Круглы стол па пытаннях прававой бяспекі журналістаў у Магілёве
26 чэрвеня ў грамадскім цэнтры “Кола” ў Магілёве адбыўся круглы стол, на якім мясцовыя сябры ГА “БАЖ” з дапамогай сябра Праўлення, юрыста Алега Агеева абмеркавалі пытанні прававой бяспекі журналістаў падчас збору і распаўсюду інфармацыі.
Сустрэчу прымеркавалі да пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Два дзясяткі журналістаў з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці з дапамогай Алега Агеева прааналізавалі рызыкі, якія ўзнікаюць у часе выканання прафесійных абавязкаў. Юрыст даў удзельнікам сустрэчы канкрэтныя парады для складаных сітуацый, распавёў пра нюансы беларускага заканадаўства, якія журналісты могуць павярнуць на сваю карысць. Асаблівую ўвагу ён надаў пытанням прававой бяспекі журналістаў.
Юрыст таксама адказаў на шматлікія пытанні магілёўскіх БАЖаўцаў, якія перыядычна ўзнікалі ў працэсе абмеркавання.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель распавёў удзельнікам мерапрыемства пра этапы кампаніі па правядзенні выбараў. Рэдактар крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны падзяліўся з прысутнымі асабістым досведам па ўсталяванні працоўных кантактаў з сябрамі выбарчых камісій розных узроўняў. На думку выступоўцаў, такія кантакты дазваляюць журналістам пазбягаць канфліктаў падчас асвятлення дзейнасці камісій і дапамагаюць здабываць патрэбную інфармацыю.
Па агульным меркаванні ўдзельнікаў семінара, сустрэча атрымалася вельмі карыснай для журналістаў. Магілёўскія БАЖаўцы падзякавалі Алегу Агееву за цікавае і змястоўнае мерапрыемства і выказалі спадзяванне, што ён яшчэ не аднойчы наведае Магілёўшчыну.
Гэта ўжо другая сустрэча на тэму прававой бяспекі журналістаў, якая адбылася ў Магілёве сёлета. У лютым 2016 г. юрыст Аляксандр Жук распавядаў мясцовым журналістам пра прававыя аспекты і асаблівасці працы з інтэрнэт-рэсурсамі і сацыяльнымі сеткамі.