Мазырскага блогера Union Bell асудзілі да 4 гадоў калоніі — «Наша Ніва»
Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу.

Максім Шуканаў. Скрыншот: UnionBell/Youtube
Максім Шуканаў атрымаў 4 гады калоніі, яго бацька таксама за кратамі. Асудзілі і яго нявесту, а цяпер яе раскручваюць паводле новага артыкулу.
36‑гадовы мазырскі блогер Максім Шуканаў меў больш за 6000 падпісчыкаў у ютубе на канале Union Bell. Хлопец аналізаваў палітычныя працэсы, расказваў праўду пра вайну Расіі і Украіны. Часам гэтыя ролікі набіралі дзясяткі тысяч праглядаў.
Нават пасля таго, як рэпрэсіі ўзмацніліся, Максім не выязджаў з краіны. Разам са сваёй нявестай Палінай Зыль — яна таксама блогерка — хлопец перайшоў на падпольнае становішча.
Пара пазбягала кантактаў з беларускай дзяржавай, аднак у лютым 2025 года ўрэшце давялося звярнуцца да медыкаў — бо ў Максіма абвастрыліся праблемы са здароўем на фоне арышту бацькі, работніка Мазырскага НПЗ Ігара Шуканава.
Калі чалавек, які ў вышуку, звяртаецца з пашпартам па медыцынскую дапамогу, міліцыя атрымлівае пра гэта сігнал. Хутчэй за ўсё, так адбылося і ў выпадку блогера. Сітуацыя была ўдвая драматычная, бо пацягнула за сабой і арышт Паліны Зыль, і іншыя наступствы.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», нядаўна Максіма Шуканава асудзілі па цэлым пакеце палітычных артыкулаў, агульнае пакаранне — 4 гады калоніі.
Ягоны бацька таксама атрымаў тэрмін у калоніі. Паліне Зыль прысудзілі год калоніі за ўдзел у пратэстах, аднак цяпер яна зноў у СІЗА паводле іншага абвінавачання.
@bajmedia