Давядзецца пажыць без «Свабоды»? Як магчымая ліквідацыя рэдакцыі зменіць беларускі медыяландшафт
Дональд Трамп сваім указам спыніў дзеянне гранта, якім фінансавалася дзейнасць «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода». Лёс медыя падвіс на валаску. БАЖ папрасіў экспертаў ацаніць наступствы верагоднай ліквідацыі аднаго з ключавых гульцоў беларускай інфармацыйнай прасторы для айчыннага медыярынку. Кожны з прамоўцаў мае асабістую гісторыю стасункаў з радыёстанцыяй.

Беларуская рэдакцыя «Радыё Свабода». Фота: svaboda.org
Паўлюк Быкоўскі: «Радыё Свабода»выконвае функцыі «вартавога пса»
Старшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі памятае «Радыё Свабода» з дзяцінства.
— Я пазнаёміўся з радыёстанцыяй яшчэ ў дзяцінстве, калі ў вёсцы дзед шукаў на «варожых галасах» з‑за мяжы праўду. Памятаю, як здзіўляўся, чаму ў горадзе было так кепска чуваць тое, што ў вёсцы даступна ў амаль выдатнай якасці. Але тое, што гэта было нечым забароненым, мы ў сям’і нават не абмяркоўвалі, бо існавала правіла вясковай ветлівасці: падрабязна пра ўсё распытаць суседа, а самому нічога па магчымасці не расказваць. Што адбываецца ў доме, тое на вуліцы не абмяркоўваецца.
Калі быў на тэрміновай службе ў войску, то застаў там ГКЧП. Памятаю, як у варце адзін са старэйшых афіцэраў лавіў «галасы», каб зразумець, хто перамагае — путчысты ці Ельцын.
Пасля вяртання са службы я раней пазнаёміўся з супрацоўнікамі «Радыё Свабода», чым з яе кантэнтам — супрацоўнікі хадзілі на прэс-мерапрыемствы і вулічныя акцыі, там мы бачыліся.
У 1997 годзе я быў на стажыроўцы на «Свабодзе» ў Празе, але працай там не цікавіўся, у беларускім друку мне на той момант было працаваць цікавей.
А вось слухаць на пачатку 90‑х «Свабоду» мне было спачатку складана, бо ўсе ганяліся за FM-прыймачамі, а мне, на той момант самастойнаму маладому чалавеку, не было магчымасці дастаць з гарышча кароткахвалевы прыймач, які б прыхоўваўся ў сям’і. Але, канечне, у нейкі момант прыдбаў. Калі я перастаў быць празмерна маладым журналістам, мяне ў нейкі момант пачалі запрашаць на каментары ў студыю «Свабоды» ў Мінску.

Паўлюк Быкоўскі. Фота: БАЖ
Як старэйшы аналітык Media IQ, я бачу, што верагоднае закрыццё «Радыё Свабода» істотна паўплывае на беларускі медыйны ландшафт. Сектар незалежных медыя ўжо перажывае крызіс пасля спынення амерыканскага фінансавання ў студзені 2025 года.
З нашых даследаванняў відаць, што «Свабода» з’яўляецца адным з ключавых гульцоў у беларускай інфармацыйнай прасторы. Гэтае СМІ, якое выконвае функцыі «вартавога пса» не дэмакратыі (якая ў Беларусі дэмакратыя?), але інтарэсаў грамадства, адказна пыдыходзіць да стварэння кантэнту, яго якасці.
Спадзяюся, што да закрыцця «Свабоды» не дойдзе. Бо калі гэта ўсё ж адбудзецца, то мы адразу адчуем некалькі важных наступстваў.
Па-першае, аслабне разнастайнасць беларускага інфармацыйнага поля. Наша беларуская медыяэкасістэма ў выгнанні ўнікальная сваёй разнастайнасцю — каля 35–40 медыяпраектаў, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Магчымае знікненне «Свабоды» створыць прабел, які не зможа імгненна запоўніць ніводнае іншае медыя.
Па-другое, без працы застануцца дзясяткі кваліфікаваных журналістаў, якія будуць вымушаны шукаць магчымасці ў іншых — часта не беларусацэнтрычных — медыя, або зусім пакінуць прафесію.
Па-трэцяе, знізіцца беларусацэнтрычнасць інфармацыйнай прасторы. У Media IQ мы даследавалі наратывы «Радыё Свабода» і бачым, што гэта медыя з ярка выяўленай беларусацэнтрычнасцю. Яго закрыццё можа прывесці да таго, што частка аўдыторыі пяройдзе да расійскіх ліберальных СМІ, якія не могуць служыць паўнавартаснай заменай беларускім незалежным медыя.
Па-чацвёртае, аслабне супрацьдзеянне прапагандзе. «Радыё Свабода» з’яўляецца важным фактарам у фарміраванні грамадскай думкі, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях.
Па-пятае, звузяцца каналы крызіснай камунікацыі. У перыяды вострых сацыяльных і палітычных крызісаў асаблівую каштоўнасць набываюць рэсурсы, якім грамадзяне давяраюць. «Радыё Свабода» — адзін з іх.
Нарэшце, ускладніцца захаванне беларускай ідэнтычнасці. «Радыё Свабода» актыўна выкарыстоўвае беларускую мову і спрыяе захаванню беларускай культуры. Гэта асабліва важна ва ўмовах палітыкі русіфікацыі, якая праводзіцца афіцыйнымі ўладамі.
Таццяна Ашуркевіч: Без журналістаў не пабудуем новую Беларусь
Палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч выдае песімістычныя прагнозы на бліжэйшыя гады.
— З «Радыё Свабода»мяне звязвае журналіст і аналітык Юрый Дракахруст, які падтрымліваў мяне — і працягвае гэта рабіць — на маім шляху да палітычнай аналітыкі і журналістыкі.
Спадар Дракахруст з’яўляецца для мяне прыкладам, напэўна, з маіх 12 гадоў, калі я пачала цікавіцца палітыкай. Я нават пісала яму ў старэйшых класах школы. «Радыё Свабода» для мяне найперш асацыюецца менавіта з ім.

Таццяна Ашуркевіч. Фота: з асабістага архіва
Таму нядаўнія навіны пра магчымае закрыццё «Свабоды» выклікаюць жах не толькі ў мяне: журналісты не могуць паверыць, што такое магчыма. Нават маё пакаленне журналістаў успрымала «Радыё Свабода» як рэчаіснасць, якая існавала і працягне існаваць. Гэта медыя са сваім брэндам і іміджам, я глыбока паважаю Юрыя Дракахруста і Ганну Соусь – найперш гэтыя імёны прыходзяць у галаву. Пры ўсёй павазе да іншых беларускіх медыяў, такога высокага ўзроўню палітычных дыскусій, як на «Радыё Свабода», я больш не сустракала.
Мне здаецца, што магчымае закрыццё «Радыё Свабода» — больш страта для дэмакратыі, чым для журналістыкі. «Свабода» з’яўлялася такім промнем надзеі, якая паказвала альтэрнатыўны пункт гледжання, адрозны ад прапаганды, з’яўлялася крыніцай праверанай і праўдзівай інфармацыі.
Я ацэньваю рашэнне новай амерыканскай адміністрацыі як стрэл у сваю нагу, у гэтым выпадку ні Трамп, ні Маск не выдзяляюцца дальнабачнасцю. «Радыё Свабода» раней было актыўнай мяккай сілай амерыканскай палітыкі, прасоўваючы прынцыпы дэмакратыі, свабоды, правы чалавека па ўсім свеце.
Верагоднае закрыццё «Радыё Свабода» можа стаць цяжкай стратай для беларускага грамадства: яно і так жыве ва ўмовах прапаганды, якую распаўсюджваюць дзяржаўныя СМІ, ва ўмовах вайны супраць незалежных медыяў, якія прызнаюцца «экстрэмісцкімі».
Не буду многа казаць пра самых журналістаў, якія могуць страціць працу. Беларускі медыясектар і так церпіць з‑за недахопу фінансавання. На жаль, гэта новая нармальнасць: чакаць ад Трампа, які падыходзіць да кіравання краінай як да кіравання буйной бізнэс-кампаніяй, іншых, больш узважаных рашэнняў, не выпадае. І на жаль, да наступных прэзідэнцкіх выбараў у ЗША беларускім незалежным медыям наўрад ці варта чакаць пазітыўных зменаў. Хаця, магчыма, я недаацэньваю Трампа і занадта песімістычная ў сваіх ацэнках…
Я бачу сярод беларускіх журналістаў велізарны ўзровень стрэсу, таму я заклікаю іх патурбавацца пра сваё здароўе і выжыванне, бо без журналістаў ніякую краіну мы не выратуем і ніякую новую Беларусь не пабудуем.
У Еўропе раздаюцца галасы за тое, каб захаваць «Радыё Свабода» ўласнымі сіламі. Я не маю падрабязнасцяў, але мне здаецца, што гэтая ідэя не выглядае надзвычай фантастычнай.
Аляксандр Фрыдман: Выглядае так, што пэўны час мы будзем жыць без «Свабоды»
Палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман узгадвае, што Беларускую службу, і Рускую службу «Радыё Свабода» ведае з дзяцінства.
— Вельмі добра памятаю, бо яны ўсё жыццё суправаджалі мяне. Мяне заўсёды цікавіла, як працуе радыё ў часы халоднай вайны, таму я і гісторыю яе добра ведаю.
Я ўжо разважаў сам сабе: а ці апынуўся б я ў беларускай публічнай прасторы, каб не было «Радыё Свабода»? Бо першы мой эфір якраз і выйшаў на свабодзе ў перадачы Дзмітрыя Гурневіча «Свабода Прэміўм», дзе мы разам з іншымі гісторыкамі разважалі пра ролю гісторыі ў падзеях 2020 года.
Я з задавальннем прыходзіў на іхнія эфіры, пісаў для іх тэксты. Пасля дэбюта на «Радыё Свабода» мяне сталі запрашаць іншыя медыі.
Дарэчы, у мяне асабістая гісторыя не толькі са «Свабодай», але і з «Голасам Амерыкі»: цікава было параўнаць працу еўрапейскіх журналістаў з амерыканскімі. «Настоящее время» — выдатны канал з якасным кантэнтам, і вельмі прыкра чуць пра ягонае закрыццё, таму што на канале нават стварылі беларускую рэдакцыю.

Аляксандр Фрыдман. Фота ўзята з Facebook
Суразмоўца досыць песімістычна глядзіць на бліжэйшую будучыню «Радыё Свабода».
— Кейсы «Голаса Амерыкі» і «Радыё Свабода» розныя. «Голас Амерыкі» выключна амерыканскі праект: калі прымуць рашэнне зачыніць гэты праект, значыць, зачыняць.
Цяпершнія рэакцыі на магчымае закрыццё «Радыё Свабода» больш аптымістычныя. З аднаго боку, чэшскі ўрад абяцае падтрымліваць радыё: не будзе фінансаваць, але будзе падымаць пытанне ў Еўропе. Прагучала таксама заява з боку прэзідэнта Дойчэ Велле Петэра Лімбурга пра неабходнасць падтрымаць «Свабоду». У дадатак да ўсяго ўжо прагучала заява Каі Калас пра тое, што Еўразвяз будзе разглядаць магчымасць падтрымкі радыё.
Гісторыя «Свабоды», нават калі амерыканцы ўсё ж вырашаць яе пазбавіцца, можа працягнуцца.
Канешне, скарачэнняў не пазбегнуць: усё-такі ў Еўропы зараз шмат праектаў. Калі ўважліва паглядзець, то ці не кожная краіна мае замежнае вяшчанне, напрыклад, Deutsche Welle ў Германіі, RFI у Францыі. А «Свабода», як я разумею, нятанны праект. Канешне, можа ўсё атрымацца, але, як выказавала спадарыня Калас, не аўтаматычна.
EFJ заклікае еўрапейскіх донараў дапамагчы незалежным медыям, што засталіся без падтрымкі ЗША
Пакуль выглядае так, што прынамсі пэўны час мы будзем жыць без «Свабоды». Якім стане лёс журналістаў? Пакуль яшчэ нешта робяць, але гэта можа спыніцца ў любы момант. І як тут не ўспомніць, пра каго яшчэ беларуская ўлада здымала прапагандысцкія фільмы: пра TUT.BY і «Свабоду». Вось беларуская ўлада зараз і святкуе, бо разглядае магчымае закрыццё радыё як гістарычны рэванш таму медыя, якому прайгралі ў 1991 годзе.
«Радыё Свабода» — гістарычная радыёстанцыя ў беларускім кантэксце. Яна стала адным з драйвераў беларускага адраджэння. Калі паглядзець на гісторыю радыёстанцыі, асабліва да 1991 года, то яна адыграла важную ролю і ў падтрымцы дысідэнтаў, і ўвогуле ўплыву на грамадска-палітычнае жыццё Беларусі.
Зараз можна пачуць ад некаторых, што і рэйтынгі ў рэсурсу былі невялікія, і прагляды. Але якасная журналістыка вымяраецца не толькі праглядамі.
Закрыццё кожнага беларускага выдання — гэта страта. А калі знікне «Радыё Свабода», то гэта стане перамогай лукашэнкаўскага рэжыму і ўсіх тых, хто марыць атрымаць рэванш за паражэнне ў 1991 годзе. Замежныя галасы моцна паўплывалі на працэсы пераўтварэння ў Савецкім Саюзе.
Мне прыкра ад таго, што гэта адбываецца, мне прыкра ад таго, што гэтая ініцыятыва зыходзіць ад краіны, якая да апошняга часу лічылася флагманам сусветнай дэмакратыі. Уявіць сабе, што «Свабоду» забівае амерыканскі ўрад, — нешта неверагоднае.
