Крымінальную справу журналіста, які фатаграфаваў расійскую тэхніку, перадалі ў суд
Баранавіцкага журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яго справу зараз перадалі ў Брэсцкі абласны суд. Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Юрыя Ганцарэвіча затрымалі ў маі гэтага года з‑за таго, што ён фатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і дасылаў здымкі ў незалежныя медыя. Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», то журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічанні такому «фармаванню».
Праваабаронцамі Юрый быў прызнаны палітзняволеным.
Да гэтага часу спадар Ганцарэвіч знаходзіўся ў СІЗА № 6 у Баранавічах . Зараз яго крымінальную справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд. Дата суда пакуль невядомая, як і горад, у якім будзе праходзіць працэс.
Юрыю Ганцарэвічу 23 гады, родам ён з Мікашэвічаў. Раней супрацоўнічаў з інтэрнэт-выданнямі ў Лунінцы і Брэсце. Апошнім часам Юрый працаваў для баранавіцкага незалежнага выдання Intex-press, дзе ў асноўным выконваў абавязкі фатографа.
Чытайце яшчэ:
Затрыманы дырэктар і галоўны бухгалтар dev.by
Уладзіміру Мацкевічу прысудзілі 5 гадоў узмоцненага рэжыму
Новы суд над журналісткай Кацярынай Андрэевай пачнецца 4 ліпеня