• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Людміла Івашына: Дзяніс пра прэмію «Журналіст года» ведаў раней за нас

    Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын, які знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года, атрымаў прэмію праваабарончай супольнасці «Журналіст года». Таксама вядома, што ад Дзяніса цягам некалькіх апошніх месяцаў не даходзяць лісты.

    З маці журналіста Людмілай Івашынай размаўляе прадстаўнік службы маніторынгу БАЖ.

    — Што значыць для Вас і для яго прэмія «Журналіст года»?

    — Гэта хіба што адзіная радасць за апошні час, якую немагчыма выказаць словамі. Канешне, мы былі вельмі радыя такой пашане сына. Наколькі быў рады гэтай прэміі Дзяніс, я магу толькі ўявіць.

    (Жонка Дзяніса Вольга Івашына некалькі дзён таму напісала ў сацыяльных сетках наступную інфармацыю ад Дяніса: “Шчыры дзякуй за такі вялікі давер мне як журналісту і неабыякаваму да лёсу Беларусі грамадзяніну! Гэтае прызнаньне адназначна натхняе й матывуе мяне, надае псыхалягічную падтрымку ў складаны для мяне й маёй сям’і час. І безумоўна, новы статус патрабуе ад мяне, як той казаў, трымаць марку, годна й аддана працаваць надалей на карысьць Беларусі і яе Народу!”)

    Маці Дзяніса Івашына кажа, што сын пра тое, што яго адзначылі прэміяй даведаўся раней, чым сям’я змагла яму паведаміць.

    “Дзяніс прасіў перадаць усім вялікую падзяку за адзнаку яго працы. А мы спадзяемся, што ён працягне сваю працу дзеля Бацькаўшчыны”, — кажа Людміла Івашына.

    Праваабарончая супольнасць Беларусі назвала “Журналіста года” ФОТА

    — Якія зараз ёсць кантакты з Дзянісам? Ці атрымліваеце вы ад яго нейкія лісты?

    — Пачаўся чацвёрты месяц, як мы не атрымалі ад яго ніводнага ліста. Ніякіх вестак ад яго апроч тых, што перадае адвакат пра стан здароўя сына.

    З лістамі гэта проста анекдатычная сітуацыя — парушэнне ўсіх правоў і свабод, парушэнне ўсіх іхніх унутраных інструкцый. Мы амаль штодня пішам «турэмшчыкам» скаргі і просім растлумачыць, што адбываецца. Усе інстанцыі проста баяцца нам патлумачыць, хто забараніў яму атрымліваць лісты і адпраўляць нам. Я была ў намесніка начальніка турмы, і ён мне сказаў, хто канкрэтна забараніў ліставанне. У свой час гэтая інфармацыя будзе вядомая ўсім. Сітуацыя плачэўная, і я так разумею, не толькі ў нас.  Але я перакананая, што ўсе атрымаюць напоўніцу за свае парушэнні закона, за гвалт і знішчэнне людзей у засценках, людзей, якіх там ужо тысячы.

    — Ці можа Дзяніс атрымліваць пасылкі і перадачы?

    — Наколькі нам вядома, арышт быў накладзены на ўсё: і на пасылкі, і на перадачы. Напрыклад, адна з пасылак з Германіі так да Дзяніса і не дайшла. Як паведаміў нам юрыст, гэтую пасылку «прысавакупілі».

    Цяпер пасылкі даходзяць, адну канфіскавалі, дзве нашыя недзе боўталіся некалькі тыдняў, але дайшлі ўрэшце. На сёння пасылкі прымаюць, што будзе заўтра — невядома!

    Дзянісу Івашыну прад’яўлена два абвінавачанні. Першае паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў справы службовай асобы), на падставе яго 12 сакавіка 2021 года журналіста затрымалі супрацоўнікі КДБ. Другое абвінавачанне дадалі ў кастрычніку 2021 года — паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Журналісту пагражае да 15 гадоў зняволення.

     

    Напісаць ліст ці адправіць пасылку можна па адрасе:

    Івашыну Дзянісу Яўгеньевічу

    Турма № 1, 230023, Гродна, вул. Кірова, 1.

    Дзянісу можна таксама адправіць грашовы перавод:
    Турма № 1, Гродна
    УНП 590003691
    BIC: BAPBBY2X
    IBAN: BY81BAPB36429050005540000000

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці