Улетку 2023 году Леанід Судаленка выйшаў на волю пасьля амаль двух з паловай гадоў зьняволеньня. Празь некалькі месяцаў ён мусіў зьехаць за мяжу, бо асьцерагаўся новага арышту за праваабарончую дзейнасьць. Асьцерагаўся, як высьветлілася, не дарэмна. У 2024 годзе Леаніда Судаленку, які ўжо жыў у Вільні, суд у Беларусі прызнаў вінаватым у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ( ч. 1 і 2 артыкулу 361–4 Крымінальнага кодэксу) і завочна засудзіў на 5 гадоў зьняволеньня.
Праваабаронца не пагадзіўся з прысудам, а таксама аспрэчыў тое, што суд над ім праходзіў завочна і таму ён ня мог абараніцца. Пры гэтым Леанід Судаленка так і ня змог атрымаць інфармацыі, за што менавіта яго прыцягнулі да адказнасьці.
Перапісвацца зь дзяржаўнымі ўстановамі давялося больш як год, і толькі сёлета ў траўні праваабаронца атрымаў на літоўскі адрас ліст з Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Паводле ліста, падпісанага намесьнікам генэральнага пракурора Аляксеем Стукам, рэчавымі доказамі віны Леаніда Судаленкі сталі ягоныя інтэрвію, разьмешчаныя «на інтэрнэт-сайтах „Вясны“, Радыё Свабода, БЕЛСАТу, „Нашай Нівы“, каналах „Свабода Premium“ і „Charter97video“ відэагостынгу YouTube у пэрыяд з 6 жніўня па 31 кастрычніка 2023 году». Намесьнік генэральнага пракурора ўдакладніў, чаго канкрэтна тычыліся гэтыя інтэрвію — «умоваў адбыцьця пакараньня асуджанымі на пазбаўленьне волі ў папраўчых калёніях ды іншых пытаньняў».
Мэдыя, зь якімі кантактаваў праваабаронца, як і праваабарончы цэнтар «Вясна», паводле Аляксея Стука, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», іх дзейнасьць забароненая, бо яны «дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь».
Леанід Судаленка патлумачыў для Радыё Свабода, пра што ён расказваў мэдыя па сваім вызваленьні, і пракамэнтаваў завочнае прыцягненьне да адказнасьці.
«Апавядаў пра тое, што бачыў падчас адседкі ў калёніі „Віцьба‑3“: пра парушэньні правоў вязьняў, зьдзекі з палітычных, якія зьведаў і сам, хібы турэмнай мэдыцыны, дрэнныя побытавыя ўмовы. І гэта была дакладная, пацьверджаная іншымі крыніцамі інфармацыя, а не „дыскрэдытацыя Беларусі“, як вырашыў суд», — настойвае Леанід Судаленка. Праваабаронца паведаміў, што за сваю праўду працягвае цяжбу з судовай сыстэмай Беларусі.
«Генэральная пракуратура не аспрэчвае зьместу маіх словаў — яны проста кажуць: гаварыць праўду нельга. Нават за межамі краіны. Гэта абсурд. У выніку я выкарыстаў усе ўнутраныя сродкі праўнай абароны і цяпер іду далей — у Канстытуцыйны суд Беларусі і ў міжнародныя інстанцыі. Мая барацьба працягваецца».
У сваім лісьце намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук таксама паведаміў праваабаронцу Леаніду Судаленку, што прысуд яму вынесены законна, а ў тым, што працэс праходзіў завочна, парушэньня закону ня знойдзена.
«Істотных парушэньняў нормаў крымінальна-працэсуальнага закону, якія патрабуюць перагляду судовага рашэньня, ня выяўлена», — сказана ў лісьце з генэральнай пракуратуры.
Леанід Судаленка трымаецца іншай думкі.
«Лічу, мой выпадак дэманструе намер уладаў Беларусі распаўсюдзіць рэпрэсіі і цэнзуру нават за межы краіны, ігнаруючы як нормы міжнароднага права, так і базавыя прынцыпы свабоды выказваньня думак. І гэтая практыка, як усе бачаць, ужываецца ўсё часьцей і закранула ўжо дзясяткі беларусаў, якія вымушана апынуліся за мяжой», — адзначыў ён.
У сакавіку 2025 году Леанід Судаленка дазнаўся, што на радзіме на яго яшчэ завялі адразу тры крымінальныя справы — зноў паводле часткі 2 артыкулу 361–4 Крымінальнага кодэксу («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Былому палітвязьню, праваабаронцу «Вясны» Судаленку пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
- У лістападзе 2021 году Леаніда засудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2023 годзе.
- Былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спынілі. У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.