Скрозь агідны лес смутку. Ліст каманды «Люстэрка» кіраўніцам TUT.BY Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай
«Люстэрку» хутка будзе чатыры гады. Але ўвогуле, як бы дзіўна гэта ні прагучала, нашае медыя не мусіла існаваць. Але мы ёсць — бо 18 траўня 2021 года рэжым вераломна знішчыў галоўнае СМІ незалежнай Беларусі. А многіх нашых калег кінуў за краты.
Большасць з іх ужо на волі, аднак галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава і генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна дагэтуль у калоніі. У сакавіку 2023-га суддзя Валянціна Зянкевіч па сфабрыкаванай і палітычна матываванай справе асудзіла іх абедзвюх на велізарныя тэрміны ў 12 гадоў.
Гэта — ліст «Люстэрка» дзвюм моцным жанчынам, якіх мы вельмі чакаем на волі.

Гендырэктарка партала TUT.BY Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава пасля паседжання па пазове Міністэрства інфармацыі пра пазбаўленне TUT.BY статусу СМІ, 8 кастрычніка 2020 года. Фота: TUT.BY
Міла, Марына, прывітанне!
Як вы? Гэта, мабыць, галоўнае пытанне, на якое вельмі хочацца пачуць адказ. Ужо шмат месяцаў мы пішам вам лісты, але не атрымліваем адказаў. Думаем, нашыя пасланні да вас таксама не даходзяць. Хоць тут дзіўнага ўжо мала, вядома, але ўсё ж — уяўляеце, сэрвіс адпраўкі лістоў у калоніі і турмы прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Спадзяёмся, ваш побыт у няволі прымальны. Хацелася сказаць «наладжаны», але гэта гучыць так жудасна — нібыта чалавек прыстасоўваецца да жыцця ў нечалавечых умовах, у якіх вы знаходзіцеся ўжо некалькі гадоў.
У нас усё так-сяк: шмат працуем, шмат сумуем. Ведаеце, проста цяпер мы прапускаем праз сябе вельмі шмат чалавечага болю. Здавалася б, у часы TUT.BY мы пісалі і здымалі пра тых, чыя гісторыя можа раніць і чытача, і гледача, і аўтара. Але цяпер нашая краіна жудасным чынам змянілася — вы заспелі гэтыя яшчэ толькі народжаныя, але ўжо гнілыя парасткі нянавісці да ўсяго непадкантрольнага купцы людзей.
За чатыры гады гэтыя парасткі ператварыліся ў агідны, жудасна непрыгожы лес смутку, з якога звычайнаму чалавеку вельмі цяжка знайсці выхад. Гэта зусім не значыць, што яго няма, — мы ў «Люстэрку» працягваем справу, за якую вы цяпер за кратамі. Мы застаёмся для беларусаў і беларусак той сцяжынкай, якая не дасць ім заблукаць і збіцца з дарогі.
Як нам усім выбрацца з гэтага лесу, мы пакуль і самі не ведаем, але мільёны людзей унутры Беларусі крочаць разам з намі. Уяўляеце, мільёны! Карацей, усё паводле запаветаў.
Ладна, што мы ўсё пра сумнае. Давайце пра добрае раскажам!
Марына, памятаеш, як мы стваралі акаўнт TUT.BY у TikTok і абсалютна не ведалі, што рабіць на гэтай платформе? Мы там то жартавалі, і не заўсёды смешна (прабачце, былыя вядоўцы акаўнта!), то спрабавалі ў нейкія складаныя фарматы. Здымалі ўсё на каленцы з кепскім гукам і часам нейкай вельмі ўжо псіхадэлічнай колеракарэкцыяй. Відаць, сур’ёзна не думалі, што для нашага медыя гэтая пляцоўка можа стаць нечым значным.
Дык вось! Уяўляеш, цяпер гэта найважнейшая платформа для «Люстэрка», якая ў добры месяц прыносіць больш за 100 мільёнаў праглядаў! І пры гэтым мы там не гумарым, а навіны расказваем. Упэўненыя, калі ты даведаешся пра ўсё гэта — будзеш намі ганарыцца.
Міла, ты напэўна ў інфармацыйным вакууме, але, хутчэй за ўсё, у курсе, што рэжым прысвоіў нам статус «экстрэмісцкага фарміравання». Такія штампы, як разумееш, не спрыяюць прыцягненню рэкламадаўцаў! Але нават у выгнанні, нягледзячы на ўсе складанасці, на «Люстэрку» ёсць рэклама! Вось мы прасоўваем кнігу пра першыя 15 гадоў незалежнасці Беларусі, вось — кінафестываль, а тут — вывучэнне замежнай мовы. Наш «тутаўскі» досвед вельмі ў гэтым дапамагае.
Дарэчы, працягваючы тэму пераемнасці. Мы па-ранейшаму вельмі арыентаваныя на лічбы. Калі раней гэта было рашэннем бізнесавым, то цяпер яно хутчэй місійнае — чым больш людзей убачыць наш кантэнт, тым вышэйшы шанец, што хлусня не стане ісцінай.
Гадоў восем таму ў інтэрв’ю для нейкага ўнутранага «тутаўскага» відэа, Марына, у цябе спыталі, чым ты наогул на працы займаешся. І ты адказала, што шмат чытаеш. Вельмі шмат.
Міла, Марына, а што вы апошняе прачыталі? Вядома, што не «Люстэрка», але з кніг? Адзін з нас — «Дзённікі Кілербота». Гэта гісторыя андроіда, які быў створаны, каб падпарадкоўвацца кампаніі і абараняць яе кліентаў, але ў нейкі момант узламаў свой «чып кантролю» і атрымаў свабоду волі. Распарадзіўся ёю ён, вядома, своеасабліва: вырашыў з усяе сілы глядзець серыялы. У кантэксце гэтага ліста атрымліваецца вельмі і вельмі сімвалічна, што і казаць.
Час заканчваць, відаць. Цікавы факт: завершыцца ліст самаплагіятам!
Крыху больш за два гады таму мы напісалі тэкст да дня нараджэння Марыі Калеснікавай. У канцы была невялікая гісторыя пра Нэльсана Мандэлу. Ён прабыў у зняволенні на востраве Робен 27 гадоў і ў турме зачытваў іншым палітычным зняволеным верш «Няскораны» Уільяма Эрнста Хенлі. Так будучы прэзідэнт ПАР натхняў сваіх паплечнікаў не здавацца і не апускаць рукі.
Для нас вы — тое самае натхненне. Вашая стойкасць, ідэалы, прафесіяналізм — тое, чым мы натхняемся. Некаторым журналістам і рэдактарам «Люстэрка» пашчасціла працаваць з вамі — і мы шалёна гэтым ганарымся. Мы з высока паднятай галавой працягваем вашую справу, так патрэбную беларусам і беларускам.
А, ну так, трэба ж яшчэ верш паказаць. Нам здаецца, ён вельмі добра вас абедзвюх апісвае:
У непрагляднай цемры — там,
Дзе чорна да краёў зямлі —
Я дзякаваў любым багам,
Што мне няскоранасць далі.
Кон у капкан мяне злавіў,
Адрэзаў ад усіх дарог,
Ягоны молат слепа біў,
Скрывавіў — ды не перамог.
Дзе я, там бляск надзеі згас.
Там жудасць, дзе няма мяне.
Але не знойдзе страху час,
Калі мне ў вочы зазірне.
Хаця навокал змрок, хаця
Прысуд самотай аглушыў,
Я — валадар свайго жыцця,
Я — капітан сваёй душы.
