Любоў Лунёва: Улада, што баіцца свабоды, аўтаматам выбірае дубінку
Яна працавала ў Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук і вучылася на вячэрнім на гістфаку. А ў выніку прыйшла ў СМІ. Ды ні проста атрымала новую прафесію: імя Любові Лунёвай стала сінонімам яскравай і якаснай рэпартажнай журналістыкі. Пра лёсавырашальныя павароты ў жыцці як журналісткі, так і ўсёй краіны, чытайце ў гэтым інтэрв’ю, якое стала часткай зборніка «Голас пакалення свабоды».

Любоў Лунёва. Фота: «Наша Ніва»
Гэтае інтэрв’ю — частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае аб лаўрэатах прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Ён будзе прэзентаваны 15 лістапада 2025 года ў 17:00 падчас дыскусіі з лаўрэатамі і лаўрэаткамі Прэміі «Голас пакалення свабоды» ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1).
Міні-спадніцы, Высоцкі, Акуджава, «The Rolling Stones» – а нам пра спаборніцтва!
— У савецкім дзяцінстве-юнацтве ўсё было раскладзена па паліцах: лозунгі, падручнікі — адна «правільная праўда». Але многім удалося адчуць: ёсць і нешта большае… Думалася калісьці пра гэта?
— Я рана пачала чытаць, да школы. І зразумела: праглынаць усё запар — неразумна. Нават шкодна. Са скрыпкай бягу ў музычную школу, а паўсюль бясконцыя «Даеш пяцігодку за тры гады!» Нудота. Асабліва калі ў цябе як не томік Конана Дойла, дык навуковая фантастыка. А яшчэ па нядзелях нас заганялі на ранішнія сеансы ў кінатэатр. Там ці ідыёцкі фільм пра будоўлю або завод, ці бадзёрая дакументалка пра бітву за ўраджай, нейкі партсход…
А на двары, між іншым, другая палова шасцідзясятых. Шпількі, магнітафоны, твіст, міні-спадніцы, Высоцкі, Акуджава, «The Rolling Stones», «Beatles»… Якія пяцігодкі! Якое сацспаборніцтва! Не, ніхто лепш за саміх савецкіх ідэолагаў не мог зрабіць нам, яшчэ школьнікам, прышчэпку д саўковасці. Хай і не ўсім. Але мы з сябрамі, як казаў «дарагі Леанід Ільіч», ішлі нага ў нагу з часам.
— Вашае школьнае юнацтва — не толькі Мінск, але і Клічаў з яго правінцыйнасцю. Што заўважалі на гэтым канцы зямлі?
— Да дзеда з бабуляй прыязджала кожныя вакацыі. У мяне локці і каленкі гаіліся затым аж да канца першай чвэрці! Колькі розных прыгод… Аднойчы натрапілі ў лесе на месца, дзе шмат-шмат лісічак. Нехта раптам: «Давайце адсюль хутчэй — гэта габрэйскія могілкі!» А чаму ўсё зарасло мохам, кустоўем? Незразумела. Тады ж пра Халакост нідзе не згадвалася. Я прыстала да дзеда. Так і пачула, што Клічаў быў яўрэйскім мястэчкам да вайны. Амаль усіх і забілі. Пасля вайны гарадок нанава адбудоўваўся і засяляўся.
— Зарубка ў памяці: так паступова прыадчынялася другая гісторыя Беларусі?
— У тым ліку і праз радавод. Дзед кіраваў школай, калі на яго паступіў данос у НКВД: маўляў, дома ў Дарафея Солтана на сцяне ікона — такому настаўніку давяраць дзяцей нельга! Насамрэч быў ён перакананым атэістам. А неяк намаляваў партрэт маёй будучай бабулі, зрабіў прыгожую рамку ў выглядзе васількоў і незабудак. Тое мастацтва і вылезла бокам. Каб не кінулі за краты, хуценька запісаўся ў армію… Хто ў войску, тых не чапалі. Я думала: вось жа гад — гасцяваў, смяяўся, глядзеў на маладую сям’ю з дзвюма маленькімі дзяўчынкамі, а пасля так сподлічаць…
— І як склаўся дзядулеў армейскі лёс?
— Хутка пачалася вайна. Зведаў усякага: пальцы на левай руцэ не разгіналіся, рука напаўсагнутая ў локці. Меў ордэны і медалі. Пасля шпіталя працаваў на вайсковым авіярамонтным заводзе. Але пра баталіі — ні-ні.
А бабуля ахвотна расказвала, як яны выжывалі ў акупацыі ў лясным краі. І гэта зусім не тое, што паказвалі ў кіно. Сваімі былі тыя партызаны, якія не паспелі адступіць за лінію фронту, а вось закінутых з вялікай зямлі дыверсантаў пабойваліся. Яны і дыслакаваліся асобна. Аблавы на мясцовых жыхароў рабілі ў асноўным з‑за іх дыверсій. І яшчэ якія аблавы!
Дарэчы, немцаў не лічылі аднолькавымі нелюдзямі. Быў адзін, які прыносіў прадукты, калі ўсе на тыф захварэлі. Часта браў маю пяцігадовую маму на рукі і нават плакаў. Паказваў фатаграфію. У яго таксама дома дзве дачкі. Цікава, як склаўся яго лёс.
Вось і чарговая мая зарубка: не ўсе вакол аднолькавыя.
— А неймаверная розніца ў жыцці горада і вёскі? Колькі фізічнай працы… І дарослыя вечна занятыя, і дзеці.
— Гэта праўда: не разгіналіся. Але пры тым якія прыгожыя песні спявалі, калі збіраліся за сталом! Вельмі шкадую, што не запісала. Цэлыя балады. І ніякага п’янства.
— Каб не Клічаў, то ці змаглі б загаварыць па-беларуску? Гэта ж міф, што на ўсходзе выключна «великий да могучий»…
— Тады там рускай гаворкі не было. Калі пачуеш яе ў некага з дзяцей, то і да бабкі не хадзі: гарадскі, прыехаў на вакацыі.
– Што яшчэ сядзіць у памяці?
— Рэчка, бачу як зараз: кладка праз яе на Бёрда. Сяджу, любуюся на гарлачыкі, цікую за рыбай у празрыстай вадзе…
Ідылія скончылася з меліярацыяй. Не паляпшэнне — асушванне зямлі. Зніклі крыніцы ў лесе з берастовымі кубкамі. Знікла Суша, на беразе якой стаяў дом прабабулі. Ольса стала зарастаць, бо вакол сыпалі нітраты, іх змывала ў рэчку, а ў дадатак яшчэ пачалі мяхамі збіраць ракавінкі, па-навуковаму перлаўкі, для падмуркаў крам і клубаў. Нейкі дурань вырашыў, што гэта прыгожа, а яны ж фільтравалі ваду. Разлівы з кожным годам меншыя, а рэчка — усё ўжо, цяпер проста ручаёк. Ручная праца на загад «мудрай партыі». Новая зарубка…

Любоў Лунёва — супрацоўніца Інстытута матэматыкі Акадэміі навук. Фота: з асабістага архіва
Нармальнага чалавека – пад крыміналку, а са злачынцы і цыніка ляпілі святога
— Вы працавалі ў Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук і пайшлі вучыцца на вячэрняе на гістфак. Зусім розныя навукі. Чаму такі роскід?
— Тады толькі пачыналася эпоха вылічальных машын, гэта быў авангард навуковага прагрэсу. У нас была ЭВМ БЭСМ‑6 — трэцяя ў СССР пасля Новасібірска і Дубны. Яна проста вялізная, некалькі вялікіх залаў! Увесь першы паверх — лабараторыя вылічальных комплексаў. Усё працавала кругласутачна, я хадзіла ў начныя змены.
Але тым не менш гісторыя, асабліва Старажытнага свету, не давала спакою. Тады ў нашым асяроддзі шмат дыскутавалі пра «новую храналогію» Фаменкі і Постнікава. Дарэчы, мае сябры, чыстыя матэматыкі, як іх называлі, былі на баку гэтай тэорыі. Божа, часам так рубіліся! На што была падобная дошка ў лабараторыі дыферэнцыяльных ураўненняў — графікі з прамымі лініямі, ламанымі, формуламі… Ведалі б фінікійцы, як іх гісторыю правяралі метадам матэматычнага мадэлявання!
— Што стала галоўным вынікам адукацыі: веды — ці ўменне сумнявацца, ставіць пад пытанне навязаныя тлумачэнні? Жыло адчуванне, што ў самой сутнасці прафесіі ёсць выклік, нешта большае за даты і прозвішчы?
— Калі заканчваўся мой дэкрэтны водпуск, вызвалілася месца лабаранткі на кафедры паўднёвых і заходніх славян. Меркавалася, што буду працаваць, здам кандыдацкі мінімум і пачну пісаць дысертацыю. На факультэце адразу пасябравала з Юрыем Іосіфавічам Драгуном, Валянцінам Навумавічам Рабцэвічам і Генадзем Іосіфавічам Даўгялам. Якія выдатныя цікавыя людзі і як іх мне не хапае…
Тады ўжо бачылася, як пачынаўся падзел па поглядах. А для некаторых кан’юнктура была важнейшая. Яны спяшаліся перапісваць падручнікі па гісторыі, бо Лукашэнка кіўнуў. Мала хто тады звярнуў увагу. А гэта нават не званочак, а сірэна.
— Кожны рана ці позна сустракае сваю першую забарону, калі сістэма загадвала: «Гэта нельга!» Якім быў унутраны адказ, прыняць — ці пераадолець?
— Дык сам удзел у вулічных акцыях хіба не пераадоленне страху? Калі палохалі снайперамі на дахах, калі ты ішоў і невядома было, чым усё скончыцца. Усё ўпершыню. Нават кангрэс правесці. Памятаю, Юры Захаранка асабіста правяраў, каб не здарылася «сюрпрызаў».
— Які з прыкладаў сямейнай гісторыі паўплываў на вас больш: маўчання — ці адкрытай, сумленнай, а таму рызыкоўнай пазіцыі?
— Памятаю эпізод, хоць апавяданне пра яго пішы. 1964‑ы. Мама ў кабінеце планавага аддзела шахты ў Янакіеве, за спінай — партрэт Мікіты Сяргеевіча. У кабінеце праз сценку нешта забівалі ў сцяну — і рамка ўпала. Узяла за пятлю, выцягнула ў калідор і пажартавала: «Мяняю Хрушчова на два хуткасшывальнікі». А тут, як назло, старшыня парткама. Меў чатыры класы адукацыі і таму ненавідзеў ітээраўцаў з вышэйшай адукацыяй. Вось і скарыстаўся момантам: «У пятніцу партсход, дык разгледзім вашу персанальную справу. З камсамолам дакладна развітайцеся, а яшчэ спадзяюся, што і з працы звольняць па артыкуле».
Проста катастрофа!
І вось у чацвер, калі заставаўся адзін дзень да судзілішча, раптам падбеглі дзяўчаты: «Лора, Лора! Па радыё кажуць, што Хрушчова знялі!!!» Напэўна, тады ніхто так не цешыўся гістарычнай адстаўцы, як мама.
Памятаю, яна вучылася ў аспірантуры, канспектуе Леніна — ну, усе праз гэту абязалаўку прайшлі, я ў тым ліку, хоць і пазней. І тата пытаецца, чаму яна не хоча ўступаць у партыю. Адказ: «Вазьмі і пачытай, што ён піша. Вось гэты абзац, напрыклад. Разумееш? Правадыр сусветнага пралетарыяту… Паскуднае людажэрства!» Я аслупянела: Ільіч для мяне быў проста святым: з дзяцінства вакол — брашуркі і кніжачкі пра небажыхара. Потым, калі сама пачала штудзіраваць яго, шмат чаго зразумела. Так тады адбывалася: нармальнага жывога чалавека рабілі злачынцам, а з адкрытага цыніка і злачынцы ляпілі святога.
Дзякуючы нашаму пратэсту ўкраінцы змаглі пражыць без вайны на пару гадоў больш
— Беларусь 1990‑х – эпоха, якая і сёння выглядае супярэчлівай: з аднаго боку выбух магчымасцяў, адкрытасць, свабода, з другога — наіўнасць, памылкі, расчараванні. Якім бачыцца гэты час праз прафесійную оптыку?
— У ім прыадчынілася фортка, праз якую можна было збегчы ад Расіі… Але гэта разумееш зараз, калі за спінамі столькі падзей і часу. Тады ж грамадства не было гатовае: савецкія мазгі, атручаныя ідэалогіяй, блакавалі палітычную волю. Ці шмат ведалі пра страшную ролю суседзяў у нашым лёсе? У свядомасць убівалі адно: ёсць старэйшы брат, які мудрэйшы, прыгажэйшы і мацнейшы.
Аднойчы назірала за рэакцыяй сувораўцаў, якіх прывялі на фільм з новай праўдай пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі ў Дом пісьменніка. Прыйшлі шумнымі — вярталіся задуменнымі. Ну, хоць нешта даведаліся. Але колькі людзей убачыць тую стужку? Пара соцень ці тысяч? Па ТБ яго ж не паказалі. Праўда прабівалася з цяжкасцю.
— Калі пісаць праўдзівую гісторыю мінулага стагоддзя, то якімі бачацца галоўныя лініі разрываў і пераломаў, важнейшых падзей?
— Дарэчы пачынаць адлік з 1914 года. Патрэбныя публікацыі ў школьных і студэнцкіх падручніках пра тое, які каласальны і зруйнавальны ўдар нанесла Беларусі Першая сусветная вайна. На мой погляд, яна пацярпела больш за ўсе астатнія краіны і не змагла акрыяць да пачатку наступнай трагедыі.
Далей 1945–1991 гады: працяг русіфікацыі, ператварэнне Беларусі ў выпрабавальны камуністычны палігон, наступствы Чарнобыля.
Трэці — з 1991 да 2020-га. Пачатак суверэнітэту і крах незалежнай палітыкі, усталяванне марыянетачнага рэжыму, знішчэнне ўласнай, добра развітой прамысловасці. Поўная залежнасць эканомікі ад Расіі. Карупцыя, адсутнасць падзелу ўлад, знішчэнне дэмакратычных інстытутаў.
Чацвёрты — з 2020-га: знішчэнне грамадзянскай супольнасці, рэпрэсіі, масавая эміграцыя, пачатак вайны Расіі супраць Украіны. Беларусь пад акупацыяй.
— Пратэсты 1990‑х і 2020-га: заўважаецца пераемнасць у настроях, лозунгах, стылі салідарнасці? Ці наадварот, разрыў, які паказвае, што краіна ўвайшла ў новы этап?
— Вядома, сітуацыя мянялася, людзі таксама. Спачатку былі белыя стужачкі, але пратрымаліся яны зусім нядоўга. Раптам з’явіліся нацыянальныя сцягі, нібы ў адзін момант. «Жыве Беларусь!» — з усіх бакоў. У 2020‑м народ быў злы і з‑за ковіду, і з‑за таго, што з ім абышліся, як з быдлам. А само адключэнне інтэрнэту ў дзень выбараў?
— Гавораць, не было на шэсцях столькі сапраўды ідэйных, як раней.
— Не пагаджуся. Няўжо той, хто патрабуе замест кавалка хлеба права выбару, не ідэйны? Гэта зусім не дэманстрацыя працоўных супраць дэфіцыту тытуню! Народ захацеў свабоды і дэмакратыі. І ў якой унікальнай форме! Якія плакаты людзі вынаходзілі! Якая салідарнасць была!
Пасля тых падзей мы дзівіліся, калі ўкраінцы пыталіся: «А чым ваш прэзідэнт кепскі?» Не разумеюць дагэтуль: дзякуючы нашаму пратэсту яны змаглі на пару гадоў больш пражыць без вайны.
— Часта параўноўваюць сучасныя рэпрэсіі са сталінскімі. Ці справядліва? Гэта рэальны аналітычны ключ для разумення сітуацыі — або хутчэй метафара, якая падкрэслівае маштаб жорсткасці?
— Паралелі выглядаюць праўдападобнымі: нават у працэнтных адносінах статыстыка пацярпелых не будзе асабліва адрознівацца. Няшмат, напэўна, сёння сем’яў, якія не трапілі пад каток: кагосьці збілі або звольнілі, хтосьці сядзеў на сутках або сплаціў штраф… А як дасталася нават ускосна, то хіба цяперашняе жыццё пад пастаянным прыцэлам можна назваць нармальным? Вельмі страшны перыяд перажывае Беларусь. Дастаецца нават «ябацькам».
— Падаецца, наадварот: цяпер на іх вуліцы свята.
— Ай, насамрэч дрэнна ўсім. Бо жыць мусілі непараўнальна лепш, каб не той абрыў. А купка мярзотнікаў — гэта ж кропля ў моры.
– Чаго ў нас немагчыма адабраць ні рэпрэсіямі, ні прапагандай?
— Жаданне быць свабоднымі.

Любоў Лунёва
«Аляксееўна, там Хрыстос нейкі выступаў, міністэрства на вушах. Што ён там нагарадзіў?»
— Якая цана рэпутацыі аднаго з галоўных хранікёраў пратэстаў? Цягам цэлай эпохі — паміж апазіцыяй і ўладай, энергіяй вуліц і болем дубінкі? Як гэта даецца — не сімвалу, а жывому чалавек?
— Наконт жывога чалавека — цікава… Часам у мяне бывалі такія моманты, калі хацелася застацца жывой у наўпроставым сэнсе. На праспекце Дзяржынскага ў 2006‑м, калі стралялі шумавымі гранатамі і страшна збівалі людзей, я вярнулася ў рэдакцыю з крывёй на бэжавых замшавых ботах. Што ўжо пра 2020‑ы казаць… Вельмі цяжка часам стрымліваць сябе, калі бачыш, як страшна збіваюць людзей, цягнуць за ногі па асфальце. Праца на радыё абвастрае сітуацыю, бо неабходна пастаянна трымацца эпіцэнтра падзей, каб слухач мог адчуць тую атмасферу, услухацца ў крыкі болю скалечаных, ярасную злобу сілавікоў…
— Не раз і не два чуў: да Лунёвай нават міліцыянты ставіліся з павагай. Чым растлумачыце гэты феномен? Вынікам прафесійнай вытрымкі, асабістай смеласці — ці ўменнем гаварыць з сілавікамі як з людзьмі, а не як з ворагамі?
— Ды самой цікава было пачуць адказ ад тых старлеяў, маёраў, палкоўнікаў… Але як ёсць — у іх адносінах да мяне сапраўды адчувалася нешта незвычайнае. Камандзіры высокага рангу заўсёды прысутнічалі на апазіцыйных акцыях, слухалі выступы. А потым, калі без калатнечы, маглі падысці і спытаць: «Аляксееўна, а што там за даклад нейкі ўсіх нашых на вушы паставіў? Гэты, як яго… Ну, Хрыстос нейкі выступаў. Што ён такога нагарадзіў?» Тады і расказваеш у двух словах, што «нагаварыў» дакладчык юрыдычнай камісіі ПАРЕ Хрыстас Пургурыдыс пра зніклых людзей у Беларусі. Ім цікава і мне, бо разумела: сапраўды міжнародныя назіральнікі паставілі МУС на вушы. Але чаму са мной размаўлялі з пэўнай лаяльнасцю, не ведаю.
Наагул, да 2020-га мы жылі ў іншай краіне. Я брала каментары ў рознага міліцэйскага начальства, і неяк начальнік крымінальнай міліцыі Савецкага РУУС узгадаў, што спецыяльна хадзіў на заняткі ў беларускую школу, каб даць каментар «на мове» для «Радыё Свабода». Хіба можна ўявіць такое цяпер?
— Анекдот! І відаць, не адзінкавы?
— Аднойчы камандзір роты АМАПа сказаў мне пасля чарговага разгону акцыі на Кастрычніцкай плошчы: «У вас ёсць нейкія сродкі абароны? Вы ж так і па галаве можаце атрымаць». — «Мая зброя – дыктафон, ручка і нататнік». А нам тады якраз выдалі ў рэдакцыі маленькія дыктафоны з вялікімі і цяжкімі мікрафонамі. Ён бярэ навінку, пастукаў сабе па галаве: «А, ну гэта нармальна».
— Словы пра тое, што ў асобных момантах адна толькі прысутнасць Лунёвай магла стрымаць агрэсію сілавікоў, не прыгожая метафара?
— Спецыфіка моманту: для многіх цяжка паверыць, але гады таму многія сілавікі хацелі выглядаць, так бы мовіць, прыстойнымі. «Мы — ахоўнікі правапарадку». Ага… Хоць пэўны перыяд нават існаваў загад не дапускаць пры журналістах брутальных затрыманняў. Я сапраўды заўважала: як падыходзіш бліжэй, яны пачынаюць больш кантраляваць сябе.
Неяк мы, журналісты «Белсата», ехалі на сустрэчу з кіраўніцтвам кампаніі ў Вільню, а шмат народу тады ж — на канцэрт Міхалка. Мяжа забіта аўтобусамі, спазняемся. Нашыя падбухторваюць: «Ну падыдзі, гераіня, да іх — папрасі, каб у выглядзе выключэння…» Аднак тут жа не міліцыя! У форме, ды не ў той. Аднак набралася рашучасці і пайшла: маўляў, мы не на танцпляц, не на спевы — ну вельмі трэба! Глянулі на пасведчанне, прачыталі прозвішча і, на дзіва, прапусцілі.
Адным словам, здаралася рознае, і дакладна патлумачыць, чаму так, не магу. Сярод іншага, можа, і таму, што бясконца вяла рэпартажы з гарачых падзей, цікавых літаральна ўсім.
– А ці няма ў гэтым няўлоўнага ў вострай сітуацыі моманту павагі да жанчын, тым больш з гучным імем?
— Ха! Часам здараліся зусім анекдатычныя сітуацыі. Служыў у Маскоўскім РУУС адзін вельмі спецыфічны кадр. Па дарозе ў суд яшчэ ў калідоры пачынаў запужваць: лаяўся, агрэсіўна паводзіў сябе.
Зрабіла заўвагу і папрасіла знізіць тон, а ён: «Вы ваабшчэ не ўмешвайцеся!» — «Так з усімі жанчынамі размаўляеце?» — «Аляксееўна, вы для мяне не жэншчына, вы для мяне хужэ Пазняка!»
Відаць, Зянон быў для яго вяршыняй усяго самага кепскага ў дэмакратаў…

Любоў Лунёва
— З гэтай нагоды такое пытанне: шматгадовая праца ў асяроддзі, дзе дамінавалі мужчыны: у навуцы, журналістыцы, праваабароне. Ці было адчуванне падвоенага цяжару? Не толькі прафесійнага выкліку, але і гендарнага бар’еру, калі доказ кампетэнцыі патрабаваў удвая большых высілкаў?
— Такая праблема дзе-нідзе існуе яшчэ дасюль. Хоць сітуацыя пакрысе мяняецца ў лепшы бок. Як правіла, гэта датычылася грошай. Лічылася, што мужчынам трэба плаціць болей – банальныя праявы патрыярхальнага грамадства. І тут хачу згадаць нашы жаночыя маршы, тое, як менавіта жанчыны прарывалі кардоны АМАПа… Як іх збівалі і цягнулі ў аўтазакі і як яны ўсё адважна пераносілі. Вось дзе поўная гендарная роўнасць…
Доўга не магла ачуняць: у мяне — параза, але ў іх — аднятае жыццё…
— Адчуванне таго, што зараз трэба быць вунь там менавіта, побач вось з гэтым чалавекам — адкуль такі прафесійны інстынкт: з прафесіі гісторыка, які шукае знакі ў дэталях, з досведу праваабаронцы, які заўсёды бачыць чалавека за фактам, ці з асабістай інтуіцыі?
— Мне здаецца, часам нейкія дэталі становяцца самі па сабе прыкметнымі, калі падзеі развіваюцца — і трэба проста ўважліва ўглядацца ў сюжэты.
Прычым менавіта на месцы падзеі, дзе ўсё разгортваецца. Я не магла б працаваць толькі з офіса. Мне заўсёды трэба знаходзіцца ў віры, каб адчуваць, што называецца, пах, смак, чуць размовы. Многае не ўваходзіць у рэпартаж, застаецца за кадрам, але яно ў памяці і паступова фармуецца ў пэўную сістэму назірання, адчування і разумення. Так ты і пачынаеш бачыць заканамернасць.
— У чым сутнасць журналістыкі падчас пратэстаў? Гэта халодная фіксацыя фактаў — ці яшчэ і спроба даць людзям адчуванне: ваш голас пачуты, вашая годнасць заўважаная?
— Журналіст павінен усё ж такі быць бесстароннім. А гэта вельмі цяжка. Асабліва калі ўсё імкліва развіваецца. Неабходна адлюстраваць усё да дробязяў, каб была зразумелая карціна. Падчас пратэстаў 2020-га трэба было яшчэ думаць і пра сваю бяспеку, што ўсё вельмі ўскладняла.
Дзякуй людзям, якія бачылі і цанілі ўмовы тваёй працы. Аднойчы стаяла на ганку дома, калі ў мяне стаў цэліцца сілавік. Адчуванне бездапаможнасці яшчэ тое… Раптам дзверы рэзка адчыніліся — і мужчына ўмомант уцягнуў мяне ў пад’езд. Услед бахнула па дзвярах. Мне потым падарылі на памяць гільзу ў выглядзе нейкай бомбы. Вось найлепшае прызнанне.
— Не толькі вы некага ратуеце, але і вас? Можна прыгадаць выпадкі асаблівага эмацыйнага кантакту з людзьмі, якіх запісваеце, чыю гісторыю вывучаеце?
— Даводзілася мець справу з прысуджанымі да смяротнага пакарання.
— Як гэта адбывалася?
— Сваякі ці іх блізкія, сябры прыносілі запіскі з просьбай разабрацца ў справе. Восем гісторый. Кожны раз праходзіла ўсе інстанцыі. Вывучала матэрыялы, сустракалася з адвакатамі. Шасцёра мелі такія нестыкоўкі ў справах, што нават мне, не юрысту, было відаць: даказана далёка не ўсё. Гэта дадавала энергіі, жадання пашукаць факты, аргументы, каб выратаваць бедакоў. І было моцным ударам, калі іх расстралялі. Усіх. Амаль за адзін дзень. Пры тым, што актыўна падключыліся розныя міжнародныя арганізацыі, ад іх меліся заявы ў Вярхоўны суд і пракуратуру з просьбай дадатковага разбору, магчымасці даць адтэрміноўку выканання прысуду. Але ўсё дарма. Пасля таго доўга не магла ачуняць… У мяне — параза, але ж у іх — беззаконна аднятае жыццё…
— Вы пачыналі назіраць за праваахоўнымі органамі яшчэ ў часы позняга Савецкага Саюза, калі міліцыя здавалася хутчэй непаваротлівай і нават нясмелай, чым жорсткай. Памятаецца першы момант, калі ў яе дзеяннях пабачылася ўжо не ахова парадку, а адкрыты гвалт?
— Адразу згадваецца брутальны разгон акцыі 1995 года пасля рэферэндуму: студэнты вывесілі сцяг БССР на туалеце Купалаўскага тэатра. Гэта і быў пачатак. Мяне тады ўразіла, як людзі ў нейкіх спартыўных строях могуць так абыходзіцца з удзельнікамі мірнай акцыі. З таго эпізоду і пайшло, як па наезджанай дарожцы. Затрыманні, збіццё затрыманых, абразы…
— Тры дзесяцігоддзі рэпартажаў пра рэпрэсіўны механізм. Як ён эвалюцыянаваў ад савецкага сцэнара да аўтарытарнай практыкі?
— Практыка арыштаў і крымінальных спраў за праявы волі на вуліцах пачала складвацца ў сістэму з 1996 года, калі ўлады вырашылі любым коштам збіць хвалю пратэстаў. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што адначасова гэтыя графіці, пікеты, дэманстрацыі, мітынгі, вывешванні нацыянальных сцягоў — пагроза расійскай экспансіі.
Згадваю, напрыклад, Марш свабоды ў 1999‑м. Ён уражваў, за што па логіцы тагачаснай улады нехта мусіў адказаць. Але ўсё трэба было абставіць так, каб гэты нехта выглядаў для грамадства злосным хуліганам, які проста павёў за сабой сляпы натоўп. Тады з экрана Зімоўскі заявіў пра «статак адмарозкаў». І патрабавалася яшчэ паказаць, што «пацярпелі» менавіта сілавікі. Хуценька распачалі справы: судзілі Валерыя Шчукіна і Міколу Статкевіча.
А зараз усё ўжо зусім інакш: проста бясконцыя рэпрэсіі, калі не спрабуюць ствараць нават бачнасці законнасці. Міліцэйскае самавольства перарасло ў санкцыянаванае бязмежжа.

Любоў Лунёва
— Беларуская прававая сістэма ўсё яшчэ працуе паводле логікі мінулага? Нават калі формы змененыя?
— Былы старшыня суда расказваў мне яшчэ ў канцы дзевяностых, як яго выклікалі ў райкам на дыван і доўга распякалі: пасадзіў члена КПСС. І нікога не хвалявала, што мера пакарання не прадугледжвае іншага. У постсавецкай Беларусі саўковасць увогуле вельмі жывая з‑за таго, што краіну ўжо столькі часу спрабуюць загнаць у стойла, у СССР. Сказаў старшыня Вярхоўнага суда, каб не было адмены прысудаў паводле крымінальных артыкулаў — ну і ўсё: можаш пісаць колькі заўгодна апеляцый, але толку…
Адмена —выключная рэдкасць. З законнасцю зусім бяда, вось і маем зараз тое, што маем. Галоўнае — слова, думка старшыні суда. У ягоным кабінеце ўсе адміністрацыйныя справы загадзя распісваюцца. Зрэшты, якая розніца, хто і дзе гэта робіць? Больш сумленна, каб проста адразу зачытвалі спіс і адразу паведамлялі, каму, колькі і па якіх артыкулах…
— Ці можа праца праваабаронцы ў такіх умовах рэальна зберагчы сведчанні для будучыні? Ёсць спадзеў, што сабраныя «Вясной» дакументы стануць не проста архівам, а галоўнымі доказамі ў магчымым будучым судзе над сістэмай?
— Безумоўна. Усё, што пісалі СМІ, усё, што маніторылі праваабаронцы, – гэта доказы злачынстваў улады. Шмат каго трэба судзіць за найгрубейшыя парушэнні рэспубліканскага заканадаўства, міжнародных нормаў права.
Сілавікоў здымаюць мяккасць, а не наадварот. Вось і адрываюцца. Ад закону і ад народа
— За трыццаць гадоў у Мінску змянілася нямала кіраўнікоў сілавых структур, кожны з якіх задаваў тон свайму падраздзяленню. Ці можна сказаць, што жорсткасць залежала ад асобаў? Або гэта агульная логіка сістэмы, якая перамолвала нават тых, хто спачатку заставаўся «звычайным» чалавекам, хай і ў пагонах з вялікімі зорачкамі?
– Заўсёды шмат залежыць ад кіраўніка таго ці іншага падраздзялення: дысцыпліна, паводзіны, абыходжанне з удзельнікамі акцый. Калі ўзяць АМАП, то назірала, што з прыходам кожнага новага камандзіра ўсё рабілася толькі горшым. Бо такія ўнутраныя парадкі. У нас жа сілавікоў распякаюць і здымаюць менавіта за дапушчаную мяккасць, а не наадварот. Або суддзю могуць пакараць за лаяльны прысуд, але, зноў жа, не наадварот. Вось усе і адрываюцца. Ад права, закону, гуманізму. Ад народа.
— Ці былі пры тым выпадкі-выключэнні, калі сілавік нечакана паводзіў сябе па-чалавечы: папярэджваў, не паднімаў руку, адварочваўся?
— Калі мяне перавезлі з Акрэсціна ў СІЗА Жодзіна, то аднойчы папрасіла ахоўніка пакінуць прыадчыненай «кармушку»: у камеры невыносна душна. Ён у адказ: «Магу і з акном зрабіць тое самае». Зайшоў у камеру з такім штыхом металічным і даў паветра. Гэта ўвогуле парушэнне інструкцыі: у камеру нельга, тым больш аднаму. Хутчэй за ўсё, нам трапіўся звычайны салдат. Раз ён ужо такі ветлівы, папрасіла прынесці акуляры з сумкі, без іх не магла чытаць. Схадзіў і перадаў. А іншы, калі нас вывелі на прагулку ў дворык, на мае словы: «А! Трэба ж рукі за спіну. Ніяк не магу да гэтага прывыкнуць…» — зрэагаваў: «Што вы? Не трэба…» На фоне звычайных паўсядзённых монстраў проста ўразіў.

Любоў Лунёва
— Французская рэвалюцыя з гільяцінай, расійскія рэвалюцыі з крывёй на вуліцах, беларуская рэвалюцыя 2020-га з катаваннямі ў ізалятарах… Чаму чалавечая гісторыя ў моманты перамен паўтарае адны і тыя ж сцэнары жорсткасці? Гэта нейкая праграма чалавечай прыроды — ці ўсё ж можна гаварыць пра канкрэтную беларускую традыцыю страху і памяці войнаў, якая пераходзіць у палітычны гвалт?
— Тут няма лагічнай паслядоўнасці. Глядзіце: французская рэвалюцыя ўрэшце прынесла станоўчы плён: канец манархіі, з’явілася Дэкларацыя правоў чалавека, адмянілі саслоўныя прывілеі. Яна паказала прыклад новага ўкладу жыцця іншым краінам.
— Дык і буржуазная рэвалюцыя 1905 года ў Расіі мела плюсавыя вынікі?
— Так: з’явілася заканадаўчая Дзяржаўная дума, легалізавалі палітычныя партыі, палепшылася становішча народа. Можна нават казаць пра перадумовы для развіцця грамадзянскай супольнасці.
— Як на тое пайшло, дык у 1917‑м скончылася эпоха самадзяржаўя, амніставалі палітвязняў, адмянілі смяротнае пакаранне, абвясцілі свабоду слова і сходаў. Суцэльныя плюсы?
— Не, зразумела, вынікі сталіся проста катастрафічнымі… Але пагадзіцеся: была ж магчымасць неяк гэтай краіне стаць нарэшце чалавечай, але вось прыйшла хеўра бальшавікоў – у прынцыпе, амаль бяскроўна. А забраліся на гару і залілі слязьмі ўсе рэспублікі. Дагэтуль невядомая дакладная колькасць забітых у лагерах і турмах.
— А ўрокі 2020-га?
– Хоць гэта не рэвалюцыя, але беларусы адчулі сябе народам. Сілай. Пабачылі сваю нацыянальную годнасць. Не па хлеб мы выходзілі, не па зямлю — па свабоду. І так яе захацелі, што ніякім здзекам тое жаданне не задушыць. Яна прыйдзе. Абавязкова.
— Псіхолагі кажуць: у кожным чалавеку жыве і агрэсар, і абаронца. А што пераважае ў беларускіх пагонах, з досведу сведкі?
— Справа ў тым, што зараз такі перыяд, калі ў сілавыя структуры набіраюць увогуле не тых людзей, якія павінныя там служыць. Ідуць дзеля кватэр, заробкаў, дзеля прывілеяў. Калі чалавек жыве ў нармальнай сям’і, мае зносіны са звычайнымі людзьмі і бачыць, што адбываецца, хіба надумаецца служыць у пекле?
Калі здарацца перамены, дзяржаву, нас усіх чакае вялікая праблема: што з імі рабіць? У іх жа ў выніку разлад псіхікі. Процьма маладых «дубіначнікаў» будзе ўрэшце браць шлюбы, нараджаць дзяцей… Упэўнена, што з эканомікай хутчэй разбяромся, чым з такімі вось. Іх тысячы…
— Калі сабраць усе лунёўскія рэпартажы ў адзін том, атрымаецца фактычна гісторыя дзяржаўнага гвалту ў Беларусі. Чым ён мусіць стаць для наступнікаў: папярэджаннем, прысудам, споведдзю эпохі?
— Думаю, гэта некалькі важкіх тамоў. І ўсе яны — ілюстрацыя таго, што адбываецца з краінай, калі чужакі ўстанаўліваюць дыктатуру і ўлада трымаецца на дубінках.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
@bajmedia