Крычаўскія міліцыянеры ўсё яшчэ вядуць праверку па заяве журналіста
Крычаўскі журналіст Мікалай Гердзій атрымаў з пракуратуры Крычаўскага раёна і мясцовага РАУС адказы на свае звароты.
Нагадаем, што 3 чэрвеня М. Гердзій накіраваў заяву на імя начальніка Крычаўскага РАУС з просьбай правесці праверку факту парушэння правоў больш шасці з паловай тысяч падпісчыкаў газеты з боку рэдакцыі газеты “Крычаўскае жыццё” ў адпаведнасці з артыкулам 168 КПК Рэспублікі Беларусь.
У выпадку пацвярджэння факту перавышэння службовых паўнамоцтваў службовымі асобамі “Крычаўскага жыцця”, якія выявіліся ў прысваенні (крадзяжы) грашовых сродкаў падпісчыкаў, журналіст прасіў прыцягнуць вінаватых да адказнасці паводле закона.
І намеснік пракурора Крычаўскага раёна Сняжана Ларынава, і часовы выканаўца абавязкаў начальніка Крычаўскага РАУС Андрэй Кузмянкоў паведамілі журналісту, што па яго заяве ўсё яшчэ праводзіцца праверка, і што яе тэрмін працягнуты да 3 ліпеня.
Паводле супрацоўніка міліцыі, пра вынікі праверкі М. Гердзію паведамяць дадаткова.
Нагадаем, што паводле падпіснога каталога ў 2015 годзе падпісчыкі мелі атрымаць 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё” – 51 нумар у першым паўгоддзі і 53 – у другім. Між тым, у 2015 годзе фактычна выйшла ўсяго 100 нумароў “Крычаўскага жыцця” – 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 – у другім.
Мікалай Гердзій, які з’яўляецца сталым падпісчыкам “Крычаўскага жыцця”, звярнуў увагу на гэтае парушэнне і накіраваў адпаведныя звароты ў розныя інстанцыі. Пасля гэтага грошы за недаатрыманыя нумары газеты Гердзію адразу ж вярнулі, і рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна даслала яму ліст з афіцыйнымі выбачэннямі. Іншыя падпісчыкі газеты, між тым, так і не ўбачылі на яе старонках ні выбачэнняў, ні інфармацыі пра магчымасць кампенсацыі.