Кожны знойдзе свае прычыны — Onliner пра тое, што адбываецца з парталам
Рэдакцыя партала Onliner вырашыла растлумачыць, што адбываецца з інфармацыйным напаўненнем партала.
Яшчэ ў мінулым годзе Onliner быў адным з самых яркіх медыя, якія асвятлялі ўсе актуальныя падзеі ў краіне. Партал пісаў і пра выбары, і пра паслявыбарчыя пратэсты. Аднак на фоне рэпрэсій, якія ўлада пачала ў дачыненні да незалежных СМІ, сайт перастаў публікаваць артыкулы і навіны на значныя палітычныя і сацыяльныя тэмы.
«У апошнія месяцы многія з вас маглі заўважыць перамены ў навінавай павестцы Onliner . Сёння мы сфармулюем асноўныя змены, каб дыстанцыя паміж намі заставалася мінімальнай», — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле, апублікаваным у сераду на партале.
Змяняецца раздзел «Людзі», які, на думку самой рэдакцыі, у апошнія гады стаў «нашым галоўным навінавым адлюстраваннем грамадскага жыцця». Але ў тым выглядзе, у якім ён існуе цяпер, гэты раздзел «перастаў выконваць свае асноўныя функцыі. Кожны знойдзе ў гэтым свае прычыны і падставы».
Раздзел «Людзі» больш не будзе займацца навінамі, а будзе публікаваць гісторыі пра пенсіянераў, людзей з інваліднасцю і шматдзетныя сем’і.
З’явіцца раздзел «Лайфстайл». Ён будзе прысвечаны тэмам здароўя, псіхалогіі, адносін, культуры і моды — усяму таму, што, на думку рэдакцыі, «фармуе актуальныя межы жыцця чалавека кожны дзень».
Пасля выбараў мінулай восенню з рэдакцыі Onlíner сышло адразу некалькі журналістаў, у тым ліку галоўны рэдактар Мікалай Казловіч.