Лукашэнка заявіў, што Пачобут нібыта сам не хоча ехаць у Польшчу
На сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцяў, якія жывуць у Беларусі, Лукашэнка заявіў, што палітвязень Андрэй Пачобут, маўляў, сам не хоча памяняць беларускую турму на Польшчу.

Андрэй Пачобут на судзе. Фота: БелТА
«Добра, забірайце. А ён кажа: «Я туды не паеду, мне не трэба», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Няма інтарэсу забіраць Пачобута, як сцвярджае Лукашэнка, і ў польскіх уладаў:
«А яны і не хочуць яго забіраць. Проста гэта стала палітычнай разменнай манетай».
За кампанію дасталося і амерыканцам:
«Вы бачыце, што выкарыстоўваюць любую нагоду для таго, каб абвастрыць адносіны. І палякам гэта не трэба, і цяперашняму кіраўніцтву Польшчы гэта не трэба. Яны гэта разумеюць. Але «дзядзька Сэм» прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут, у Еўропе, была вайна. Тады яны будуць у фаворы».
Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года, цяпер ён адбывае прысуджаны яму лукашэнкаўскім судом 8‑гадовы тэрмін зняволення.
Раней пра тое, што Пачобута нібыта гатовыя былі выпусціць з умовай, што яго забярэ на тэрыторыі Беларусі сам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, казаў прапагандыст Юрый Васкрасенскі. Паводле каментара польскага МЗС, гэтая прапанова Васкрасенскага «не ўпісваецца ні ў адзін канон двухбаковых адносін».
Почобут был готов уехать из Беларуси — Rzeczpospolita
