Куды небяспечна ехаць беларусам: спіс ад экспертаў
Абставіны знікнення былога дыпламата і чыноўніка Анатоля Котава па-ранейшаму невядомыя. Паведамляецца, што ён знік у Турэччыне. Куды небяспечна ездзіць беларусам, якія асцерагаюцца пераследу з боку рэжыму? «Радыё Свабода» спытала экспертаў.

Фота: Pixabay для pexels.com
Міхалевіч: У базу вышуку краінаў СНД можна трапіць праз адзін клік беларускага міліцыянта
Паводле юрыста ў галіне міжнароднага права Алеся Міхалевіча, беларусам, якія баяцца перасьледу з боку рэжыму, можна ехаць у краіны з высокім узроўнем праўнай культуры.
— Гэта краіны, дзе пры наяўнасьці запыту дакладна будзе экстрадыцыйны працэс, дзе беларускія спэцслужбы адчуваюць сябе дрэнна, бо ім там ніхто не дазволіць займацца сваволяй. Гэта краіны Эўразьвязу, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, можна дадаць Японію, Сынгапур. Большасьць так званых цёплых, бедных краінаў — вельмі небясьпечныя, і я ня раіў бы нікому туды ехаць.
Пытаемся Алеся Міхалевіча, на якой падставе можа адбыцца затрыманьне ў такіх краінах — праз запыт у Інтэрпол ці проста праз дамоўленасьць з уладамі краіны? Паводле Алеся Міхалевіча, гэта можа адбыцца і праз дамоўленасьць паміж спэцслужбамі.
— Тут трэба адрозьніваць звычайнага актывіста, які проста ўдзельнічаў у пратэставых падзеях у Беларусі, і чалавека, які, як, напрыклад, Анатоль Котаў, працаваў у дзяржаўных структурах, то бок зьяўляецца здраднікам для Лукашэнкі.

Алесь Міхалевіч / Euroradio
Пытаемся ў Алеся Міхалевіча: колькі было выпадкаў у ягонай юрыдычнай практыцы пасьля 2020 году, калі даводзілася дапамагаць беларусам, якіх затрымлівалі ў іншых краінах на запыт уладаў Беларусі?
— Дзясяткі выпадкаў, але ўсё залежыць ад таго, ці дзейнічаюць у краіне праўныя мэтады. Праўныя мэтады — гэта затрыманьне і афіцыйны экстрадыцыйны працэс. Тады прынамсі ўзьнікаюць хаця б нейкія праўныя мэханізмы, каб бараніцца. У Віетнаме былога беларускага добраахвотніка Верамейчыка спэцслужбы Віетнаму проста перадалі ў Беларусь. Усё было вырашана няпраўным шляхам. Можам узгадаць, калі Юрася Зяньковіча Расея без экстрадыцыйнага працэсу проста давезла да мяжы зь Беларусьсю, і яго ўжо афіцыйна затрымалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ёсьць прыклады, калі ідзе супраца паміж спэцслужбамі, калі можа адбывацца проста абмен, калі папрасілі кагосьці пра дапамогу ў адной справе для таго, каб вырашыць нейкую іншую справу. Але такіх выпадкаў няшмат. Так ня будзе адбывацца са звычайнымі беларускімі актывістамі, якія проста прымалі ўдзел у пратэстах, але ў выпадку зь першаплянавымі людзьмі гэта, безумоўна, магчыма.
Многія беларусы, якія апынуліся за мяжой, хочуць сустрэцца з роднымі. Атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі вельмі складана, пажылым людзям цяжка стаяць соднямі на мяжы. І часам людзі, каб пабачыць родных, выбіраюць для сустрэчы нэўтральную краіну, куды беларусам не патрэбная віза. Ці ёсьць бясьпечныя краіны для сустрэчаў з роднымі, якія не вымагаюць шэнгенскіх візаў? Алесь Міхалевіч адказвае:
— Гарантыі наконт цалкам бясьпечных краінаў я б не даваў. Але раіў бы разглядаць Чарнагорыю ці Альбанію. Гэта краіны, якія ўваходзяць у NATO, якія імкнуцца да ўступленьня ў Эўразьвяз, але пры гэтым не зьяўляюцца візавымі краінамі для беларусаў.
Марозаў: Беларусь працягвае злоўжываць мэханізмамі Інтэрполу
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леанід Марозаў падзяліўся з Свабодай рэкамэндацыямі Офісу Ціханоўскай наконт таго, куды ня варта ехаць праз рызыку палітычнага перасьледу.

Леанід Марозаў. Фота: wikipedia.org
— Найбольш небясьпечныя — дзяржавы і тэрыторыі, дзе высокі шанец затрыманьня/экстрадыцыі праз базы СНД/ШАС ці праз двухбаковыя пагадненьні аб праўнай дапамозе. Паводле рэкамэндацыяў Офісу, ня варта ехаць:
- у Расею, Азэрбайджан; краіны Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан), а таксама Пакістан, Індыю, Кітай;
- на непрызнаныя тэрыторыі (Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, «ДНР/ЛНР», Крым);
- Вэнэсуэлу, Паўночную Карэю, Тайлянд, Віетнам, Шры-Ланку; Кубу, Лаос, Сырыю, Камбоджу;
асобна адзначаюцца краіны, дзе рызыка ўзрастае праз двухбаковыя пагадненьні (як мінімум): Сэрбія, ААЭ, М’янма, Замбія, Зымбабвэ, Афганістан, Іран, Ірак.
Леанід Марозаў падкрэсьлівае, што гэтыя сьпісы ня ёсьць вычарпальнымі, а Беларусь працягвае злоўжываць мэханізмамі Інтэрпола, таму затрыманьні здараліся нават у адносна «бясьпечных» краінах (хоць і рэдка).
На пытаньне Свабоды, якія краіны выглядаюць адносна бясьпечнымі, але туды ўсё роўна ня варта ехаць, Марозаў называе так званую «шэрую зону» — краіны, дзе цяпер масавых экстрадыцыяў у Беларусь не было, але праўныя падставы ці практыка ўзаемадзеяньня існуюць. Сярод іх, напрыклад:
Грузія (ёсьць пагадненьне СБ Грузіі з КДБ Беларусі), Турэччына, Эгіпет, Манголія, Марока, Саудаўская Арабія, Мэксыка, Катар.
Дарадца Ціханоўскай лічыць, што варта зважаць на краіны, якія маюць двухбаковыя пагадненьні аб праўнай дапамозе зь Беларусьсю. Такія пагадненьні, напрыклад, падпісалі Шры-Ланка, Віетнам, Турэччына, Манголія, ПАР, Іран і Сэрбія. Перамовы вядуцца зь Індыяй, Ганконгам і Эгіптам. Такім чынам, у гэтых краін ёсьць законная магчымасьць экстрадыцыі ў Беларусь.
Што да краін, у якіх сустракацца з роднымі бясьпечна, Марозаў папярэджвае:
— Сапраўды, многія беларусы, у якіх сваякі ня маюць шэнгенскіх візаў, выбіраюць для сустрэч так званыя «нэўтральныя краіны». Але тут трэба ўлічваць, што ўзровень бясьпекі вельмі розны. Найбольш надзейны варыянт — гэта краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, дзе рызыкі мінімальныя. Калі ж казаць пра больш даступныя кірункі, то часта людзі едуць у Грузію, Турэччыну ці краіны Балканаў. Мы называем іх «шэрай зонай»: гэта ня так небясьпечна, як Расея ці краіны Цэнтральнай Азіі, але ўсё ж рызыкі існуюць, бо дзейнічаюць пагадненьні аб праўнай дапамозе ці ёсьць практыка ўзаемадзеяньня з спэцслужбамі Беларусі. Таму для кароткай сустрэчы гэтыя краіны можна разглядаць, але затрымлівацца там надоўга я б ня раіў. І заўсёды важна загадзя падумаць пра асабістую бясьпеку. Калі вы лічыце, што ў вас павышаная рызыка затрыманьня і экстрадыцыі ў Беларусь, варта паглядзець уважліва на сытуацыю ў краіне, якую вы зьбіраецеся наведаць. Гэта можна зрабіць або на адмысловым сайце pashpart.org, або на спэцыяльнай старонцы «Праўнай ініцыятывы».
Што рабіць, калі беларусы адчуваюць, што трапілі ў бяду? Прапановы дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леаніда Марозава:
— Найперш — спакой і яснасьць дзеяньняў. Калі адбываецца затрыманьне, трэба адразу патрабаваць адваката і перакладніка і ні ў якім разе не падпісваць дакумэнтаў, якіх вы не разумееце. Вельмі важна загадзя мець «надзейную асобу», якая будзе ведаць ваш маршрут і зможа паведаміць пра сытуацыю звонку. Асабліва раю тым, хто ўжо атрымаў у Эўропе міжнародную абарону ці статус уцекача: лепш загадзя зрабіць натарыяльна засьведчаную копію дакумэнта, мець яго пераклад на ангельскую мову ці на мову краіны, куды вы едзеце. Трымаць гэты дакумэнт варта і ў онлайн-доступе (Google Drive ці ў іншым воблачным сховішчы), і пры сабе ў папяровым выглядзе. Гэта можа адыграць ключавую ролю, калі раптам узьнікнуць пытаньні да вашага статусу.
— І, вядома, тэхналёгіі — проста незаменная рэч. Лепш загадзя настроіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю, зашыфраваныя каналы камунікацыі і трымаць важныя дакумэнты ў аблоках. Гэта ўсё дробязі, але менавіта яны могуць выратаваць у крытычнай сытуацыі.
Марозаў раіць паралельна выходзіць на Офіс Святланы Ціханоўскай ці мясцовыя праваабарончыя арганізацыі, якія могуць хутка адрэагаваць. Паводле яго, апэратыўная інфармацыя і сыгнал вонкі часта бываюць вырашальнымі ў такіх сытуацыях.
Праваабарончыя арганізацыі, куды можна зьвяртацца па дапамогу
Грузія
- Lawtrend — Цэнтар прававой трансфармацыі (чат-бот)
- Rights Georgia — Tbilisi: #11a, Akaki Gakhokidze Str, 0160; Phone+995 (32) 299 88 56, E‑mail: office@rights.ge
- Human Rights House — Tbilisi: #11a, Akaki Gakhokidze Str, 0160; Phone: +995 32 2 38 20 18, E‑mail: tbilisi@humanrightshouse.org
- The Tolerance and Diversity Institute — Tbilisi, 4, Ghambashidze str., flat #5 0179 Phone: +995 32 298 21 71, E‑mail: info@tdi.ge
- Transparency International Georgia — Tbilisi, 61 Agmashenebeli Ave., 0102. Tel:+995 322 921403 E‑mail: info@transparency.ge, Batumi, 74, Parnavaz Mepe Str., 6010 Tel:+995 422 294488 E‑mail: info@transparency.ge
- Social Justice Centre — Tbilisi: 12b I. Abashidze (entrance from 14–16) 0179, Tel:+995 32 2 233 706 E‑mail: info@socialjustice.org.ge
- Young Lawyers Association — Tbilisi, Uznadze Street N.101 Tel: (995 32) 299 50 76, E‑mail: Gyla@gyla.com
Армэнія:
- Helsinki Citizens’ Assembly-Vanadzor Office in Yerevan — E‑mail: info@hcav.am, Tel:(+374) 11 24 22 68 (https://hcav.am/en)
Турэччына:
- Human Rights Foundation of Turkey — E‑mail: tihv@tihv.org.tr, https://en.tihv.org.tr/
- İnsan Hakları Derneği/Ankara — E‑mail: ihd@ihd.org.tr, Tel: 03122303567–68-69, https://www.ihd.org.tr/tag/ankara/
- İnsan Hakları Derneği/Diyarbakır — E‑mail: diyarbakir@ihd.org.tr, Tel: 04122233033/04122295866, http://www.ihddiyarbakir.org
- Amnesty International in Türkiye — Tel: 00902123616218, Address — Uluslararası Af Örgütü Hacımimi Mah. Kemeraltı Cad. Adahan No:31 Kat:2 34425 Karaköy-Beyoğlu/İstanbul
