• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маці Кацярыны Ваданосавай застанецца ў Польшчы да суда, які адбудзецца 28 кастрычніка

    30 верасня маці журналісткі Кацярыны Ваданосавай атрымала апавяшчэнне, што яе 6 кастрычніка самалётам дэпартуюць у Літву. Дзякуючы намаганням прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл і польскай грамадскасці, улады ваяводства перагледзілі гэтае рашэнне. 

    Кацярына Ваданосава з маці

    Кацярына Ваданосава з маці. Фота: з асабістага архіва

    На сваёй старонцы ў Face­book беларуская журналістка Кацярына Ваданосава паведаміла, што маці зможа чакаць суда, прызначанага на 28 кастрычніка, у Польшчы.

    «Я хачу выказаць агромністую падзяку перадусім нашай цудоўнай адвакатцы Ганне Маціеўскай, а таксама Паўлу Латушку і ўсёй яго камандзе. Гэта тыя людзі, якія з самага пачатку, ужо год, занураныя ў нашую праблему, якія дапамагаюць, прыкладаюць неймаверныя высілкі і змагаюцца за тое, каб мая маці засталася з намі ў Польшчы.

    Таксама я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто не застаўся абыякавым, хто дапамагаў нам, пачынаючы з 30 верасня, з моманту, калі нам уручылі ліст аб дэпартацыі, і я дала розгалас справе. Я ніколі не думала, што падобная хваля дапамогі ўвогуле магчымая.

    Не ведаю, чым мы гэта заслужылі, але я не забудуся, я — вашая пакорлівая служка.

    Прычым дапамога прыходзіла не толькі ад сяброў, але і ад людзей, якія маглі проста спакойна прайсці міма. Я ніколі не забудуся, як кіраўнічка Тыкоцінскага аматарскага тэатру, дзе я служу, пані Ewa Wroczyńs­ka , хадзіла на прыём да ваяводы, а адзін з маіх калегаў-акцёраў, пан Тадэвуш, з якім у нас было ўсяго дзьве рэпетыцыі, тэлефанаваў сенатарам і маршалкам і распавядаў пра маю справу.

    Я ўдзячная Маршалку Сейму пану Шымону Галаўні, я ўдзячная Віцэмаршалку Сенату пану Мацею Жыўна, я ўдзячная офісу Святланы Ціханоўскай, я ўдзячная ўсім медыя, якія пісалі пра нашую бяду.

    Я ўдзячная за ўсе вашыя парады, за неабыякавасць, за дапамогу, за рэпосты, за малітвы, за добрыя словы і падтрымку. Я вельмі цаню, і хацела б абняць кожнага і кожную.

    Змагаемся далей. Наступная і вырашальная бітва — суд 28 кастрычніка. На ім нельга быць сведкамі ці выступаць па справе, але ён будзе адкрыты, а значыць, на яго можна патрапіць.

    А зараз мы з мамай мусім трохі падлячыцца. Апошнія дні дорага даліся што мне, што ёй. Трэба выдыхнуць», — распавяла спадарыня Кацярына.

    Нагадаем, пасля таго, як у Беларусі да маці Кацярыны Ваданосавай прыйшло КДБ, журналістка забрала яе да сябе ў Польшчу. Жанчына падалася тут на міжнародную ахову. Але так, як яна ўязджала ў Еўрасаюз па візе, выдадзенай Літвой, Польшча адмаўляе жанчыне ў прадастаўленні аховы і патрабуе, каб тая вярнулася ў Літву. Зараз беларуска звярнулася ў апошнюю інстанцыю — ў суд. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці