся на журналістаў. Нават аднойчы сабаку спрабавалі на нас спусціць. Гэта арганізацыя атрымлівае вялікія сродкі з нашых падаткаў, таму я думаю, што можна знайсці механізмы, каб на іх паўплываць», — заявіў Прэс-службе ГА «БАЖ» Алесь Ляўчук.
