Лукашэнку залучылі ў спіс «драпежнікаў свабоды прэсы»
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) апублікавала новы спіс «Драпежнікаў свабоды прэсы – 2025», прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў. У дакуменце названыя 34 чалавекі і структуры, якія, на думку RSF, «агрэсіўна нападаюць на журналістаў і права на інфармацыю».

Фота: БЕЛТА
Паводле генеральнага дырэктара RSF Тыбо Брутэна, публікацыя імёнаў «драпежнікаў» мае сімвалічнае значэнне.
«Можам паапладаваць здольнасці ворагаў прэсы нястомна вынаходзіць новыя спосабы нападу на журналістаў. Новае выданне «Драпежнікаў свабоды прэсы» робіць акцэнт на разнастайнасці пагрозаў: у той час як некаторыя палітыкі душаць свабодную інфармацыю, іншыя драпежнікі забіваюць журналістаў або саджаюць іх у турмы. Некаторыя ж эксплуатуюць у сваіх мэтах кантроль над фінансаваннем медыяў або выкарыстоўваюць грамадскія настроі і судовыя працэсы, каб прымусіць журналістаў маўчаць», – гаворыцца ў прадмове да дакладу.
У раздзеле «Палітыка» разам з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым, прэзідэнтам Венесуэлы Нікалясам Мадура і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам паказаны Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначаюць аўтары справаздачы, пасля фальсіфікаваных выбараў 2020 года і паўторнага перавыбрання ў студзені 2025-га Лукашэнка «інтэнсіфікаваў і сістэматызаваў пераслед журналістаў». Паводле RSF, ніколі раней медыі ў Беларусі не зазнавалі такіх маштабных рэпрэсіяў – масавы арышт, гвалт, цэнзура, ператрусы, ліквідацыя рэдакцыяў і прымусовыя «пакаянныя» відэа.
З 2020 года, паводле ацэнак RSF, з Беларусі былі вымушаныя зʼехаць ад 500 да 600 журналістаў. У краіне на 2025 год 32 журналісты застаюцца пад адвольным арыштам, што робіць Беларусь трэцяю ў свеце паводле колькасці зняволеных журналістаў адносна насельніцтва.
RSF таксама падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых супраць журналістаў у Беларусі. У рэйтынгу свабоды прэсы – 2025 краіна займае 166‑е месца са 180.
Арганізацыя называе Лукашэнку «васалам Уладзіміра Пуціна» і адзначае, што ягоная «галоўная зброя» – змушэнне журналістаў уцякаць з краіны, прыраўноўванне прафесіі да экстрэмізму.
Justice for Journalists апублікавала даклад пра зняволеных журналістаў у нашым рэгіёне
@bajmedia