Лунінецкая філія ГА «БАЖ» ушанавала памяць калегі Віктара Філатава
Віктара Пятровіча Філатава (Карповіча) не стала 1 верасня 2014 года, яму было 60 гадоў.
“Мы сабраліся, каб успомніць нашага калегу, творчы талент якога ўвасобіўся ў амаль дзясятку зборнікаў паэзіі, эсэ і афарызмаў, многіх сотнях газетных публікацый”, — адзначыў у прамове намеснік старшыні Лунінецкай філіі арганізацыі Вадзім Жылко.
З 2015 года ў філіі зацвердзілі прэмію імя Віктара Філатава за творчыя здабыткі ў літаратуры і журналістыцы.
Сёлета лаўрэатамі прэмій сталі карэспандэнт газеты «Информ-прогулка» Мікола Ільючык і рэдактар сайта «Медиа-Полесье» Святлана Гарда.
У мінулыя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся пісьменнік Іван Панасюк і журналістка «Медиа-Полесья» Вольга Соц, літаратар і краязнавец Сцяпан Нефідовіч і спартыўны аглядальнік Андрэй Сыцін.
Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся ўспамінамі пра калегу, нагадалі, якім інтэлігентным і шчырым ён быў. А потым усклалі кветкі да магілы Віктара Філатава на гарадскіх могілках.
