Лаўроў заявіў, што абмяркоўваў з Макеем працу расійскіх СМІ ў Беларусі
Пра гэта міністр замежных спраў Расіі заявіў падчас візіту ў Мінск, дзе ён бярэ ўдзел у працы Савета міністраў замежных спраў СНД.
«Пытанне гэта абмяркоўвалася. Я размаўляў з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. У нас ёсць агульнае разуменне неабходнасці зрабіць усё, каб расійскія СМІ ў Беларусі і беларускія СМІ ў Расіі працавалі ў максімальна камфортных умовах. У нас ёсць некаторыя ідэі, якія мы будзем рэалізоўваць у найбліжэйшы час», — цытуе Сяргея Лаўрова ТАСС.
Сайт «КП у Беларусі» быў заблакаваны 29 верасня пасля артыкула Генадзя Мажэйкі з каментаром аднакласніцы Андрэя Зельцэра. 1 кастрычніка журналіст быў затрыманы. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
«Комсомольская правда» 5 кастрычніка паведаміла пра закрыццё прадстаўніцтва ў Мінску. У афіцыйным паведамленні рэдкалегіі выдання адзначалася, што ўсім супрацоўнікам закрытага прадстаўніцтва будуць выплачаныя кампенсацыі або прапанавана праца ў іншых офісах.
