• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кнігі самавітых журналістаў трапілі ў шорт-ліст Гедройця

    Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвесцілі кароткі спіс літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год. У фінальны этап конкурсу ў тым ліку прайшлі — і цяпер будуць змагацца за перамогу — мемуары журналістаў Аляксандра Лукашука і Сяргея Дубаўца і раман Зміцера Дзядзенкі.

    шорт-ліст Гедройця

    Прэмія Гедройця была заснавана ў 2012 годзе і сёння з’яўляецца адной з найважнейшых культурных узнагарод Беларусі. Яна адзначае выбітныя творы мастацкай і дакументальнай прозы, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.

    У кароткі спіс чатырнаццатага сезона Гедройця  ўвайшло 6 кніг:

    • «Гульні Цырцэі. Раман» —  Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org)
    • «Занзібар. Сталенне маладой душы» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»)
    • «Перамена месцаў» – Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
    • «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»)
    • «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала (выдавецтва «Ale­na Kazlo­va»)
    • «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»)

    Сяргей Дубавец — журналіст «Радыё Свабода», першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы». У 2024 годзе Генпракуратура Беларусі завяла супраць медыйшчыка шэсць крымінальных спраў.

    Кніга «Занзібар. Сталенне маладой душы» распавядае не толькі пра гэты афрыканскі востраў. Тут сабраныя ўспаміны пра беларускае маленства, вучобу на журфаку, станаўленне нацыянальнай культуры і памкненне да Беларусі.

    — Тут насамрэч усё проста. Я крыху паезьдзіў па сьвеце, бачыў розныя «віды» жыцьця, але толькі на Занзібары яно здалося мне такім, якім я бачыў і разумеў яго ў дзяцінстве. Прычым на афрыканскім востраве гэта жывое жыцьцё, а таго майго дзіцячага — ці ў Мазыры, ці ў бабулі ў Мялешкавічах, ці на Круглай у Менску — даўно няма і сьледу. І выглядае яно на сёньняшні погляд ніяк ня менш экзатычна, чым тое, што мы можам пабачыць на Занзібары. Мая кніжка — гэта падарожжа, аднолькава далёкае ў часе і прасторы. Умоўна кажучы, да майго дзяцінства гэтаксама далёка, як да Занзібара. Хлопчыка на вокладцы вы гарантавана сустрэнеце там і ўжо ніколі не пабачыце тут, — распавядаў пра свой твор аўтар у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

    Сяргей Дубавец: «Маё вяртанне да сябе завяршылася, а да Беларусі яшчэ не»

    Аляксандр Лукашукузначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 да 2023  — гэта  рэкордны тэрмін ў гісторыі  амерыканскага замежнага вяшчання. Пры ім змянілася восем дырэктараў Расійскай службы, шэсць – Украінскай, паўтара тузіны прэзідэнтаў радыё. У кнізе «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» можна знайсці ўспаміны пра афганскі перыяд жыцця, ягоны досвед галоўнага рэдактара карпарацыі з 25 рэдакцый і пра палітзняволеных свабодаўцаў.

    — Яшчэ да 2020 года, у часы ўмоўнай лібералізацыі, многія журналісты задаваліся пытаннем: а што рабіць? А пасля дзяржаўнага самавольства, якое пачалося з 2020 года, калі пераслед журналістаў стаў звыклай справай, калі журналісты сталі галоўным ворагам рэжыму. Злавіў сябе на думцы, што не маю адказу на гэтае пытанне. Але вывеў для сябе тры пункты, чаго не трэба рабіць: не нашкодзіць сабе самому, не нашкодзіць іншым і не хлусіць, —  тлумачыў падчас прэзентацыі свайго твору ў Вільні спадар Лукашук.

    Лукашук: У Беларусі вайна супраць журналістаў, а не журналісты на вайне, як у Афганістане

     Зміцер Дзядзенка — пісьменнік і журналіст. Працаваў рэдактарам на БТ і журналістам у «Нашай Ніве». «Гульні Цырцэі» — гэта гістарычны дэтэктыў пра падзеі ў Воршы ў 1920 годзе. 

    Калі вырашыцца галоўная інтрыга?

    Журы прэміі адзначыла, што працаваць сёлета было і нялёгка, і радасна:

    «Нялёгка – бо маем моцны, розны паводле тэматыкі і жанраў спіс намінантаў, якія часам адно аднаму  дыхаюць у патыліцу.  Даводзіцца па некалькі разоў перагалосаўваць, таму што кнігі набіраюць роўную колькасць балаў. Яшчэ на этапе складання доўгага спісу давялося ўключыць туды не 12, як звычайна, а 13 пазіцый. Далей змаганне толькі абвастрылася. Радасна — бо прэмія будзе ўручацца ўжо чатырнаццаты раз.

    Жыве прэмія Ежы Гедройця! Жыве беларускае прыгожае пісьменства!»

    Прэмія пераможцу будзе ўручана 15 лістапада 2025 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску (Польшча).

    Нагадаем, што перад уласна цырымоніяй уручэння Гедройця будзе зладжаная дадатковая падзея: узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак новай прэміі «Голас пакалення свабоды» для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+. Гэтая намінацыя створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года..

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці