«Героі» за дзяржаўны кошт. Колькі «Белтэлерадыёкампанія» заплаціла медыйным тэлевядоўцам з бюджэту краіны
Незалежнае расследавальніцкае медыя «Бюро» высветліла, якія ганарары атрымалі тэлевядоўцы новых сезонаў спартова-забаўляльнага шоу «Героі».

Фота: portclub.by
Спартова-забаўляльнае шоу «Героі» – гэта сумесны праект «Белтэлерадыёкампаніі», МНС, Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту і Прэзідэнцкага спартовага клуба, які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка – сярэдні сын кіраўніка Беларусі. Нядаўна «Бюро» расказала, якую налічаную заработную плату ён атрымлівае на пасадзе старшыні спартклуба.
Вядоўцай першага сезону «Герояў» была старэйшая дачка Дзмітрыя Лукашэнкі – Дар’я. Аўтарам саўндтрэка шоу стала жонка Дзмітрыя – Ганна Лукашэнка, больш вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук.
Згодна з дадзенымі тэндарных закупак «Белтэлерадыёкампаніі», расійскі фігурыст Аляксей Ягудзін за вядзенне 7 выпускаў тэлешоу «Героі. Эвалюцыя» атрымаў амаль 60 тысяч беларускіх рублёў, або прыкладна 8,5 тысячы за адзін эпізод. Плацілі алімпійскаму чэмпіёну з бюджэтных сродкаў – то бок з нашых з вамі падаткаў.
Дарэчы, каманда, якая пераможа ў «Героі. Эвалюцыя», атрымае грашовы прыз, кратны ганарару Ягудзіна – 60 тысяч беларускіх рублёў.
Другі «зорны» вядоўца, блогер Улад Кабякоў, каштаваў дзяржбюджэту значна танней – за 7 праграм чацвёртага сезона «Героі. Дзеці» ён зарабіў амаль 14 тысяч беларускіх рублёў, або каля 2 тысяч за серыю.
Такім чынам, атрымліваецца, што «Белтэлерадыёкампанія» толькі на ганарары двух медыйных вядоўцаў патраціла амаль 74 тысячы беларускіх бюджэтных рублёў – амаль 20 тысяч еўра.
