Кіраўніку БелаПАН Алесю Ліпаю вярнулі сканфіскаваную тэхніку
Пра гэта Алесь Ліпай паведаміў у сваім Фэйсбуку.
Ператрус на кватэры Алеся Ліпая адбыўся 14 чэрвеня. Пасля яго кіраўніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН павезлі на допыт у ДФР па Мінскай вобласці.
Як пазней паведаміў КДК, Ліпая падазраюць у тым, што ён не заплаціў падаходны падатак з даходаў, атрыманых за мяжой.
У дачыненні да яго распачата крымінальная справа.
БелаПАН — адзінае ў краіне незалежнае інфармацыйнае агенцтва. БелаПАН быў таксама генеральным спонсарам канцэрта на Дзень Волі ў 2018 годзе.
52-гадовы Алесь Ліпай вядомы таксама як аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і чалавек вялікай мужнасці. У чэрвені 1996 года, падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Мінску, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу на сябе. Ліпай стварыў БелаПАН яшчэ ў 1991 годзе і нязменна ім кіраваў.