Маці журналісткі Вольгі Класкоўскай эвакуявалі з Беларусі
Маці журналісткі, былой палітзняволенай, Вольгі Класкоўскай з’ехала з Беларусі. Пра гэта Вольга паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

Людміла Класкоўская. Фота: тэлеграм-канал Вольгі Класкоўскай
«Нарэшце. Атрымалася вырваць з лап сілавікоў маму. Мы разам і ў бяспецы», — напісала Вольга Класкоўская.
Паводле журналісткі, з 2020 года «жыццё матулі ператварылася ў сапраўднае пекла:
цяжка ўявіць, што ёй давялося перажыць за гэты час. Мой арышт, ператрусы, допыты, суды, пастаянны страх за мяне. У дадатак да ўсяго ў студзені матулю затрымаў КДБ — у рамках «справы е‑дастаўкі».
І зноў допыты, ператрусы, ціск…»
У студзені 2024 года Людмілу Класкоўскую затрымаў КДБ — у рамках так званай «справы е‑дастаўкі». Яе абвінавацілі ў атрыманні дапамогі «ад экстрэмісцкіх арганізацый»: у кватэры прайшоў ператрус. Пасля допыту 67-гадовую жанчыну выпусцілі, але сказалі чакаць позву ў суд.
Людміла Класкоўская — вядомая ў мінулым журналістка, якая працавала ў тым ліку ў дзяржаўнай прэсе (інфармагенцтва БелТА). Дачка Вольга нарадзілася ў шлюбе з былым галоўным рэдактарам газеты «Знамя юности», палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім, удакладняе «Позірк».
Нагадаем, Вольгу Класкоўскую ў снежні 2021 года асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а ў студзені 2022 года — за каментар на адрас брэсцкага міліцыянта. Шляхам падсумоўвання тэрмінаў ёй прызначылі 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцэр і памяшканне камернага тыпу. Яна выйшла на волю напрыканцы 2022 года і з’ехала з Беларусі.
Журналістка Вольга Класкоўская: «Я заўсёды верыла, што мяне чакаюць. І таму не маю права зламацца»
