Маці Кацярыны Ваданосавай хочуць дэпартаваць з Польшчы
Маці журналісткі Кацярыны Ваданосавай жыве з дачкой і яе сям’ёй у Польшчы. Але сёння тамтэйшыя пагранічнікі ўручылі жанчыне пад подпіс апавяшчэнне, што яе 6 кастрычніка самалётам дэпартуюць у Літву. Пра гэта медыйшчыца паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

Кацярына Ваданосава з маці. Фота: з асабістага архіва
Кацярына Ваданосава распавяла, што да яе маці больш за год таму прыйшло КДБ.
«У яе пры іх здарыўся інфаркт. Я стала шукаць магчымасць вывазу маці. Польшча не давала візы. Кожны дзень я пачынала з ліставання. Пісала ўсім і ўсяму. Ніводнага адказу не дачакалася. А справа была пільная. Эвакуацыю праз лясы і балоты маці б не перажыла: ёй 74 гады, яна па інфаркце, амаль не ходзіць, праблемы з сэрцам, ціскам, нагамі, сасудамі, цукрам, вачыма — ўсім», — патлумачыла перадгісторыю журналістка.
У выніку яна з дапамогай праваабаронцаў змагла атрымаць для маці літоўскую візу. З гэтым дакументам жанчына адразу паехала ў Польшчу да дачкі і падалася на міжнародную ахову. Аднак улады заяўку адхілілі. І цяпер патрабуюць, каб заяўніца з’яхала ў краіну, што выдавала візу — то-бок у Літву.
«Ані на ўзрост, ані на хваробы, ані на мой рак, ані на адсутнасць хоць каго ў Літве, ані на тое, што мая маці ўжо 35 гадоў удава, і мы — яе адзіная сям’я, і гатовыя яе ўтрымліваць, — не паглядзелі. Ctrl c — ctrl v — адмова пад капірку.
Мы нанялі адваката, падалі апеляцыю. Вынік — зноў адмоўны. Мы зноў апелявалі і звярнуліся ў апошнюю інстанцыю — ў суд. Я маўчу, колькі гэта здароўя каштуе (грошай таксама, але грошы — пыл)», — не стрымлівае эмоцый спадарыня Кацярына.
Новы суд прызначаны на 28 кастрычніка. Але сёння маці Ваданосавай прынеслі ліст пра дэпартацыю. Жанчына, не зразумеўгы, што адбываецца, падпісала паперу.
«Можаце зараз уявіць стан мамы.
Увогуле, за апошні год, згубіўшы ўсё сваё папярэдняе жыццё, яе здароўе пагоршылася настолькі, што я яе часам не пазнаю. Гэта выклікае мой вялікі страх.
Вось кароткая і даволі сухая вытрымка нашага існавання цягам году. Я не магу адправіць маці ў Літву. Я баюся за яе здароўе кожны дзень. У яе няма нікога, акрамя нас… Стома, роспач, горыч, жах», — пазначае журналістка.
