Новы стары ньюсрум: куды і чаму пераехаў «Белсат»? Разбіраемся
З‑за фінансавай нявызначанасці «Белсат» мусіў перадыслакавацца ў іншае месца. 27 траўня можна лічыць першым паўнавартасным працоўным днём навінавага аддзела пасля гэтага перамяшчэння. БАЖ папрасіў выканаўцу абавязкаў дырэктара тэлеканала Аляксея Дзікавіцкага распавесці пра абставіны пераезду.

Новы стары ньюсрум «Белсата». Фота: са старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Facebook
Прычыны пераезду
Месца на новым старым офісе многа, таму, нягледзячы на тыповыя складанасці пераезду, журналісты настроеныя досыць аптымістычна.
— Пераезд звязаны з пастановай Польскага грамадскага тэлебачання TVP, якое некалькі месяцаў таму прыняло рашэнне: усе каналы, якія вяшчаюць за мяжу, у тым ліку і мы, маюць змяніць сваю дыслакацыю на іншую, — тлумачыць абставіны перамен спадар Дзікавіцкі.
То-бок, мы вярнуліся туды, дзе працавалі яшчэ чатыры гады таму і адкуль пачыналі.
Гэтымі днямі стартавалі першыя эфіры.
— Частка з нас пераехала раней (хто меў з сабой толькі камп’ютары), але перавоз тэхнічнай інфраструктуры тэлебачання — гэта вельмі складаная аперацыя. Некаторыя непаладкі яшчэ пэўны час будуць вылазіць, але, можна сказаць, што 27 траўня адбыліся першыя паўнавартасныя эфіры (ранішні і вячэрні) з новай лакацыі, — дадае суразмоўца.

У студыі па той бок відэакамер падчас эфіру. Фота: з асабістай старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Facebook
Што будзе з тэлеканалам далей?
— Якія рашэнні ўжо прынятыя ў рамках нявызначанай фінансавай сітуацыі?
— Цяжка прымаць канкрэтныя рашэнні, пакуль мы не разумеем да канца, на жаль, далейшыя ўмовы нашай працы. Ужо канец траўня, а мы дагэтуль не ведаем, як карта ляжа: наш бюджэт скарачаюць на суму ад 6 з паловай да 20 з паловай мільёнаў злотых.
Вядома, некаторыя крокі ўжо зробленыя: абрэзаная пэўная частка праграм, частка вяшчання будзе ажыццяўляцца ў запісу — ужо летам.
Але сапраўды казаць пра якую-кольвечы рэформу, якую хацеў бы зрабіць, пакуль заўчасна, таму што мы не падпісалі канчатковых пагадненняў з нашым галоўным донарам — Міністэрствам замежных спраў Польшчы.
— Пра рэформу, якую б вы жадалі правесці на тэлеканале, пакуль рана агучваць? Хоць бы тэзісна?
— Рана. Калі няма пэўнасці, то няма свабоды дзеянняў. Таму варта вярнуцца да размовы пра рэформу «Белсат» праз некаторы час, калі, спадзяюся, усе фармальныя рэчы будуць вырашаныя, а пагадненні падпісаныя.

Студыя навін «Белсата». Фота: з асабістай старонкі Аляксея Дзікавіцкага ў Facebook
— Ці праглядваюцца сёння нейкія перспектывы перамоваў з польскімі ўладамі?
— Дагэтуль трывае дыялог, але я б не назваў перамовы такімі ўжо ружовымі і вясёлымі. На гэты момант дакладна магу сказаць, што планы развіцця, якія мы выношвалі сёлета, ужо не змогуць ажыццявіцца. А пра перспектывы можна гаварыць толькі тады, калі скончацца перамовы.
