«Матуля мая не зламаецца — яна ў нас нязломная і вельмі-вельмі пазытыўная». Дачка Марыны Золатавай пра прысуд маці
19-гадовая Надзея Кішкурна, дачка галоўнага рэдактара парталу Tut.by Марыны Золатавай, а таксама адзін з сузаснавальнаў парталу Кірыл Валошын і калегі з БАЖ выказалі свае меркаваньні наконт прысуду Золатавай і Чэкінай.
Дачка Марыны Золатавай Надзея Кішкурна пакуль ня ведае, як навіну пра прысуд успрымалі яе бацька і малодшы брат. Сама яна разумее, наколькі гэта несправядлівы прысуд і чаму гэта адбываецца — у чым прычыны і якія падставы такой расправы над парталам, што ачольвала яе маці.
Надзея расказала, што паглядзела напярэдадні прапагандысцкі фільм, які паказалі па БТ.
«Я нават не магу сказаць, што гэта дрэнны і непрафэсійны фільм. У мяне асацыяцыя з апошняй кнігай пра Гары Потэра. Гары Потэр бачыць маленькую часьцінку Волан-дэ-Морта, які распаўся ў пыл, і гэтая маленькая часьцінка забілася пад лаўку… Ты глядзіш на гэта і думаеш: ну што за ўбоства, хто гэта рабіў? Зразумела, што ў і фільме, і ў справе няма доказаў. Дзяўчаты жартуюць пра „лялькаводаў“, а аўтары фільму насамрэч гэта сур’ёзна ўспрымаюць і інтэрпрэтуюць. Мы ў гэтым месцы проста расьсьмяяліся!
Мне ўзгадваецца верш Міхала Анемпадыстава:
„Я бачу па тэлевізары
доказы іхніх злачынстваў:
два белыя пёркі і сьвятло нетутэйшае.
Яно было мацнейшае
за сьвятло студыйных сафітаў.
І дыктары апускалі вочы долу.
Я не паверыў улікам“.
Вось гэты верш добра апісвае фільм БТ: глядзіш і ня верыш ніводнаму слову», — кажа Надзея Кішкурна.
Што да рэакцыі самой Марыны Золатавай на прысуд, яе дачка Надзея перакананая, што маці гэта мужна вытрымае і не зламаецца.
«Мая матуля вельмі моцная, нягледзячы ні на якія жудасныя лічбы прысуду і абсурдныя абвінавачваньні, якія ліюцца з тэлеэкрану. Матуля мая не зламаецца — яна ў нас нязломная і вельмі-вельмі пазытыўная. Атрымліваецца заўсёды, што ня ты яе падтрымліваеш у лістах, а яна цябе.
Хтосьці за надуманую справу Tut.by, магчыма, атрымае зорачку на пагоны. Як яны з гэтым будуць жыць?» — задаецца пытаньнем 19-гадовая Надзея Кішкурна.
«Гэта акт помсты, выкананы ў абсалютна цынічнай і неправавой форме»
Адзін з заснавальнікаў парталу Tut.by Кірыл Валошын лічыць, што гэты вырак кіраўнікам парталу — прысуд усёй судова-прававой сыстэме краіны.
«Па-першае, гэта ня проста прысуд, а гэта ганьба. Па-другое, гэта абсалютна дэманстратыўная дзея, адзіная мэта якой — застрашваньне, запалохваньне і тых журналістаў, якія застаюцца ў краіне, і тых, хто вымушаны быў зьехаць — усіх, хто яшчэ асьвятляе (наколькі гэта магчыма) падзеі ў Беларусі.
Гэта акт помсты, выкананы ў абсалютна цынічнай і цалкам неправавой форме. Прычым усё зроблена было ў закрытым рэжыме, схавана ад грамадзтва, без магчымасьці абароне апэляваць, а журналістам асьвятляць гэты працэс», — выказаў сваё меркаваньне сузаснавальнік парталу Tut.by Кірыл Валошын.
«Улады традыцыйна вырашылі разьбіваць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасьць»
Справа супраць Tut.by і прысуд калегам — жорсткая помста за праўду, якую Tut.by даносіў да мільёнаў людзей. Рэжым Лукашэнкі пакараў Марыну і Людмілу вялізнымі тэрмінамі, бо дыктатары больш за ўсё на сьвеце баяцца праўды, кажа намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
«Журналісты не арганізоўвалі пратэсты, не кіравалі імі, гэта разумее кожны. Але вострая і праўдзівая інфармацыя, зь якой працавалі журналісты ў 2020–2021 гадах, проста не магла не закрануць беларускае грамадзтва.
Але ўлады традыцыйна вырашылі разьбіваць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасьць, якая ў ім карэктна і прафэсійна адлюстраваная», — перакананы Барыс Гарэцкі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызваленьня Марыны Золатавай, Людмілы Чэкінай і ўсіх 36 прадстаўнікоў мэдыя, якія на сёньняшні дзень знаходзяцца за кратамі.
«Нашы словы салідарнасьці сёньня з Марынай, Людмілай і ўсімі іншымі калегамі, якія былі затрыманыя і правялі доўгія месяцы ў турме па сфабрыкаваных справах. Словы захапленьня вашай працай па самых высокіх прафэсійных стандартах і працай многіх з вас — у цяперашнім праекце «Зеркало», — кажа намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Чытайце яшчэ:
На блогера Ольгу Паук завели «уголовку» за участие в программе «Белсата»
«Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча
Медыяэкспертку Валерыю Касцюгову пакаралі 10 гадамі калоніі за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу»