Магілёўскі журналіст па-ранейшаму змагаецца за права доступу на сесіі аблсавета
Карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч 21 верасня накіраваў чарговую скаргу на імя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка.
Журналіст просіць Генпракурора даць указанне пракурору Магілёўскай вобласці прыняць “меры пракурорскага рэагавання” ў дачыненні да старшыні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў А. М. Ісачанкі з мэтай спынення парушэння заканадаўства.
Журналіст змагаецца за права прысутнічаць на сесіях Магілёўскага аблсавета без адмысловых запрашэнняў.
У скарзе на імя Генеральнага пракурора журналіст даводзіць, што ніякія нарматыўныя акты не забараняюць прысутнічаць на адкрытых сесіях Магілёўскага аблсавета прадстаўнікам СМІ, і ні ў адным з іх не гаворыцца пра якія-кольвек запрашэнні. Права доступу журналістаў на сесіі замацавана ў законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, а таксама ў артыкуле 23 Рэгламента Магілёўскага аблсавета, – даводзіць журналіст.
Гэта ўжо не першы зварот Уладзіміра Лапцэвіча ў органы пракуратуры розных узроўняў, аднак пакуль супрацоўнікі не знаходзяць парушэнняў у дзеяннях магілёўскіх чыноўнікаў.
У прыватнасці, начальніца аддзела нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры М. Папова ў сваім адказе спаслалася на тое, што ў абласным Савеце журналісту “растлумачаны механізм рэалізацыі Вашых правоў як прадстаўніка СМІ, а таксама тое, што практыка папярэдняга ўзгаднення колькаснага і персанальнага складу запрошаных накіраваная на забеспячэнне высокага ўзроўню арганізацыі мерапрыемства”.
Ужо больш за год карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе трапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, аднак яму адмаўляюць, спасылаючыся на яго адсутнасць у спісе запрошаных. Раней на працягу некалькіх гадоў журналіст асвятляў найбольш важныя падзеі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця Магілёўскай вобласці, у тым ліку з сесій Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, і не атрымліваў ніякіх нараканняў з боку чыноўнікаў ці дэпутацкага корпусу.